Top.Mail.Ru

У чэрвені ўспамінаем выпрабаванні Мікалая Яроменкі

Жыццё добрых артыстаў працягваецца, нават калі іх ужо няма ў гэтым свеце: праз яркія ролі, кінастужкі і зробленыя справы. Таму можна сказаць, што Мікалай Яроменка сёння, у дзень свайго 100-годдзя, застаецца сярод нас — і не толькі дзякуючы памятным выстаўкам і імпрэзам. Народны артыст Беларусі і СССР, чыё імя стала сімвалам эпохі для нацыянальнага тэатральнага і кінематаграфічнага мастацтва, быў прыкладам чалавечай стойкасці і грамадзянскай неабыякавасці.


Ён быў з пакалення тых, чыё юнацтва знявечыла вайна. Але ў дачыненні да Мікалая Яроменкі варта сказаць: ён быў з пакалення франтавікоў. У 1941 хлопцу толькі споўнілася 15 гадоў. Ён з бацькамі жыў тады ў Сібіры — гэта далёка ад Беларусі, дзе былі карані яго сям’і. Але юнак быў рашучы і настойлівы: праз фальшывую даведку прыпісаў сабе тры гады, каб пайсці на фронт. Служыў камандзірам кавалерыйскага ўзвода, напачатку 1942 года ўдзельнічаў у цяжкіх баях пад Вязьмай, падчас адной з атак быў цяжка паранены, страціў прытомнасць і трапіў у фашысцкі палон. А гэта азначала, што далей — канцэнтрацыйныя лагеры. Атрымалася, што амаль на тры гады. Праўда, хлопец імкнуўся выбрацца з няволі, некалькі раз збягаў. Можна толькі ўявіць, што яму даводзілася вынесці пасля кожнай няўдачнай спробы. Пасля вызвалення і праверкі ўжо савецкімі службамі яго вайсковае званне было адноўлена. За праяўлены гераізм у гады вайны ён быў ушанаваны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. Цяжкі досвед загаліў нервы, але і выхаваў характар, які потым дазваляў ствараць на экране і сцэне маштабныя, моцныя і мужныя вобразы.

...І гэта было ўжо ў Беларусі! У 1945 годзе Мікалай Яроменка вярнуўся на радзіму бацькоў, на Віцебшчыну. Адкрываў і спасцігаў яе, вучыўся разумець і ўслаўляць — спачатку як культасветработнік раённага Дома культуры ў Бешанковічах. Але гэта работа стала для яго лёсавызначальнай: заўважылі і запрасілі ў Віцебскі тэатр, спачатку павучыцца ў драматычнай студыі, а пасля... Пару гадоў — і ён ужо іграў на сцэне аднаго з двух адметных беларускіх тэатраў. У Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры, які носіць імя Якуба Коласа. Крыху больш за дзесяць гадоў на гэтай сцэне, а далей Мікалая Яроменку-старэйшага чакалі падмосткі легендарнай Купалаўскай сцэны. У Мінск ён пераехаў разам з сям’ёй — ужо быў бацькам сына Мікалая, якога неўзабаве стануць называць Яроменка-малодшы.

Больш за 30 гадоў Мікалай Яроменка аддаў купалаўскай сцэне, папрацаваў нават на пасадзе дырэктара тэатра. Але шырокая вядомасць прыйшла дзякуючы ролям у кіно — за жыццё іх было больш за 50. Адкрылі артыста публіцы менавіта беларускія рэжысёры, у прыватнасці, яго ахвотна здымаў легендарны рэжысёр Уладзімір Корш-Саблін. Але найбольш яркія ролі атрымаліся ў стужках Ігара Дабралюбава, Барыса Сцяпанава, Віталя Чацверыкова. Удалае супрацоўніцтва з вядомымі савецкімі майстрамі кіно Сяргеем Герасімавым (драма «Людзі і звяры»), Уладзімірам Краснапольскім і Валерыем Усковым (тэлефільм «Вечны покліч») прынесла Мікалаю Яроменку-старэйшаму ўсесаюзную славу. Але для беларускага гледача былі каштоўныя яго работы ў стужках на ваенную тэматыку: гэта тое, што яму балела, што адчувалася нават праз экран. А яго персанажы вызначаліся высакароднасцю, унутранай сілай.

Такі ж і Аляксандр Мікалаевіч, герой стужкі «Сын за бацьку». Гэта адзіны фільм, які зняў Яроменка-малодшы, а супрацоўніцтва з бацькам у гэтай карціне для яго было вельмі важнае: ён увасобіў прынцыповага чалавека, бо сам шмат у чым быў бескампрамісны.

Мікалай Мікалаевіч быў чалавекам з актыўнай грамадскай пазіцыяй, быў камуністам і ад сваіх поглядаў не адмовіўся, нягледзячы на тое, што жыццё навокал мянялася. Але ў часы перамен ён быў запатрабаваны. Яшчэ ў савецкія часы быў кіраўніком Беларускага саюза тэатральных дзеячаў, а ў 90-я ўзначаліў Беларускую канфедэрацыю творчых саюзаў. У студзені 1997 года Мікалай Мікалаевіч Яроменка стаў членам Савета Рэспублікі першага склікання. Напрыканцы жыцця ўзначальваў Савет Прэзідэнцкага фонду матэрыяльнай дапамогі маладым талентам.

Жыццёвы шлях артыста абарваўся ў чэрвені 2000 года. Ён пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках побач са сваім сынам — абодва прадстаўлялі Беларусь у кіно. Ролі знакавых артыстаў застаюцца эталонам прафесіі, а юбілей — выдатная нагода перагледзець улюбёныя фільмы, у якіх адлюстравана частка нашай гісторыі і часцінка беларускай душы.

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю