Top.Mail.Ru

У Савеце Рэспублікі абмеркавалі падрыхтоўку і правядзенне XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі

У пятніцу ў Савеце Рэспублікі адбылося сумеснае пасяджэнне беларускага і расійскага аргкамітэтаў па падрыхтоўцы і правядзенні XІІІ Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі, які будзе праходзіць 25 і 26 чэрвеня ў беларускай сталіцы і Мінскай вобласці. Падчас пасяджэння бакі абмеркавалі асноўную праграму і напаўняльнасць форуму.


За гады правядзення форум набыў статус традыцыйнай дыялогавай пляцоўкі прадстаўнікоў органаў улады, бізнес-супольнасцяў Расіі і Беларусі. Арганізатарамі форуму выступаюць Савет Рэспублікі і Савет Федэрацыі. Яго тэмай стане «Эканамічнае ўзаемадзеянне рэгіёнаў — аснова ўстойлівага развіцця Беларусі і Расіі».
Перад пачаткам пасяджэння адбылася сустрэча Старшыні Савета Рэспублікі Наталлі Качанавай з намеснікам Старшыні Савета Федэрацыі Юрыем Вараб’ёвым. 

У фармаце тэт-а-тэт бакі абмеркавалі падрыхтоўку і ключавыя пытанні правядзення форуму. Затым пад кіраўніцтвам намесніка Старшыні Савета Рэспублікі Ігара Брылевіча і намесніка Старшыні Савета Федэрацыі Юрыя Вараб’ёва адбылося сумеснае пасяджэнне арганізацыйных камітэтаў дзвюх краін.

У размове з журналістамі Ігар Брылевіч адзначыў, што цікавасць да форуму з боку расійскіх партнёраў з кожным годам узрастае. Пастаянна вядзецца работа над фарміраваннем новага пакета дзелавых кантрактаў. «І асабіста ў мяне няма ніякіх сумневаў, што сума заключаных пагадненняў перавысіць вынік леташняга форуму, які, нагадаю, склаў 900 мільёнаў беларускіх рублёў», — заявіў Ігар Брылевіч.

Намеснік Старшыні Савета Рэспублікі канстатаваў, што кола ўдзельнікаў разам з традыцыйнымі флагманамі беларускай прамысловасці дапоўніцца прадпрыемствамі з рэгіёнаў. Віцэ-спікер анансаваў работу тэматычнай выстаўкі-кірмашу на пляцоўцы Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра, у якой возьмуць удзел рэгіёны Расіі, а таксама прадстаўнікі беларускага бізнесу і прадпрыемстваў. 27 чэрвеня выстаўка-кірмаш адкрые свае дзверы для ўсіх ахвотных яе наведаць.

Ігар Брылевіч выказаў упэўненасць, што форум рэгіёнаў надасць дадатковы імпульсразвіццю двухбаковых адносін паміж Беларуссю і Расіяй. «Традыцыйна на форуме падпісваецца вялікая колькасць міжрэгіянальных пагадненняў. І сёлета мы таксама чакаем, што практычна кожны рэгіён нашай краіны падпіша пагадненне з рэгіёнамі Расійскай Федэрацыі, што ў сваю чаргу будзе пакладзена ў аснову гуманітарнага і эканамічнага супрацоўніцтва», — рэзюмаваў віцэ-спікер.

Намеснік Старшыні Савета Федэрацыі Юрый Вараб’ёў запэўніў, што бакі прыкладуць усе намаганні, каб форум стаў выніковым: «Мы хочам, каб форум рэгіёнаў быў карысным для нашых народаў. Гэта вельмі важна, таму што супрацоўніцтва паміж рэгіёнамі адыгрывае ключавую ролю ў жыцці нашых краін. Форум стварыў умовы, пры якіх сёння рэгіёны ўжо самастойна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой».

Юрый Вараб’ёў выказаў удзячнасць Прэзідэнту Беларусі за ўвагу да расійскіх рэгіёнаў. «Практычна кожны губернатар, які прыязджае ў Беларусь для таго, каб устанавіць эканамічныя адносіны, заўсёды прымаецца Прэзідэнтам. Гэта вельмі важна», — падкрэсліў віцэ-спікер Савета Федэрацыі.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю