Урач-хірург хірургічнага аддзялення № 2 Мінскай абласной клінічнай бальніцы, пераможца абласнога этапу конкурсу «Найлепшы малады спецыяліст» у намінацыі «Хірургічны профіль» Эдвард ВЫСОЦКІ выбраў прафесію сэрцам. Медыцына для яго — не проста работа, а лад жыцця. У аперацыйны блок у якасці асістэнта ўрач трапіў яшчэ школьнікам — менавіта тады яму палюбілася хірургія, і наш суразмоўнік вырашыў займацца ёю сур’ёзна.
Фанат сваёй справы
Эдвард Францавіч родам з Бараўлян, вырас у сям’і медыкаў і іншай прафесіі для сябе ўявіць не мог. І зусім не таму, што бацькі не далі іншага выбару — проста так склалася. Калі пра захворванні, пацыентаў і складаныя выпадкі дома ідуць размовы кожны дзень, табе гэта альбо цікава, альбо не.
— Пасля 10 і 11 класаў я стаў падпрацоўваць малодшым медыцынскім работнікам у хірургічных блоках сталічных бальніц, — расказвае ён. — І наогул хірургія неяк прыйшла да мяне ад бацькі. Тата ажаніўся даволі позна, а да гэтага гаварыў усім, што жанаты на хірургіі. Вось такі сапраўдны фанат сваёй справы. І наогул, бацькі для мяне — пра маральную падтрымку. Я ўсяго дасягаю сам. Як і мае брат і сястра, якія таксама выбралі прафесію ўрача.

Малады чалавек скончыў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, а ў Мінскую АКБ трапіў па размеркаванні. І вельмі шчаслівы, што менавіта сюды.
— Уражанняў ад вядзення сваіх першых пацыентаў не ўспомню, таму што падчас вучобы ва ўніверсітэце ў нас была такая практыка даволі часта. Але я добра памятаю сваю першую асістэнцыю, — з усмешкай гаворыць суразмоўнік. — Гэта былі школьныя гады. Мне ўрэзалася ў памяць, што хірургія не выклікала ў мяне ніякай агіды або страху, наадварот, хацелася больш паглыбляцца. Мне яшчэ вельмі падабаецца гэты кірунак у медыцыне, бо мы можам часта ўбачыць вынік тут і цяпер. Напрыклад, пацыент звяртаецца з болем у жываце, а ў яго, аказваецца, апендыцыт. Мы яго аперыруем — і практычна адразу чалавеку становіцца лягчэй. Паступова ён становіцца больш актыўным, пачынае есці, выходзіць на прагулкі.
Высокія тэхналогіі — мара, якая здзейснілася
У красавіку пры падтрымцы Мінскага абласнога выканаўчага камітэта бальніца, у якой працуе наш суразмоўнік, атрымала ўльтрасучасны рабатычны хірургічны комплекс, зроблены ў Кітаі. Трэці ў краіне, уявіце сабе!
— Тры нашы вопытныя спецыялісты прайшлі навучанне па рабоце з ім у Кітаі, — адзначае падчас размовы Эдвард.
— А вы хацелі бы навучыцца ім кіраваць? — цікаўлюся я.
Урач адзначае ў ходзе размовы, што робат сапраўды спрашчае работу чалавеку, але не замяняе яго. Прынамсі, пакуль.
— Гэта «рабочыя рукі», — падбірае зразумелае параўнанне ён. — Аперацыя з яго выкарыстаннем робіцца без вялікіх разрэзаў, праз невялікія праколы. Хірург кіруе робатам за кансоллю. Мы, вядома, у першую чаргу думаем пра здароўе пацыента, калі аперыруем. Але ў практыцы нярэдка аперацыя можа доўжыцца 10 ці нават 12 гадзін. У такім выпадку робат палягчае работу ўрача фізічна. Я яшчэ пакуль толькі асісцірую на такіх аперацыях, але гэта было калісьці маёй марай. Я не думаў, што яна збудзецца так рана, але быў гатовы да гэтага, вельмі шмат цікавіўся.
За адно жыццё ў адказе шмат спецыялістаў
Цікавімся ў маладога ўрача, хто яшчэ знаходзіцца побач з ім падчас аперацыі і ці адчувае ён гэту каласальную адказнасць за жыццё кожнага пацыента.
— Вядома, у нашай сферы вельмі важная зладжаная работа, — заўважае Эдвард Францавіч. — Разам з хірургам у аперацыйнай даволі многа спецыялістаў: ад аднаго да трох асістэнтаў — у залежнасці ад ступені складанасці, аперацыйная сястра, якая адказвае за падачу інструментаў, стэрылізацыю і догляд за аперацыйнай.
Таксама ў брыгадзе ёсць анестэзіёлаг.

Нават ініцыятыўных маладых урачоў на складаныя аперацыі без нагляду вопытных настаўнікаў пакуль не пускаюць.
— Побач са мной заўсёды ўрач Юрый Віктаравіч Бутра. Вельмі дапамагае ў рабоце намеснік галоўнага ўрача Ягор Аляксеевіч Баравік, — гаворыць Эдвард Францавіч пра тых, хто падтрымлівае на яго шляху.
Але вучыцца ніколі не бывае лішнім, адзначае падчас размовы Эдвард Высоцкі.
- — Многія баяцца, што маладыя ўрачы нічога не ведаюць, таму што з’явіліся сучасныя тэхналогіі, — дзеліцца Эдвард. — Але цяпер, наадварот, значна больш магчымасцяў стала. У адкрытым доступе ёсць шмат навуковай літаратуры. Дарэчы, навуковай дзейнасцю я таксама захоплены.
Цяпер у маладога спецыяліста даволі насычаны графік: ён час ад часу працуе ў прыёмным аддзяленні, у паліклініцы і, безумоўна, у хірургіі.
— Бывае па некалькі аперацый у дзень. У залежнасці ад колькасці пацыентаў, якія паступілі. Гэта могуць быць і планавыя аперацыі, і пацыенты з экстранай хірургічнай паталогіяй. Мы ў асноўным займаемся экстранай хірургічнай паталогіяй страўнікава-кішачнага тракта.
Сустрэцца з урачом нам удалося з самай раніцы — хутка яго чакалі асісціраваць на чарговай рабатычнай аперацыі.
— А што сёння? — пытаюся я.

— У пацыенткі дывертыкулярная хвароба, — адказвае ўрач. — Яе турбуюць болі, павышэнне тэмпературы, могуць быць парушэнні стулу. Гэта планавая аперацыя, каб прафілактаваць яе далейшыя рэцыдывы. Усё гэта з выкарыстаннем рабатычнага комплексу. Нас чакае высокатэхналагічная аперацыя.
Прафесія, у якую з галавой паглыблены наш суразмовец, — вельмі высакародная. Бяссонныя ночы і стомленасць медыцынскія работнікі маскіруюць усмешкай, каб з дня ў дзень выходжваць нованароджаных, ратаваць дарослых і вяртаць да жыцця пажылых.
— Часам бываюць складаныя дні, калі трэба прыйсці раней ці затрымацца даўжэй, — шчыра гаворыць урач. — Але гэта работа і гэта адказнасць за жыццё чалавека. Мне ў гэтым плане вельмі пашанцавала, што будучая жонка — таксама ўрач. Яна разумее асаблівасці прафесіі. Таму медыцына для нас — справа звыклая. У мяне ёсць добры прыклад ад бацькоў: усё атрымліваецца, калі прыкладаць намаганні і да нечага імкнуцца. Значыць, і мы справімся.
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД