Напярэдадні Дня ўсенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа начальнік упраўлення па ўвекавечванні памяці абаронцаў Айчыны і ахвяр войнаў Узброеных Сіл Сяргей Корнеў расказаў аб правядзенні пошукавых работ на тэрыторыі нашай краіны, супрацоўніцтве ў гэтай сферы на міжнародным узроўні і закрануў тэму пераемнасці пакаленняў, якая надзвычай важная ў такой адказнай місіі, як захаванне гістарычнай памяці і праўды.
Вось ужо трыццаць гадоў у Беларусі місію па вяртанні з небыцця імёнаў тых, хто цаной уласнага жыцця абараняў Радзіму, сумесна з мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі, ваеннымі камісарыятамі і ўсімі зацікаўленымі выконвае пошукавая воінская часць — 52-і асобны спецыялізаваны пошукавы батальён. Сяргей Корнеў адзначыў таксама, што вядзецца цеснае супрацоўніцтва паміж беларускімі ваеннымі пошукавікамі і 90-м пошукавым батальёнам Узброеных Сіл Расійскай Федэрацыі.
Ужо шосты год ваеннаслужачыя 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна выконваюць дзяржаўную задачу ў рамках расследавання Генеральнай пракуратурай крымінальнай справы ўзбуджанай па факту генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны і ў пасляваенны перыяд. Пад кіраўніцтвам супрацоўнікаў пракуратуры пошукавікі праводзяць складаную работу па падняцці астанкаў ахвяр генацыду з месцаў іх знішчэння. Так, з 2021-га да 2025 года па фактах генацыду насельніцтва Беларусі раскопкі праведзены на 132 пошукавых аб’ектах на тэрыторыі шасці абласцей, а таксама ў гарадах Брэсце, Гомелі, Мінску і Магілёве. У ходзе раскопак паднялі астанкі больш за 8 000 загінулых. У 2026 годзе таксама плануецца правядзенне такіх экспедыцый, і яны ўжо праходзяць на 14 аб’ектах у 12 раёнах і 6 абласцях нашай краіны, у тым ліку і ў горадзе Магілёве. На сёння, напрыклад, адпрацоўваецца аб’ект у Оршы.
Асобна вылучыў Сяргей Корнеў грамадскіх пошукавікаў, якія дапамагаюць у рабоце на месцах: «На сёння ў Беларусі існуе 18 пошукавых грамадскіх аб’яднанняў, атрадаў, клубаў і груп. Яны складаюцца з людзей, якія непасрэдна працуюць з намі, займаюцца архіўна-даследчай работай, збіраюць інфармацыю пра магчымыя месцазнаходжанні няўлічаных воінскіх пахаванняў, пахаванняў ахвяр войнаў, складаюць інфармацыйныя лісты і ў пошукавы перыяд знаходзяць час і магчымасць удзельнічаць у правядзенні палявых пошукавых работ і выконваць гэту важную місію па вяртанні імёнаў забытых загінулых у гісторыю і ў іх сем’і».
Па яго словах, з 2020-га да 2025 года былі перададзены для перапахавання на радзіму астанкі 32 ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. Таксама ўстанавілі звесткі пра 234 загінулых ваеннаслужачых Чырвонай Арміі. З іх 163 — ураджэнцы Расійскай Федэрацыі, 36 — з Украіны, 20 — з Беларусі, 8 — з Узбекістана, 3 — з Казахстана, 2 — з Арменіі і па 1 чалавеку з Туркменістана і Грузіі. Што да прамежкавых вынікаў у бягучым годзе, то са 136 аб’ектаў адпрацавана 48. Знойдзены астанкі 442 чалавек. У пяцярых з іх на сёння ўдалося ўстанавіць імёны, у чым дапамагаюць асабістыя рэчы, узнагароды (дзве знойдзены ў гэтым сезоне). Вядома, пошукавыя работы будуць працягвацца яшчэ не адзін год. Але пакуль гэтай справай займаюцца, і робяць яе невыпадковыя і неабыякавыя людзі. Гэта дае надзею, што ніхто не будзе забыты.
Алена ДРАПКО