Пазнаёміліся дзякуючы адпрацоўцы
Гісторыя сям’і Скуратовічаў пачалася ў 2010 годзе. Таццяна яшчэ вучылася ў школе ў сваёй роднай вёсцы Любань Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці. Аляксандр прыехаў туды на адпрацоўку маладым спецыялістам у лясніцтва.
Пазнаёміліся, пасябравалі. Потым Таццяна паехала паступаць у Мінск, і адносіны перараслі ў нешта большае. Спачатку — сустрэчы на адлегласці, потым Аляксандр перавёўся ў Мінск, каб быць побач. Таццяна скончыла архітэктурна-будаўнічы каледж, разам здымалі пакой. А 26 снежня 2015 года ціха распісаліся — без пышнага вяселля, проста каб атрымаць магчымасць жыць разам у інтэрнаце.
Жылі ў пакоі, потым у сямейным інтэрнаце на Матусевіча, які ўжо нагадваў аднапакаёўку. І менавіта там нарадзіліся іх першыя дзеці.
«Мужу прыснілася, што ў яго будзе дачка Сафія»
1 чэрвеня 2020 года ў Таццяны і Аляксандра нарадзіліся дзве дачкі — Сафія і Насця. Да таго ж, гэта быў дзень нараджэння цёткі нашай гераіні Алены. Так што свята атрымалася ўдвая больш, а цяпер — утрая.
— Цётка жартуе, што дзяўчынкі забралі ў яе дзень нараджэння, — усміхаецца Таццяна.
Дарэчы, імёны старэйшым дзецям выбіралі не адразу. Мужу яшчэ да сустрэчы з Таццянай снілася, што ў яго будзе дачка Сафія — так што тут, як кажуць, без варыянтаў. А другую дачку назвалі Насцяй.
— Яна была такая маленькая, проста Насценька, — расказвае мама. — А потым высветлілася, што ў мужа бабуля была Анастасія Аляксандраўна. Я пра гэта нават не ведала, так што Насця — цёзка сваёй прабабулі.
Другая цяжарнасць з «сюрпрызам»
Праз некаторы час, калі жыццё ўвайшло ў каляіну, Таццяна вырашыла навесці парадак у хатняй аптэчцы. Сярод лекаў знайшоўся тэст на цяжарнасць, у якога заканчваўся тэрмін прыдатнасці. Каб не выкідваць, вырашыла зрабіць. І аказалася — дзве палоскі.
— Я думала, што ён сапсаваўся, — прызнаецца жанчына. — Пабегла ў аптэку, накупляла тэстаў — усе яны паказалі дзве палоскі. Страх, перажыванні: як я спраўлюся, дзе мы ўсе памесцімся?..
Муж быў у шоку. Таццяна адправіла яму фота тэстаў. Аляксандр спачатку вырашыў, што яна пераслала чужое.
А потым узяў сябе ў рукі і сказаў: «Справімся, вырасцім. Мы ж хацелі вялікую сям’ю...»
На першым УГД быў адзін эмбрыён. Праз тыдзень — двое!
— Ну не бывае такога, у мяне ўжо двое, як тут можа быць яшчэ двое? — смяецца Таццяна.
Аказалася — яшчэ дзве дзяўчынкі.
Пяць штампаў у пашпарце
Малодшых блізнят спачатку хацелі назваць Евай і Эміліяй.
— Мне падабалася, як гучыць: Ева і Эмілія, — успамінае Таццяна.
Але калі муж ужо запісаў дзяцей у ЗАГСе, жанчына раптам зразумела, што хоча інакш. Яна патэлефанавала ў ЗАГС і папрасіла замяніць Еву на Эвеліну.
— Не ведаю, чаму. Проста адчула, што гэта правільна. Пасля гэтага ў пашпартах з’явілася па пяць штампаў, адзін з якіх — закрэслены, — смяецца мама.
Так у сям’і з’явіліся Эвеліна і Эмілія.
— Калі малодшыя між сабой сварацца, то гучыць так: «Эвеліна! Эмілія! А звычайна мы іх завём ласкава Эвелюша, Эмілька. Але чатыры сястрычкі жывуць дружна, — сцвярджае Таццяна. — Яны розныя па характары. Пастаянна спрачаюцца, потым мірацца, але адна без адной ужо не могуць.
Цяпер усе чатыры дзяўчынкі ходзяць у адзін дзіцячы садок, аднак у розныя групы. Раніцай Скуратовічы дзеляцца: тата вядзе старэйшых, мама — малодшых. Таццяна працуе інжынерам-праекціроўшчыкам у «Белпрампраекце», муж — індывідуальны прадпрымальнік. Падчас цяжарнасці малодшымі блізнятамі сям’я шмат часу правяла ў вёсцы, дзе ім дапамагалі бабулі і дзядулі. Прабабуля Таццяна Іванаўна, якой 73 гады, таксама актыўна ўдзельнічае ў выхаванні.
«На двойню даюць харчаванне і... дзве кватэры»
Дзяржаўная падтрымка для шматдзетнай сям’і — не пусты гук. Таццяна расказвае:
— На двойню да двух гадоў даюць харчаванне. Спачатку — сумесі, потым пюрэ, сокі, малако, малочныя кашы, тваражкі. Гэта вельмі істотная дапамога, асабліва калі двое маленькіх дзяцей. Мы не адчувалі, што засталіся адны са сваімі праблемамі.
Але самая вялікая дапамога — жыллё. Скуратовічы стаялі ў чарзе на паляпшэнне жылых умоў. Ім прапанавалі на выбар аднапакаёўку, дзвюхпакаёўку і... дзве дзвюхпакаёўкі ў адным тамбуры.
— Дзве дзвюхпакаёвыя кватэры — гэта ж чатыры пакоі. Ну як ад такога адмовіцца? — усміхаецца Таццяна. — Мы спачатку баяліся, што не пацягнем фінансава, але рызыкнулі. І ні разу не пашкадавалі.
Цяпер у адной кватэры — гульнявая прастора для дзяцей: арэлі, гамакі, гарышча з цацкамі, у другой — спальні.
— Месца хапае ўсім. І нам з мужам нарэшце ёсць куток, дзе можна пабыць адным, — кажа гаспадыня.
Чым жывуць і чым займаюцца
Старэйшыя дзяўчынкі наведваюць тэатральны гурток — нядаўна ў іх быў спектакль.
— Так прыгожа, так артыстычна, — дзеліцца мама. — Мы з мужам прысутнічалі і вельмі ганарыліся нашымі дачушкамі.
Дарэчы, усе чацвёра разам займаюцца гімнастыкай — два разы на тыдзень. У нядзелю ў дзяўчынак першае выступленне
А яшчэ яны любяць ездзіць да бабулі ў вёску. Там — вялікі двор, арэлі, пясочніца, рака побач.
І родныя, якія заўсёды рады прыезду.
— У асноўным праводзім вольны час з дзецьмі, — працягвае Таццяна. — Але яны растуць, становяцца больш самастойнымі. І ўжо ёсць час удзяліць увагу і сабе: штосьці паглядзець, прыгатаваць у цішыні.
Жанчына падчас дэкрэту нават пачала вязаць і плесці кашпо — хоць ніколі раней гэтым не займалася:
— Цэлы дзень адно і тое ж — і нічога не відаць. А тут — вынік. Рукі занятыя, а галава адпачывае.
«Не бойцеся двойні!»
Што Таццяна пажадала б іншым сем’ям?
— Нараджайце двойню! — заяўляе яна без жартаў. — Гэта супер. Цяжка першы год — не буду хітрыць. Але далей усё атрымліваецца. Яны гуляюць разам, ім заўсёды ёсць з кім быць+. Не бойцеся, вырашайцеся. Я ні разу не пашкадавала, што ў мяне іх чацвёра.
А дзецям на Дзень абароны дзяцей яна жадае аднаго:
— Быць шчаслівымі і любімымі. Расці ў дружных сем’ях, дзе іх чуюць, дзе іх падтрымліваюць і дзе іх не баяцца.
1 чэрвеня сям’ю Скуратовічаў запрасілі на свята ў парк Горкага — як падарунак ад грамадскага аб’яднання шматдзетных сем’яў. Дзень абароны дзяцей для іх — не проста чырвоны дзень календара. Гэта дзень нараджэння іх старэйшых дачок. А значыць, галоўнае сямейнае свята.
Надзея ЗУЕВА
Фота з сямейнага архіва Скуратовічаў