Top.Mail.Ru
0

Педыятр Таццяна Савіч: «Дзеці — самыя шчырыя і ўдзячныя пацыенты»


Медыцына — гэта не проста рамяство, а прызванне. Тут не абысціся без шчырай эмпатыі, цярпення і гатоўнасці да самааддачы, асабліва, калі ты — дзіцячы ўрач. Аб выбары прафесіі і прызванні размаўляем з пераможцам конкурсу «Урач года», урачом-педыятрам 1-га педыятрычнага аддзялення 4-й гарадской дзіцячай клінічнай паліклінікі г. Мінска Таццянай САВІЧ.

І ўрач, і псіхолаг

Яна вырасла ў сям’і медыкаў: маці і дзве старэйшыя сястры — медыцынскія сёстры. Таму пытанне выбару прафесіі вырашылася хутка — пасля школы дзяўчына паступіла ў Пінскі дзяржаўны медыцынскі каледж.

— Мая мама заўсёды казала, што гэта высакародная прафесія. Найперш з-за адносін з людзьмі, якім ты дапамагаеш. Яна заўсёды захаплялася медыцынай, таму я з дзяцінства ведала, якую прафесію выберу, — гаворыць урач.

Пасля заканчэння каледжа Таццяна вырашыла працягнуць навучанне. Прайшла падрыхтоўчае аддзяленне на базе Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта і паспяхова паступіла ў гэту ВНУ на педыятрычны факультэт. А пасля размеркавання паехала на радзіму — у Столінскую цэнтральную раённую бальніцу. Але папрацавала там няшмат, бо сышла ў адпачынак па доглядзе за дзіцем — на той час у Таццяны з мужам нарадзілася другая дачка.

Пасля дэкрэтнага адпачынку маладога ўрача (на той час сям’я ўжо жыла ў Мінску) запрасілі працаваць у новую 4-ю гарадскую дзіцячую паліклініку, якая ў чэрвені 2016 года адкрылася ў сталічным мікрараёне Каменная Горка.


— Я не адразу пачала працаваць участковым педыятрам, — напэўна, баялася адказнасці, — усміхаецца Таццяна. — Таму спачатку была ўрачом прышчэпачнага кабінета. Аднак праз некаторы час наш галоўны ўрач Святлана Антонаўна Давідовіч пераканала мяне пайсці працаваць на ўчастак, за што я ёй вельмі ўдзячная, бо ўсё ж такі яна правільна мяне накіравала.

Участковым педыятрам Таццяна Савіч працуе з 2018 года. Спачатку яе ўчастак быў вялікі, на ім было замацавана каля 1200 дзяцей. Цяпер стаў крыху меншым — каля 800 малых. Педыятр як вядзе амбулаторны прыём, так і наведвае дзяцей з вострай паталогіяй, з высокай тэмпературай дома. Назірае таксама нованароджаных пасля выпіскі з радзільнага дома ў першыя тыдні жыцця, ацэньвае іх стан, фізічнае развіццё, дае рэкамендацыі па доглядзе, па грудным кармленні. Апроч таго, праводзіць дыспансерызацыю дзяцей — складае планы, кантралюе, каб яны былі выкананы. Вядзе работу па вакцынапрафілактыцы: складае графік, запрашае на вакцыны.


— Дзеці — самыя шчырыя і ўдзячныя пацыенты. Аднак кожнае дзіця — асоба са сваім характарам, настроем, таму трэба вучыцца разумець кожнага з іх, падладжвацца. Ды і не толькі пад іх — тут важная і работа з бацькамі. Хочацца, вядома, каб кожнае дзіця атрымала ўвагу, падтрымку, здароўе, бо ўсмешкі здаровых людзей — гэта самае галоўнае, — упэўнена доктар.

Найбольш складанае ў рабоце — тое, што маленькае дзіця не заўсёды можа сказаць, што баліць, таму трэба быць сапраўдным прафесіяналам, каб зразумець ці адчуць, што не так. Няпростая і работа з бацькамі.

— Педыятр павінен быць у нейкім сэнсе псіхолагам, каб супакоіць бацькоў, падтрымаць іх у цяжкую хвіліну, знайсці агульную мову. Цяпер матулі добра дасведчаныя, шмат чытаюць, і часта яны прыходзяць ужо са сваім запытам. І тут не толькі трэба вылечыць маленькага пацыента — дарослыя шукаюць пэўную падтрымку ў асобе педыятра, бо давяраюць яму самае галоўнае — сваё дзіця, — дзеліцца суразмоўніца. — Таму важна знайсці кантакт з бацькамі, каб мы маглі дамовіцца і прыйсці да аднаго.

На сувязі — у любы час

Таццяна ведае ўсіх дзяцей на ўчастку, і прызнаецца, што шкада з імі расставацца, калі яны сыходзяць у дарослае жыццё.

— Часта сустракаю сваіх былых пацыентаў на вуліцы ці ў гандлёвым цэнтры. Яны сумуюць па дзіцячай паліклініцы, бо ў дарослых медустановах усё больш строга. А самае прыемнае, калі яны кажуць «дзякуй», — гэта тое, што грэе душу.

Даводзіцца педыятру прымаць і «падарункі» — дзеці часта дораць любімаму доктару свае малюнкі.

— У паліклініцы маленькія пацыенты заўсёды бягуць абдымацца, малюначкі дораць — гэта вельмі кранальна. Памятаю, ідзём з малодшай дачкой па вуліцы ў выхадны — і ўсе са мной вітаюцца. Дачка жартуе: «Мама, у цябе столькі «прыхільнікаў», — усміхаецца Таццяна.

— Першае, за што я люблю сваю работу, гэта стасункі з маімі маленькімі пацыентамі. Ад іх атрымліваеш такія эмоцыі, такі пазітыў, што ўвесь час зараджаешся энергіяй. Таму я ніколі не шкадавала, што выбрала педыятрыю, — прызнаецца ўрач

Немалаважную ролю ў рабоце адыгрывае і калектыў — як 1-га педыятрычнага аддзялення, так і ўсёй паліклінікі.

— Калектыў у нас добры, кожны дапаможа, падкажа, сарыентуе. Калі пацыенты не змаглі ўзяць талон, усё роўна атрымаюць дапамогу. 

Я працую ў тандэме з участковай медсястрой Анастасіяй Бурнэль — мы разам з першага дня, як я прыйшла на ўчастак, — і з паўслова разумеем адна адну, гэта таксама дарагога варта.


Работа ўрача, асабліва дзіцячага, патрабуе вялікай самааддачы. Таццяна на сувязі 24/7 і даступная для пацыентаў нават у выхадныя.

— У любы час бацькі могуць мне патэлефанаваць ці напісаць, скінуць фатаграфію. Мне тэлефанавалі ў 5 раніцы, у дзіцяці быў прыступ — я бегла на выклік, пакуль ехала «хуткая», бо недалёка жыла. Здаралася, што бацькі забіралі мяне з лецішча — дзіцяці было дрэнна. У выхадны дзень, калі ёсць неабходнасць, я прыйду, пагляджу. Калі камусьці патрэбная мая дапамога і я ў стане дапамагчы, з радасцю гэта раблю, — кажа ўрач.

Старэйшая дачка Таццяны Ксенія таксама абрала прафесію медыка — дзяўчына вучыцца на другім курсе медыцынскага каледжа, а значыць, сямейная дынастыя працягваецца.



Алена КРАВЕЦ

Фота Лізаветы ГОЛАД

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю