Унёсак у справу ўмацавання міру
Як адзначыў на адкрыцці выстаўкі дзяржаўны сакратар Савета Бяспекі Беларусі Аляксандр ВАЛЬФОВІЧ, правядзенне гэтага форуму абумоўлена не столькі рэвалюцыйным навукова-тэхнічным прагрэсам, колькі з’яўленнем новых рызык, выклікаў і пагроз у сферы забеспячэння бяспекі, якія ўплываюць на ўстойлівае развіццё розных дзяржаў:
— Сёння мы, на жаль, з’яўляемся сведкамі таго, як міжнародная абстаноўка абвастрылася да мяжы. Выбудаваная дзесяцігоддзямі архітэктура глабальнай і рэгіянальнай бяспекі, па сутнасці, развалілася. Эфектыўнае процідзеянне ўсім гэтым небяспекам бачыцца перш за ўсё ў паступальным удасканаленні сістэмы бяспекі, у канструктыўным пастаянным дыялогу міжнароднага рэгіянальнага і міжведамаснага ўзроўню, ва ўзаемадзеянні і супрацоўніцтве. Таму правядзенне такіх форумаў з’яўляецца чарговым унёскам у справу ўмацавання міру і бяспекі, справу, за якую выступала, выступае і будзе выступаць Беларусь.

Аляксандр Вальфовіч паведаміў, што ў выстаўцы прымаюць удзел больш за 120 кампаній:
— У асноўным, вядома, гэта кампаніі айчыннага ваенна-прамысловага комплексу і нашых вытворчых прадпрыемстваў. Тым не менш тут прадстаўлены кампаніі з Расіі і Кітая. Акрамя таго, прыехалі дэлегацыі з В’етнама, Казахстана, Узбекістана і іншых краін. На выставачных пляцоўках дэманструюцца найноўшыя дасягненні і тэхналогіі ў сферы забеспячэння бяспекі па розных кірунках. Гэта і тэхнічныя сродкі аховы дзяржаўнай мяжы, і сродкі прадухілення і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, і новыя ўзоры, распрацаваныя для медыцыны катастроф.

Генеральны сакратар АДКБ Таалатбек МАСАДЫКАЎ таксама заявіў, што ва ўмовах нарастання выклікаў і пагроз міжнароднай і рэгіянальнай бяспекі выстаўка асабліва актуальная і своечасовая:
— Мы бачым, як калектыўны Захад, каб дагадзіць сваім нацыянальным інтарэсам, маніпулюе міжнародным правам, падрываючы асновы стратэгічнай стабільнасці ў свеце. Дэмантаж ключавых дамоўленасцяў у гэтай сферы, перафарматаванне існуючай сістэмы кантролю над узбраеннямі прывялі да нарошчвання выклікаў і рызык бяспекі, у тым ліку дзяржавам — членам Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Яна і надалей будзе стаяць на прынцыпах забеспячэння бяспекі, унутрыпалітычнай стабільнасці і ўмацавання супрацоўніцтва паміж брацкімі народамі дзяржаў — удзельніц АДКБ. А гэта выстаўка дасць дадатковую матывацыю ўдасканальваць навукова-тэхнічны, тэхналагічнагы і вытворчы патэнцыял.

Пазнавальна і цікава
Пляцоўка Міжнароднага выставачнага цэнтра «БелЭкспа» на тры дні ператварылася ў сапраўдны цэнтр інавацый. Акрамя ўнікальнай экспазіцыі, тут праходзяць круглыя сталы, навукова-практычныя канферэнцыі, семінары, на якія запрасілі вядучых экспертаў з розных краін. Свае найноўшыя распрацоўкі тут прадставілі Дзяржкамваенпрам і 13 вядучых арганізацый, якія ўваходзяць у яго структуру. У прыватнасці, дэманструецца вялікая лінейка сродкаў радыёэлектроннай барацьбы. Асобнай увагі заслугоўваюць дасягненні ў галіне беспілотнай авіяцыі і супрацьпаветранай абароны. А на адкрытай пляцоўцы разгарнулася экспазіцыя ўдарных беспілотных авіякомплексаў.


Да таго ж для наведвальнікаў выстаўкі падрыхтавана асаблівая зона, дзе кожны можа прымерыць на сябе ролю ратавальніка, медыка, міліцыянера ці нават байца спецназа.
Лізавета ГОЛАД, фота аўтара