Міншчына выступае пляцоўкай для гэтай вялікай міждзяржаўнай падзеі, дае магчымасць прадэманстраваць на ўсю Саюзную дзяржаву наш эканамічны патэнцыял, гасціннасць і культурную самабытнасць.
«У Мінскай вобласці ва ўзаемадзеянні з Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, Саветам Федэрацыі Федэральнага Сходу Расійскай Федэрацыі, горадам Мінскам створаны ўсе неабходныя ўмовы для таго, каб годна сустрэць удзельнікаў і гасцей гэтага маштабнага мерапрыемства. Вызначаны па кірунку 10 секцый, 9 з якіх будуць праходзіць якраз у цэнтральным рэгіёне. Мы плануем задзейнічаць нашы флагманскія прадпрыемствы, арганізацыі, установы, такія як БелАЗ, БЕЛДЖЫ, Кітайска-Беларускі індустрыяльны парк „Вялікі камень“, Рэспубліканскі клінічны медыцынскі цэнтр, агракамбінат „Дзяржынскі“. Па лініі маладзёжных структур пасяджэнне адбудзецца ў сярэдняй школе № 2 вёскі Копішча Мінскага раёна. Камітэт па стандартызацыі і якасці Саюзнай дзяржавы правядзе сваё пасяджэнне ў Маладзечне. Пры гэтым мы фіксуем вельмі высокі попыт з боку нашых расійскіх калег — на кантакты, сустрэчы, развіццё нашых узаемаадносін. Толькі па лініі Мінскага абласнога выканкама плануем правесці перагаворы з кіраўніцтвам Маскоўскай, Арлоўскай, Калінінградскай, Омскай абласцей, Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі. І гэты спіс пастаянна папаўняецца», — сказаў кіраўнік цэнтральнага рэгіёна.
Аляксей Кушнарэнка адзначыў высокую цікавасць да форуму з боку бізнес-супольнасці. «Так, 20 прадпрыемстваў Мінскай вобласці ўжо плануюць падпісаць кантракты з расійскімі партнёрамі на суму 34 мільёны беларускіх рублёў. І мы разумеем, што гэта лічба будзе толькі расці. У рамках форуму мы таксама плануем паказаць свой турыстычны патэнцыял, прычым як з наведваннем канкрэтных аб’ектаў, так і з перавыданнем нашай кнігі „Міншчына гасцінная“, дзе, уласна кажучы, пазначаныя знакавыя месцы, якімі ганарыцца наш край».
Для аказання садзейнічання ў арганізацыі мерапрыемстваў будзе задзейнічана больш за сотню валанцёраў. Акрамя таго на ўсіх аб’ектах прадугледжана работа прэс-цэнтраў. Распрацавана канцэпцыя афармлення і інфармацыйнага суправаджэння форуму — па маршруце руху дэлегацый будуць размешчаны вітальныя білборды і расцяжкі, аформлены ўваходныя групы. На будынку Мінскага аблвыканкама ў начны час сутак 25 і 26 чэрвеня плануецца трансліраваць праекцыю з лагатыпам Форуму рэгіёнаў.
Яна ВАЛАСАЧ