Для ААТ «Маяк Высокае», адной з перадавых і высокаэфектыўных гаспадарак не толькі Аршанскага раёна, але і Віцебскай вобласці, пачатак чэрвеня — мабыць, самая важная пара года. Спецыялізацыя сельгаспрадпрыемства — вырошчванне буйной рагатай жывёлы і рэалізацыя малака. І менавіта цяпер тут у самым разгары нарыхтоўка травяных кармоў для сенажу. Ад работы ў гэтыя дні залежыць, ці будзе забяспечана жывёла асноўным вітамінным і бялковым рацыёнам на ўвесь год. Забягаючы наперад, адзначым, што гаспадарка ўжо шмат гадоў не мае патрэбы ў закупцы травяністых кармоў, бо нарыхтоўвае дастатковую колькасць уласных.

Касі, каса, пакуль раса
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы ў ААТ «Маяк Высокае» вялікае — 9 тысяч, з іх 935 — дойнага статка. З трох укосаў для жывёлы плануецца атрымаць сёлета не менш за 40 тысяч тон сенажу, у тым ліку з першага — 27 тысяч тон. Акрамя таго, будзе нарыхтавана 840 тон сена — яно пойдзе на корм для цялят і сухастойных кароў. Падчас першага ўкосу ўбраць плануецца каля 3 тысяч гектараў, трэць з іх ужо скошана.
.jpg)
Адметна, што ў паўночным рэгіёне краіны да ўборкі травяных кармоў прыступаюць на некалькі тыдняў пазней, чым у паўднёвых.
— Дзякуючы дажджам, якіх гэтай вясной хапала, травы падышлі, таму ўбіраць мы сёлета пачалі нават на тыдзень раней, чым звычайна, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Маяк Высокае» Аляксандр ГАРАНЬКОЎ.

На полі побач з вёскай Седрычына працуюць трактары МТЗ 3522 з прычапнымі касілкамі КПР-9. Кожны скошвае каля 50 гектараў за дзень.
На адным з іх працуе Мікалай Сласценка — сапраўдны прафесіянал і ўніверсал. Падчас пасяўной ён заняты на падрыхтоўцы глебы і з плугамі, падчас жніва на камбайне заўсёды сярод першых «тысячнікаў», у лідарах і на касавіцы. У сельскай гаспадарцы Мікалай Сямёнавіч працуе з 1985 года — больш за 40 гадоў. Была спроба змяніць сферу дзейнасці, аднак цягнула да работы на зямлі і ў родную вёску. У гэтым і сакрэт поспеху.

— Работа павінна прыносіць задавальненне, тады і вынік будзе добры, — упэўнены суразмоўца. За дзень ён скошвае ў сярэднім 50 гектараў, аднак здараецца, што і больш за 80 — пакуль надвор’е спрыяе, важна гэтым карыстацца. І аграрыі нярэдка заканчваюць працоўную змену пасля заходу сонца.
Услед за касілкамі па полі праязджае трактар з граблямі — ён фарміруе валкі, якія пасля падсыхання травы збярэ кормаўборачны камбайн. Кіруе такім трактарам Юрый Пачатоўскі. У гаспадарцы ён адзін са старажылаў — першы запіс у яго працоўнай кніжцы зроблены яшчэ ў 1978 годзе. Падчас жніва Юрый Аркадзьевіч шмат гадоў працаваў на камбайне і нязменна быў сярод перадавікоў, пераможцам раённых і нават абласных спаборніцтваў. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак усё роўна дапамагае роднай гаспадарцы — на ўнясенні мінеральных угнаенняў, перавозцы сянажнай масы. Апошнія сем гадоў у яго распараджэнні трактар МТЗ 1523. Юрый Пачатоўскі сам рыхтуе зімой яго да вяснова-летняга сезона — і тэхніка не падводзіць.

Высушыць і захаваць
На іншым полі ААТ «Маяк Высокае» тым часам прыступілі да падбору валкоў сянажнай масы. Яе здрабняюць і транспарціруюць. У складзе корманарыхтоўчага атрада машыніст Мікалай Зарытоўскі, які кіруе кормаўборачным камбайнам КВК-800, і трактарыст Мікалай Нікіценкаў. Ён за рулём МТЗ 3522 з двума прычэпамі — 17-тонным і 12-тонным. За змену камбайн падбірае каля 400-500 тон сянажнай масы.
31-гадовы Мікалай Зарытоўскі нарадзіўся ў Горацкім раёне, але ў якасці месца для жыцця разам з жонкай абралі яе малую радзіму — Аршаншчыну, пасёлак Арэхаўск.

У гаспадарцы мужчына працуе чатыры гады. Нягледзячы на тое што працоўны дзень пачынаецца ў 8 раніцы, Мікалай на рабоце ў пачатку сёмай — да падрыхтоўкі машыны да змены ён падыходзіць вельмі пільна. Прычым яго цікавасць да тэхнікі не абмяжоўваецца работай на камбайне — Мікалай завочна вучыцца ў Горацкай сельгасакадэміі на факультэце механізацыі сельскай гаспадаркі.
Усяго, як расказвае галоўны эканаміст ААТ «Маяк Высокае» Наталля ТРЫПУЦЕНЬ, на падборы задзейнічана два кормаўборачныя камбайны КВК-800 і 9 адзінак тэхнікі па транспарціроўцы — трактары МТЗ і аўтамабілі МАЗ.
Сянажную масу ў гэтыя дні адвозяць да малочна-таварнай фермы Брухава, дзе яна трамбуецца ў сянажныя ямы. На нарыхтоўку кожнай з іх адводзіцца не больш за тры дні. Сакрэт якаснага корму — добрая трамбоўка. Тут за гэта адказвае трактарыст Аляксандр Жалязняк. Амкадор 352С пад яго кіраваннем згортвае сянажную масу з дапамогай каўша, і далей цяжкая тэхніка ўтрамбоўвае яе. Робіцца гэта для выцяснення кіслароду — менавіта ў анаэробных умовах кансервуецца корм.
Аляксандр Жалязняк працуе ў ААТ «Маяк Высокае» ўсяго паўгода, а прыцягнула сельгасгаспадарка прывабнымі ўмовамі працы і дастойнай аплатай. Дарэчы, падчас касавіцы зарплата трактарыстаў складае ад 5 тысяч рублёў. І стаўленне да работнікаў таксама немалаважнае: напрыклад, штодзень на работу іх дастаўляюць як з Оршы, так і з іншых населеных пунктаў на транспарце гаспадаркі.


Усяго ў гаспадарцы тры пункты нарыхтоўкі травяністых кармоў.
— Акрамя невялікай малочнатаварнай фермы Брухава, гэта малочнатаварная ферма «Журавінка» — сучасны комплекс, уведзены ў эксплуатацыю ў канцы 2024 года, дзе ўтрымліваецца амаль тысяча галоў. Таксама жывёлагадоўчы комплекс з маладняком на адкорм, дзе ўтрымліваецца каля васьмі тысяч галоў. Там у нас будзе асноўная нарыхтоўка кармоў, — дзеліцца Аляксандр Гаранькоў.
На корманарыхтоўцы ў гэтыя дні ў гаспадарцы задзейнічана каля трох дзясяткаў чалавек — працалюбівых, руплівых, якія любяць свой край і клапоцяцца аб яго дабрабыце. А значыць на стале ў кожнага з нас будзе хлеб, мяса і малако — у тым ліку дзякуючы таму, што аграрыі штодзень дасягаюць годных вынікаў.
Алена КРАВЕЦ
Фота Валерыя КАРТУЛЯ