Прафесій у сучасным свеце шмат. Ёсць масавыя і рэдкія, ёсць папулярныя і «дэфіцытныя». Усе яны, вядома, важныя і патрэбныя. Але ёсць адмысловыя прафесіі, якія хутка не асвоіш, да якіх павінна ляжаць душа і неабходны адпаведныя здольнасці. А яшчэ прадстаўнікі гэтых прафесій карыстаюцца асаблівай павагай у грамадстве. І гэта — медыкі. Яны часта і, згадзіцеся, заслужана чуюць словы падзякі ад сваіх пацыентаў. Ёсць выдатная нагода і ў календары прафесійных свят.
Адна з самых важных прафесій
У Брэсцкім абласным Палацы культуры ўшаноўвалі найлепшых медыцынскіх работнікаў рэгіёна. Сярод іх была і медыцынская дынастыя сям’і Варанко, чый агульны стаж работы ў сістэме аховы здароўя складае 221 год! Заснавальнікі дынастыі — Віктар і Ларыса Варанко. Іх дзеці Наталля, Вольга і Максім таксама выбралі медыцыну. Унук Пётр — студэнт трэцяга курса Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта.
— Я працую ў дзіцячай абласной бальніцы ўрачом-метадыстам, заўсёды хацела быць урачом. Муж — урач-нейрахірург у кансультатыўнай паліклініцы. Гэта прафесія звязана з дабром і міласэрнасцю, яна адна з самых важных, — лічыць Ларыса Варанко.
Начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя Брэсцкага аблвыканкама Віктар МІХАЛОЎСКІ падкрэсліў значныя змяненні ў сістэме аховы здароўя рэгіёна за апошнія гады:
— Пераўтварыліся фельчарска-акушэрскія пункты, амбулаторыі, цэнтральныя раённыя бальніцы. У вобласці рэалізуюцца маштабныя будоўлі. Значна абнавілася матэрыяльна-тэхнічная база. Расце кадравы патэнцыял.
Гонар і павага!
Ушанаванне медыкаў паўночнага рэгіёна адбылося ў Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце. Адрасаваны ім прывітальны адрас старшыні аблвыканкама Аляксандра РАГОЖНІКА зачытаў яго намеснік Аляксей ГУЙДА:
— Ваша праца нялёгкая, але заўсёды ганаровая. Беларускія ўрачы валодаюць сучаснымі тэхналогіямі, эфектыўнымі метадамі дыягностыкі і найноўшым абсталяваннем. Гэта дапамагае перамагаць хваробы, якія яшчэ зусім нядаўна лічыліся невылечнымі, праводзіць унікальныя аперацыі.
Сардэчныя віншаванні і самыя лепшыя пажаданні выказаў калегам і ветэранам галіны начальнік галоўнага ўпраўлення па ахове здароўя аблвыканкама Міхаіл ВІШНЯВЕЦКІ:
— У працы медыка шмат складнікаў, але найвышэй усяго — прафесіяналізм, павага да чалавека і спачуванне. Ахова здароўя Віцебшчыны мае ўвесь спектр медыцынскіх паслуг, што павысіла ўзровень задаволенасці жыхароў вобласці.
«Медыцына — гэта супер!»
У Гомельскім грамадска-культурным цэнтры прайшло святочнае ўшанаванне найлепшых медработнікаў рэгіёна.
— Медыцына — гэта супер! — лічыць урач-эпідэміёлаг, загадчык аддзела прафілактычнай дэзынфекцыі Гомельскага абласнога цэнтра прафілактычнай дэзынфекцыі Анастасія САВЯНКОВА. — У сваёй сям’і я медык у чацвёртым пакаленні. Вельмі ганаруся сваімі прадзедам і дзядулем, якія былі ўрачамі. Ганаруся і сваёй краінай. Шчаслівая, што служу Радзіме, бясконца ўдзячная нашай дзяржаве і за прафесію, якую я змагла набыць, і за магчымасць вучыцца і развівацца ў ёй. Наогул, медыкам удзяляецца вялікая ўвага, адчуваецца вялізная падтрымка ў навучанні, павышэнні кваліфікацыі.
Шчырыя віншаванні прадстаўнікам адной з самых высакародных прафесій адрасавала са святочнай сцэны намеснік старшыні Гомельскага гарвыканкама Іна ГУБАР:
— Сёння ў нашай краіне дзякуючы мудрай дзяржаўнай палітыцы Прэзідэнта
Аляксандра Лукашэнкі праводзіцца сістэмная мэтанакіраваная работа па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў аховы здароўя, па фарміраванні іх кадравага патэнцыялу. Робіцца ўсё, каб нашы людзі атрымлівалі якасныя медыцынскія паслугі.
Прыярытэт дзяржаўнай палітыкі
На Гродзеншчыне ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае Дню медыцынскіх работнікаў, адбылося ў абласной філармоніі.
За апошнія 5 гадоў у рэгіёне практычна падвоілася колькасць высокатэхналагічнага абсталявання. Медыцынскую дапамогу насельніцтву аказваюць 65 устаноў аховы здароўя. Але за лічбамі стаяць людзі, якія кожны дзень клапоцяцца аб здароўі насельніцтва.
Як адзначыў старшыня Гродзенскага аблвыканкама Юрый КАРАЕЎ, клопат аб людзях — прыярытэт дзяржаўнай палітыкі. Нягледзячы на любыя сучасныя выклікі, эканамічныя цяжкасці, Беларусь працягвае стваральнае мірнае развіццё. Паляпшаюцца гарады і населеныя пункты, штогод адкрываюцца новыя аб’екты, перш за ўсё ў сацыяльнай сферы. Фактычна напярэдадні прафесійнага свята медработнікаў з удзелам Прэзідэнта была ўрачыста адкрыта новая абласная клінічная бальніца.
Неацэнны ўклад
Медработнікаў Магілёўшчыны ўшаноўвалі ў абласным метадычным цэнтры творчасці і культурна-асветнай работы. Нямала цёплых слоў адрасаваў ім старшыня Магілёўскага абласнога Савета, сенатар Аляксандр ГАРОШКІН:
— Жыхары Прыдняпроўя атрымліваюць медыцынскую дапамогу высокай якасці. За апошнія гады ў рэгіёне адкрыты новыя карпусы медыцынскіх устаноў і ўрачэбныя кабінеты, абнаўляюцца аўтапарк хуткай дапамогі, абсталяванне ў гарадскіх і раённых медустановах.
Павіншаваў медыкаў і старшыня Пастаяннай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валерый МАЛАШКА. Па яго словах, уклад магілёўскіх медыкаў у захаванне жыцця людзей і ў развіццё сістэмы аховы здароўя неацэнны.
Адданасць сваёй справе
Абласное свята медыцынскіх работнікаў Міншчыны прайшло ва Уздзе. У раённым Доме культуры сабраліся прадстаўнікі ўсіх звёнаў сістэмы аховы здароўя — ад вопытных тэрапеўтаў і хірургаў да педыятраў, эпідэміёлагаў, лабарантаў і малодшага медыцынскага персаналу. Усіх іх аб’ядноўвае адно — адданасць сваёй справе, гатоўнасць прыйсці на дапамогу ў самы цяжкі момант.
Асаблівыя словы падзякі прагучалі ў адрас ветэранаў аховы здароўя, тых, хто стаяў каля вытокаў развіцця медыцынскай галіны рэгіёна і вобласці, заклаўшы трывалы фундамент для будучых пакаленняў.
— Медыкі — прыклад таго, як трэба любіць сваю краіну, — падкрэсліў намеснік старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандр ІЛЬЯСЕВІЧ.
З гонарам несці свой сцяг
Найлепшым работнікам аховы здароўя Мінска ўручылі ўзнагароды ў Палацы Рэспублікі.
Намеснік старшыні Мінгарвыканкама Андрэй СТРЫГЕЛЬСКІ адзначыў, што медыцынскі работнік — самая высакародная прафесія, закліканая служыць людзям:
— Сталічныя медыкі — перш за ўсё адказныя і адданыя сваёй справе высокакваліфікаваныя спецыялісты, якія з гонарам нясуць сцяг сістэмы аховы здароўя. Безумоўна, усе самыя перадавыя тэхналогіі сканцэнтраваны ў сістэме аховы здароўя горада, і мы стараемся стварыць сучасную матэрыяльнатэхнічную базу і інфраструктуру.
Штогод у Мінску ўводзяцца новыя аб’екты аховы здароўя, удасканальваюцца механізмы і пратаколы аказання медыцынскай дапамогі.
Паводле нашых карэспандэнтаў
Фота БелТА