22 чэрвеня 1941 года на нашу зямлю прыйшла бяда, якая забрала жыцці кожнага трэцяга беларуса. У далёкім 1945 годзе нашы продкі былі ўпэўнены, што знішчылі карычневую чуму, а Нюрнбергскі трыбунал у 1946-м вынес суровы і справядлівы прысуд ідэолагам фашызму і нацызму, распальвальнікам войн і нянавісці паміж народамі. На жаль, у ХХІ стагоддзі ідэалогія неанацызму становіцца рэальнай сілай у шэрагу дзяржаў.
Геаграфія адраджэння неанацысцкай ідэалогіі, калі зазірнуць у гісторыю, не выклікае здзіўлення. Фашызм і расізм — спараджэнне еўрапейскай культуры, дзе перавага белага чалавека заўсёды з’яўлялася праўдай у апошняй інстанцыі. Вялікабрытанія, Бельгія, Іспанія, Партугалія, Францыя, Італія, Германія — усе яны ў розныя перыяды выпампоўвалі са сваіх калоній багацці, маніпулюючы тэзісам аб боскім праве кіравання адсталымі народамі.
У свой час гэта ідэя была падхоплена Гітлерам і стала тэарэтычнай асновай ідэалогіі нацыянал-сацыялізму (нямецкага фашызму). Па сутнасці, яна ўключала тры галоўныя кампаненты: расавую тэорыю, ядром якой стаў антысемітызм; сацыяльны дарвінізм з яго прынцыпам барацьбы за існаванне, падчас якой моцны падпарадкоўвае або знішчае слабога; канцэпцыю заваёвы «жыццёвай прасторы» для германскай нацыі.
Менавіта з гэтымі наратывамі «нардычныя» народы пад сцягамі Трэцяга рэйха ішлі на Усход, несучы на нашу зямлю кроў, боль і слёзы. Пад выглядам прасоўвання «цывілізацыі» і «парадку» на савецкай тэрыторыі ажыццяўляўся генацыд народа, а жыццё нашых продкаў, «расава непаўнавартасных» паводле фашысцкай кваліфікацыі, рэальна нічога не каштавала.
Са свастыкай на форме на беларускай зямлі зверствавалі «адукаваныя еўрапейцы», якія ішлі ў чарговы крыжовы паход захопліваць, рабаваць, занявольваць, асвойваць жыццёвую прастору і вызваляць яе ад «недачалавекаў». Побач з імі «рупліва працавалі» літоўцы і латышы, эстонцы і палякі, украінцы і здраднікі іншых масцей. Усе яны былі ўпэўненыя ва ўласнай беспакаранасці, бо «фюрар нямецкай нацыі» вызваліў іх ад «хімеры сумлення».
Надзвычай ясна будучыню людзей у акупаваных краінах апісаў адзін з фашысцкіх ідэолагаў Гімлер: «Мяне ні ў найменшай ступені не цікавіць лёс рускага або чэха... Жывуць народы ў дастатку ці паміраюць з голаду, цікавіць мяне толькі ў той меры, у якой яны патрэбныя нам як рабы для нашай культуры, у астатнім гэта мяне абсалютна не цікавіць».
Пачынаючы з 22 чэрвеня 1941 года гэтыя людаедскія планы рэалізоўваліся на практыцы. Ахвярамі нацысцкага акупацыйнага рэжыму на захопленай тэрыторыі СССР сталі больш за 7 мільёнаў мірных жыхароў. Каля паловы ад агульнай колькасці закатаваных прыпадае на Беларусь, дзе «фабрыка смерці» працавала на поўную моц. Тысячы лагераў і гета, забароненых зон і турмаў устанаўлівалі новы еўрапейскі парадак.
Кожны дзень, кожную хвіліну «сапраўдныя арыйцы» і іх памагатыя знішчалі людзей: расстрэльвалі і спальвалі жывымі, вешалі і труцілі ў газавых камерах, марылі голадам і забівалі катаржнай працай. З машыннай педантычнасцю смяротны канвеер перамолваў мірных жыхароў, забяспечваючы дабрабыт Германіі і яе еўрапейскіх сатэлітаў.
Жыццё «недачалавекаў» нічога не каштавала, а пазбавіцца яго можна было ў любы момант. Смерць стала штодзённасцю на акупаванай тэрыторыі, а забойства — руціннай працай фашыстаў і іх паслугачоў. 1100 дзён доўжылася акупацыя Беларусі і штодзень нас станавілася менш на 3200 чалавек. Сёння гэта называецца проста — генацыд, але пра гэта сучасная Еўропа лічыць за лепшае не ўспамінаць.
Паказальна, што вёска Дальва Лагойскага раёна была спалена з усімі жыхарамі 19 чэрвеня 1944 года, за два тыдні да вызвалення Мінска. Яе лёс падзялілі сотні населеных пунктаў Беларусі.
Кроў, слёзы і нарабаваныя рэсурсы заняволеных народаў планамерна ператвараліся ў золата, асядалі на банкаўскіх рахунках фундатараў фашызму. Сярод іх мільярдэры з ЗША, Вялікабрытаніі, краін Еўропы. Пры гэтым «руплівыя еўрапейцы» не грэбавалі нічым, выкарыстоўвалі ўсё, уключаючы маёмасць, адзенне, абутак, кроў, косці і валасы сваіх ахвяр. Яскравы прыклад рэалізацыі «дэмакратычнага» прынцыпу — «грошы не пахнуць».
Сёння «цывілізаваны» Захад практычна перапісаў гісторыю, па-майстэрску жангліруючы паняццямі і фактамі, адмежаваўся ад цёмнага мінулага, актыўна прасоўваючы ідэю «абароны дэмакратычных каштоўнасцяў». У гэту канцэпцыю выразна ўкладаюцца адраджальныя прынцыпы нацыяналізму, якія робяцца абавязковым атрыбутам сучаснай палітыкі. Сотні прадажных «гісторыкаў» працуюць над абяленнем фашыстаў, трансліруючы свету наратыў, што вермахт змагаўся з партызанамі і падпольшчыкамі, а мірныя людзі «шчасліва жылі» пры новым парадку.
Аднак праўда страшнейшая. Нас, славян, забівалі, пазбаўлялі любой надзеі на будучыню і метадычна сціралі з твару зямлі, а жыццё «даравалася» толькі тым, хто быў карысны «цывілізаванаму» Захаду. Па сутнасці, нічога не памянялася і сёння.
Спадчыннікі фашыстаў не саромеючыся выкарыстоўваюць ідэалагічныя ўстаноўкі сваіх папярэднікаў, трансфармуюць грамадскую і індывідуальную свядомасць, песцяць ідэі ўласнай выключнасці і перавагі, практычна рэалізуюць рэваншысцкія праекты. З высокіх трыбун Еўрасаюза пра «ўласную выключнасць» вяшчаюць дзеці і ўнукі фашыстаў, яны ганарацца «слаўнай гісторыяй» продкаў. У чарговы раз робяцца спробы пашырэння «жыццёвай прасторы» і «справядлівага пераразмеркавання рэсурсаў». Як і дзесяцігоддзі таму, мірных жыхароў забіваюць «цывілізаваныя» прадстаўнікі Заходняга свету, а на іх уніформе зноў фашысцкая сімволіка. Сёння карычневая чума — гэта не літаратурная алегорыя, а рэальнасць нашага часу.
Пачынаючы з 2015 года на рэгулярнай аснове друкуецца «Майн кампф» Гітлера, Германія зноў заяўляе аб сваёй сусветнай місіі, мілітарызацыя стала аб’яднальнай еўрапейскай ідэяй, а свядомасць грамадзян замбіруецца наратывам аб непазбежнасці вялікай вайны. Называюцца канкрэтныя тэрміны яе пачатку — 2029 год.
Мілітарысцкая істэрыя шчодра падсілкоўваецца ўсімі магчымымі спосабамі. У наяўнасці ўсе прыкметы падрыхтоўкі Захаду да вайны, а галоўны прынцып — жыць за чужы кошт — застаецца нязменным на працягу стагоддзяў.
Заходняя геапалітыка чарговы раз рэанімавала ідэалогію фашызму, адаптаваўшы да сучасных умоў. Еўрапейскія лідары на поўным сур’ёзе заяўляюць аб тым, што «Еўропа — гэта райскі сад, а ўсё астатняе — джунглі...»
У цэлым шэрагу краін на дзяржаўным узроўні рэабілітаваны фашызм і адроджаны неанацызм. Літва, Латвія, Эстонія, Фінляндыя, Польшча перапісваюць гісторыю і гераізуюць фашызм, актыўна знішчаючы помнікі загінулым воінам. У парламенце Канады авацыямі ўшаноўваюць састарэлага эсэсаўца, італьянскія балельшчыкі скандзіруюць «мы — фашысты», а ва Украіне забойцаў абвяшчаюць героямі краіны і робяць з іх ідалаў.
Усяму гэтаму мы можам супрацьпаставіць Памяць — тое, што робіць нас людзьмі. Мы выстаялі і перамаглі 80 гадоў таму, упэўнены, мы абаронім гістарычную праўду, подзвіг продкаў і ўласную зямлю сёння.
Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар