Top.Mail.Ru

У свеце вырошчваецца каля 90 мільёнаў тон насення рапсу, адзін з іх прыпадае на Беларусь

Па даных Мінсельгаспрода, сёлета ў нашай краіне толькі пад азімы рапс выдзелена плошча ў больш чым 450 тысяч гектараў і яшчэ каля 40 тысяч гектараў — пад яравы. У нас гэта культура ўжо абагнала трэцікале і жыта і заняла другую пазіцыю пасля пшаніцы. Зразумела, што такая ўвага да яе невыпадковая.


40 гадоў селекцыі

Загадчыца аддзела алейных культур Навукова-практычнага цэнтра НАН па земляробстве Ядвіга ПІЛЮК згадвае, што задача па забеспячэнні насельніцтва танным алеем, а жывёлагадоўлі — кармавым бялком была пастаўлена яшчэ ў Савецкім Саюзе. З 1986 года беларускія вучоныя пачалі займацца селекцыяй рапсу і сталі вырошчваць яго на насенне.

Раней жа рапс высаджваўся выключна на зялёны корм, не было ні айчынных, ні раяніраваных сартоў. У гаспадарках з недаверам ставіліся да новай культуры, мала хто нават з навукоўцаў у профільным інстытуце верыў, што у нас можа «прыжыцца» азімы рапс. Справа ў тым, што не была распрацавана тэхналогія, азімы рапс у той час рос толькі ў Еўропе, ва Украіне і на поўдні Расіі. Тэхналогіі з іншых краін не падыходзілі пад нашы кліматычныя ўмовы. Да таго ж аказалася, што культура гэта не такая ўжо і простая. Штогод важна падбіраць пад яе тэрміны высявання, адхіленне нават у тыдзень можа сказацца на будучым ўраджаі.


— Калі мы займаліся селекцыяй і тэхналогіяй вырошчвання гэтай культуры, то заўважылі, што ў 60 % няўдач з вымярзаннем азімага рапсу гэта здаралася па прычыне перарастання, — успамінае Ядвіга Пілюк і заўважае, што сёлета 85 % плошчаў, занятых новым «беларускім золатам», пасеяны ў аптымальныя тэрміны, астатнія 15 % — у дапушчальныя. 

Аграрыі спадзяюцца на добры ўраджай — упершыню азімы рапс перазімаваў на 98,6 %.

За чатыры дзесяцігоддзі вучоныя стварылі і ўвялі ў вытворчасць 30 сартоў і гібрыд азімага рапсу, 27 сартоў і 3 гібрыда яравога. 

Прычым ствараюцца культуры розных груп спеласці, нават сёння гэта можна бачыць па палях: адны яшчэ радуюць жоўтымі кветкамі, а на другіх рапс ужо адквітнеў. Гэта дазваляе ствараць канвеер па ўборцы. Напрыклад, «Віцень» — сярэднеранні, «Медэй» — сярэднепозні.

Беларускія сарты могуць добра расці на няўдобіцах. Напрыклад, той жа «Віцень» у 2024 годзе даў ураджайнасць у 32 цэнтнеры з гектара на ўзвышшы, дзе іншым культурам нават замацавацца было цяжка, бо іх змывалі дажджы. Рапс абараняе землі ад эрозіі, з’яўляецца добрым папярэднікам для іншых культур, працуе на іх будучую ўраджайнасць, можа даваць да тоны гумусу на гектар.

Яшчэ ў 2000 годзе ўраджайнасць рапсу складала ўсяго 6,6 цэнтнера з гектара, а валавы збор зерня быў 78 тысяч тон. У 2022–2025 гадах валавы збор ужо 913,6 тысячы тон, а сярэдняя ўраджайнасць па краіне вырасла да 22,5 цэнтнера з гектара.


Як згадвае Ядвіга Пілюк, сур’ёзныя зрухі з вырошчваннем гэтай культуры пачаліся пасля 2007 года дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы і асаблівай увазе да рапсу Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Да гэтага часу вучоныя ўжо мелі добрыя ўласныя сарты, а ў гаспадарках заўважылі, што «залатыя» палі прыносяць добры прыбытак.

У мінулым годзе рапс ужо займаў рэкордныя плошчы, валавы збор пераваліў за мільён тон. 

У планах — выйсці да 2030 года на валавы збор рапсу у 1,2 мільёна тон. 

Прычым дасягаць такога паказчыка плануецца выключна за кошт тэхналогій і селекцыі, а не павелічэння пасяўных плошчаў.

Сорт ці гібрыд?

Сёння, калі ў гаспадарках запатрабаваныя гібрыды, вучоныя ўзмацнілі работу ў гэтым кірунку.

— У нас у конкурсным адборы 146 эксперыментальных гібрыдаў азімага рапсу і 68 яравога, ёсць намер штогод аддаваць па 4-5 на дзяржвыпрабоўванне, — дзеліцца планамі Ядвіга Пілюк.

Вучоныя абменьваюцца напрацоўкамі з калегамі з Усерасійскага інстытута алейых культур. Шчыльна супрацоўнічаюць з Інстытутам генетыкі і цыталогіі НАН Беларусі, дзякуючы чаму атрымана 9 патэнтаў (два з іх — у Расіі), раяніравана 2 сарты яравога і 2 сарты азімага рапсу. Даследаванні вядуцца і ў лабараторыі біяхіміі і біятэхналогій НПЦ па земляробстве. Селекцыянеры працуюць з культурамі ін вітра. Дзякуючы шматгадовым напрацоўкам і сучасным тэхналогіям удалося значна скараціць селекцыйны працэс. А раней, каб вывесці сорт, патрабавалася 12–15 гадоў.

Дарэчы, селекцыя — складаная і карпатлівая праца: апыленне, ізаляцыя, пасеў і відавая праполка, калі выбракоўваюцца «непадыходзячыя» расліны, робяцца ўручную. 

У Навукова-практычным цэнтры НАН па земляробстве селекцыя вядзецца на 20 гектарах, пры тым што селекцыянераў у аддзеле алейных культур — усяго 11 чалавек.



Селекцыя рапсу можа быць больш складанай, чым селекцыя іншых культур, бо яна моцна завязана на многіх паказчыках. І гэта не толькі ўраджайнасць. Расліны ацэньваюцца па якасці (важна не проста атрымаць з насення алей, але і прасачыць састаў кіслот). Сучасныя сарты дазваляюць атрымліваць алей, які па якасці і карысці не саступае аліўкаваму. Напрыклад, «Раднік» (адзін з новых сартоў НПЦ) па ўтрыманні алеінавай кіслаты дасягае 77 % пры суадносінах лінолевай кіслаты да ліналінавай 1,1:1.

Вучоныя працягваюць удасканальваць тэхналогіі. Правяраюць, як розныя сарты рэагуюць на пэўныя нормы ўгнаенняў, абарону і тэрміны пасеву, як гэта адбіваецца на ўраджайнасці і алейнасці.

Асаблівасць беларускіх сартоў рапсу — устойлівасць. Ужо на ранніх этапах адбіраюцца тыя расліны, якія могуць супрацьстаяць хваробам і шкоднікам. Многія фактары ўзаемазвязаны. Так, падчас селекцыі на ўстойлівасць да асыпання паралельна можна вызначыць, якія расліны цяжэй пракусіць сысучым шкоднікам.
Вялікі кірунак работы — устойлівасць да біятычных фактараў асяроддзя.

— Тут трэба гаварыць не столькі пра змены клімату, сколькі пра змены гідратэрмічных умоў, — тлумачыць Ядвіга Пілюк. — Напрыклад, пры высокіх тэмпературах, большых за 25 градусаў, спыняецца рост раслін. Павялічваецца колькасць перыядаў з працяглай адсутнасцю вільгаці — нам трэба ствараць матэрыял з павышанай засухаўстойлівасцю.

Ёсць дзясяткі методык, як адабраць самых трывалых. Напрыклад, па знешнім выглядзе (каранёвай сістэме, плошчы семядольных лістоў) маленькіх раслін ужо можна бачыць, якія з іх маюць найлепшы патэнцыял. Вучоныя нават вывучаюць памеры і колькасць вусцяў на паверхні ліста. Адсочваецца радаслоўная сартоў. Вядуцца назіранні ў палявых умовах. Робяцца тысячы ацэнак.

На пытанне аб тым, што усё ж такі лепш вырошчваць — сарты ці гібрыды, Ядвіга Пілюк усміхаецца:

— Няма сорту ці гібрыду, устойлівага да безгаспадарчасці. Я езджу па гаспадарках: у адным і тым жа рэгіёне можна на палях убачыць рэзкую розніцу. І адразу разумееш, дзе культуру даглядаюць, даюць угнаенне, абарону — там рапс шыкоўны, зусім іншы, чым там, дзе пасеюць і проста чакаюць уборкі.

Гэта высокамаржынальная культура, але каб атрымаць аддачу, у яе трэба ўкладвацца. Калі гаспадарка не атрымлівае вышэй за 25 цэнтнераў з гектара, навошта ім гібрыд? Насенне гібрыдаў у разы даражэй, чым сартоў. Небагатым гаспадаркам лепш гэту вялікую розніцу ў кошце насення пусціць на ўгнаенне і сродкі аховы, раіць спецыяліст. І тады любы сорт парадуе добрым ураджаем.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю