Традыцыйна ў першай палове чэрвеня гасцінны Маладзечна становіцца цэнтрам культурнага жыцця краіны. Сёлета горад прымае ХХV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026», які ўжо на працягу чвэрці стагоддзя захоўвае і развівае нацыянальныя музычныя і паэтычныя традыцыі. Учора позна ўвечары адбылося ўрачыстае адкрыццё свята прыгожага слова і музыкі, а сёння яго яркім завяршэннем стане ўзнагароджанне пераможцаў Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні.
Самі ж фестывальныя мерапрыемствы пачаліся яшчэ ў аўторак. Ужо некалькі гадоў арганізатары мерапрыемства з-за высокай зацікаўленасці насельніцтва практыкуюць перадфестывальныя дні. Сёлета першыя акорды свята прагучалі ўжо 9 чэрвеня на Цэнтральнай плошчы Маладзечна, дзе прайшоў канцэрт аркестра беларускіх народных інструментаў «Звон струн і душы» Маладзечанскага музычнага каледжа імя М. Агінскага. У выкананні калектыву прагучалі творы розных стыляў і жанраў.
Падтрымаў атмасферу вытанчанасці і сэнсоўнай глыбіні абласны фестываль духавой музыкі «Майскі вальс», у якім прынялі ўдзел лепшыя духавыя аркестры вобласці і горада Мінска, а гэта ўсяго каля 400 удзельнікаў. Доўгачаканай падзеяй перадфестывальных дзён стаў канцэрт Заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь сімфанічнага аркестра Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. Агінскага «Ад Агінскага да нашых дзён», прымеркаваны да 260-годдзя з Дня нараджэння вядомага кампазітара.
11 чэрвеня ў Палацы культуры прайшоў фінал ХІІ Адкрытага конкурсу юных выканаўцаў эстраднай песні «Маладзічок-2026». Сёлета за Гран-пры і спецыяльны прыз імя Алега Елісеенкава змагаліся 17 юных артыстаў. У склад журы ўвайшлі: народная артыстка Беларусі Ядзвіга Паплаўская, мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра імя М. Фінберга Максім Расоха, старшыня Саюза кампазітараў Алена Атрашкевіч, мастацкі кіраўнік Нацыянальнага цэнтра музычнага мастацтва імя У. Мулявіна Святлана Стацэнка і іншыя.
Уладальнікам Гран-пры конкурсу і спецыяльнага прыза імя А. Елісеенкава стаў Раман Галубцоў з Магілёва, добра вядомы гледачам, якія сачылі за цікавымі паваротамі першага сезона конкурсу «Фактар. BY. Дзеці».
Праграма фестывалю насычана і паэтычнымі імпрэзамі, удзельнікамі якіх сталі члены Саюза пісьменнікаў Беларусі. Адной з цэнтральных падзей свята стаў Міжнародны паэтычны конкурс «Паэтычны мост: Беларусь — Свет», у якім удзельнікі з Беларусі і замежжа прачыталі вершы на беларускай мове, вершы беларускіх паэтаў у перакладзе.
Сапраўдным сінтэзам літаратуры і музыкі стала серыя камерных вечароў «Літаратурная гасцёўня: паэзія ў дыялогу з музыкай», дзе паэты чытаюць свае творы, а музыканты ствараюць лірычнае суправаджэнне на народных інструментах. Для аматараў творчасці Уладзіміра Мулявіна ў выставачнай зале Палаца культуры працуе выстаўка «Буду пець, бо мне дар гэты доляй пасланы...», прысвечаная 85-годдзю з Дня нараджэння вядомага беларускага музыканта. У экспазіцыі дэманструюцца фотаздымкі вядомага фотажурналіста, лаўрэата прэміі Саюза журналістаў Беларусі Юрыя Іванова, які быў асабіста знаёмы з заснавальнікам і духоўным лідэрам легендарнага вакальна-інструментальнага ансамбля «Песняры». Фатограф часта суправаджаў музыканта і яго калектыў у шматлікіх творчых паездках. Акрамя гэтага, наведвальнікі могуць убачыць асабістыя рэчы кампазітара з музея Уладзіміра Мулявіна Беларускай дзяржаўнай філармоніі і з архіва сям’і.
Лізавета КРУПЯНЬКОВА