Top.Mail.Ru

Чым быў адметны XXV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі «Маладзечна-2026»

Калі песня збірае сяброў

Як адзначыў у сваім прывітанні, адрасаваным удзельнікам і гасцям свята, Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, фестываль беларускай песні і паэзіі за гады свайго існавання стаў знакавай падзеяй у жыцці краіны.

Міністр культуры Марат Маркаў у размове ў журналістамі перад цырымоніяй адкрыцця падкрэсліў, што для беларускай культуры, беларускай паэзіі, беларускай музыкі гэты фестываль стаў асноўным форумам. І менавіта такім ён і задумваўся: як мерапрыемства, якое павінна дапамагаць развіваць беларускую культуру — паэзію і музыку. Як і меркавалася, фестываль стаў пляцоўкай, на якой маладыя выканаўцы без фанаграмы выконваюць беларускія песні.

Нацыянальны конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, безумоўна, стаў самай напружанай і багатай на інтрыгу часткай фестывалю. У апошнім туры маладыя творцы выступілі на сцэне ў суправаджэнні заслужанага калектыву Беларусі Нацыянальнага акадэмічнага канцэртнага аркестра Беларусі імя М. Фінберга.

Сёлета ўладальнікам Гран-пры Нацыянальнага конкурсу маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні стаў прадстаўнік Мінскай вобласці, студэнт Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Даніла Ус. Музыкант адзначыў, што да перамогі яны разам з настаўнікамі ішлі два гады. У мінулым годзе Даніла не прайшоў адборачны этап, які праводзіцца ў рэгіёнах, але сёлета — доўгачаканая перамога!


— Кожны крок быў прадуманы мной і маім педагогам Аленай Крывіцкай. Такі конкурс — гэта заўсёды тандэм вакальнай і педагагічнай работы. Калі мэтанакіравана да чагосьці ісці, тады заўсёды штосьці атрымліваецца. Безумоўна, я імкнуўся да гэтай перамогі, але да канца не быў упэўнены. Аднак склалася, як склалася. Сваім выступленнем я задаволены, — падзяліўся пераможца.

Прызавыя месцы размеркаваліся наступным чынам: першае месца заняў выканаўца з Мінскай вобласці Аляксей Буйда; другое падзялілі Ілья Кубракоў (Магілёўская вобласць) і Ігар Мураўкін (Мінская вобласць); трэцяе месца — Крысціна Жура (Гомельская вобласць) і Юлія Сумкіна (г. Мінск).

  • Юбілейная праграма свята парадавала гледачоў насычанасцю і разнастайнасцю: паэтычныя імпрэзы, літаратурныя сустрэчы, канцэрты творчых калектываў з Беларусі і Расіі, інтэрактыўныя пляцоўкі раёнаў Мінскай і іншых абласцей краіны, мастацкія выстаўкі, майстар-класы па дэкратыўна-прыкладным мастацтве, паэтычна-музычныя конкурсы і яшчэ шмат цікавостак.

Традыцыйна ў межах фестывалю падводзяць вынікі і Рэспубліканскага паэтычнага конкурсу «Радком вярнуся па вясне» імя лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Беларусі, заслужанага дзеяча культуры, лаўрэата Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва Мікалая Мятліцкага сярод маладых паэтаў.

Старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусі, старшыня журы конкурсу Міхаіл ПАЗНЯКОЎ падкрэсліў, што конкурс паэзіі важны для маладых аўтараў, як і конкурс маладых выканаўцаў беларускай эстраднай песні, які штогод праходзіць на сцэне Палаца культуры г. Маладзечна.

— Саюз пісьменнікаў праводзіць конкурс імя Мятліцкага для паэтаў, якія пішуць на беларускай мове. 

У свой час Мікола Мятліцкі сам актыўна працаваў з моладдзю. Конкурс праводзім ужо ў чацвёрты раз і кожны год адкрываем 5-6 новых таленавітых імёнаў. Сёлета ў нас 6 лаўрэатаў, сярод якіх ужо ёсць і члены Саюза пісьменнікаў Беларусі, і кандыдаты ў члены нашага аб’яднання. Вельмі радуе, што колькасць удзельнікаў штогод толькі расце.

Пераможцамі конкурсу сёлета сталі маладыя паэты: Паліна Дваранская (Гродзенская вобласць), Мілена Юрчык (г. Мінск), Марыя Шкляр (г. Мінск), Ксенія Краўчэнка (г. Ваўкавыск), Васіль Лайкоў (г. Барысаў), Кірыл Цімашэвіч (г. Брэст). «Вельмі прыемна, што геаграфія нашага конкурсу ахоплівае ўсю краіну, а не абмяжоўваецца толькі сталіцай», — заўважыў Міхаіл Пазнякоў.

Лізавета КРУПЯНЬКОВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю