Top.Mail.Ru

Дырэктар мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» — аб важнасці захавання гістарычнай памяці і сакрэтах высокай наведвальнасці

Дзякуючы дзяржаўнай палітыцы, асабістай падтрымцы Прэзідэнта, мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» з’яўляецца адным з цэнтраў патрыятычнага выхавання, куды імкнуцца трапіць не толькі беларусы, але і госці нашай краіны. У 2021–2025 гадах Брэсцкую крэпасць наведала амаль 2,8 мільёна чалавек, было праведзена каля 56 тысяч экскурсій. Летась мемарыял прыняў 723 тысячы наведвальнікаў, за пяць месяцаў бягучага года — 265 тысяч чалавек. У чэрвені 2025 года на гераічную зямлю цытадэлі ступіў 28-мільённы наведвальнік. Няўхільны рост наведвальнасці мемарыяльнага комплексу сведчыць аб павышанай увазе да гераічнага мінулага савецкага народа, захаванні нашчадкамі памяці аб тых, хто цаной уласнага жыцця здабыў Перамогу, а значыць, і мірную будучыню.


У гэтым перакананы дырэктар мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой», член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве Аляксандр КАРКАТАДЗЭ, які адказаў на пытанні «Звязды».


— Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» быў урачыста адкрыты ў верасні 1971 года. Мінула шмат гадоў, але мемарыял па-ранейшаму застаецца месцам, якое найбольш папулярнае як у беларусаў, так і ў гасцей нашай краіны. Падзяліцеся, у чым сакрэт?

— У Брэсцкую крэпасць прыязджаюць для таго, каб знайсці адказы на выклікі сучаснасці, зразумець, якім чынам нашы продкі здолелі выстаяць, перамагчы ў гэтай жудаснай вайне. Абапіраючыся на нашу гісторыю, мы можам сёння вырашаць актуальныя праблемы краіны. Многія прыязджаюць у мемарыял, каб паспрабаваць знайсці прычыны цяжкіх паражэнняў савецкіх войскаў у 1941 годзе. Мы бачым, што 1941 год дагэтуль з’яўляецца незагойнай ранай для народаў Савецкага Саюза. Акрамя таго, да нас пастаянна прыходзяць лісты з просьбамі знайсці родных, якія ў пачатку вайны зніклі без вестак тут, на Брэстчыне. Прыязджаюць да нас і для таго, каб на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці адчуць горыч і ў той жа час, што вельмі важна, гонар за тое, што ў нас такая слаўная гісторыя, такія гераічныя людзі, якія нават тады, у найцяжэйшай сітуацыі, якая склалася ў Брэсцкай крэпасці, не пабаяліся, не збеглі, а пачалі ўпартую абарону.

— А калі гаварыць пра замежных наведвальнікаў, прадстаўнікі якіх краін частыя госці ў мемарыяле?

— Большасць нашых наведвальнікаў у цяперашні час складаюць грамадзяне Беларусі і Расіі — 98 %. Каля 2 % — жыхары іншых краін СНД, далёкага замежжа. Летась Брэсцкую крэпасць наведалі прадстаўнікі з 31 краіны свету. За пяць месяцаў гэтага года ў мемарыяле былі грамадзяне з больш як 20 дзяржаў. Сярод іх — і Прэзідэнт Ганы, і жыхары Паўночнай Карэі, ЗША, Германіі, Прыбалтыкі. Бачым адносіны наведвальнікаў да тэмы Вялікай Айчыннай вайны. Па-першае, яны вельмі здзіўляюцца. Асабліва гэта датычыцца жыхароў далёкага замежжа, бо яны, як правіла, не ведаюць гэту гісторыю, упершыню сутыкаюцца з ёй у Брэсцкай крэпасці. Пабыўшы на гераічнай зямлі, у іх узнікае пачуццё павагі да савецкіх воінаў, разуменне таго ўнёску, які зрабіў Савецкі Саюз у перамогу над фашызмам. У выніку ў наведвальнікаў з’яўляюцца пытанні: чаму ім пра гэта не гавораць у іх краінах, чаму гісторыю хаваюць або скажаюць у заходняй Еўропе? Пасля ўбачанага ў Брэсцкай крэпасці светапогляд гэтых людзей пераварочваецца: прыходзіць разуменне таго, што вырашальны крок да перамогі над фашызмам зрабіў Савецкі Саюз.

— Чаму сёння памяць аб тых падзеях не згасае?

— Падзеі, якія адбыліся на тэрыторыі Беларусі ў 1941–1944 гадах, вельмі актуальныя і цяпер. Вайна супраць Савецкага Саюза, у адрозненне ад той вайны, якую гітлераўцы вялі супраць нашых заходніх саюзнікаў, вялася на знішчэнне. Нам не далі б і другога шанцу. Хоць абвяшчалася, як і сёння, што на нашы землі хочуць прынесці дэмакратыю, пазбавіць нас ярма камунізму, бальшавізму. Аднак гэта былі толькі словы. Па факце гэта была палітыка генацыду, палітыка знішчэння. У мемарыяльным комплексе створана экспазіцыя, прысвечаная генацыду беларускага народа. Наведвальнікі Брэсцкай крэпасці на свае вочы пераконваюцца ў тым, што вайна супраць Савецкага Саюза насіла зусім іншы характар, чым у Еўропе.

Нягледзячы на мэту нашых ворагаў — сцерці памяць аб мінулым, пазбавіць гонару, які ўзнікае ў нашых грамадзян падчас наведвання такіх музеяў і мемарыялаў, наша моладзь чэрпае сілы і мудрасць менавіта з падзей Вялікай Айчыннай вайны, у тым ліку з месцаў гераічнай абароны Брэсцкай крэпасці. Немагчыма існаваць краіне, дзяржаве, калі яе грамадзяне не ганарацца сваёй гісторыяй, не паважаюць, не берагуць магілы сваіх продкаў і месцы гістарычных баёў, перамог.

— Што робіцца супрацоўнікамі комплексу, каб наведвальнікі хацелі зноў сюды вярнуцца, а моладзь — цалкам прасякнулася тэматыкай Вялікай Айчыннай вайны?

— Мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» — адзін з мемарыялаў, музеяў Беларусі, якія інтэнсіўна і паспяхова развіваюцца. За апошнія гады намі створана пяць пастаянных экспазіцый, тры з іх — па праекце Саюзнай дзяржавы 2018–2020 гадоў. Кожны з гэтых музеяў мае сваю спецыфіку. Адзін з іх расказвае аб жахах фашысцкага палону, у другім дзякуючы сучасным тэхналогіям нашы наведвальнікі могуць пачуць успаміны абаронцаў крэпасці. У экспазіцыі «Музей вайны — тэрыторыя міру» ёсць інтэр-
актыўныя карты, на якіх можна ўбачыць лагеры Еўропы, дзе ўтрымліваліся абаронцы крэпасці, члены іх сем’яў. «Летапіс Брэсцкай крэпасці» — гэта музей з інтэрактыўнай экспазіцыяй, дзе з дапамогай візуалізацыі прадметаў нашы наведвальнікі спасцігаюць гісторыю. Музей «Абарона ўсходняга форту» прысвечаны гераічнай абароне гэтага фартыфікацыйнага аб’екта крэпасці, у якім пад камандаваннем маёра Пятра Гаўрылава змагаліся байцы. У прыватнасці, у экспазіцыі прадстаўлены макет 1800-кілаграмовай бомбы «Сатана», якую фашысты скінулі на Усходні форт. Гэта вельмі ўражвае наша маладое пакаленне. І, нарэшце, наш філіял «Музей 5-ы форт», дзе наведвальнікі могуць убачыць, якія магутныя фарты былі пабудаваны ў Брэсцкай крэпасці ў канцы XІX — пачатку XX стагоддзяў. Экспазіцыя ў парахавым склепе «Чырвонаармейскі клуб» таксама распавядае пра трагічныя старонкі абароны Брэсцкай крэпасці. Сёння кожны можа выбраць для наведвання музей па той тэматыцы, якая найбольш яго цікавіць. Не заўсёды ўдаецца за адзін раз наведаць усе экспазіцыі, таму шмат паўторных прыездаў у Брэсцкую крэпасць. Адсюль расце і наведвальнасць мемарыялу.

З нагоды 85-годдзя пачатку Вялікай Айчыннай вайны ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы ў заходняй частцы Цытадэлі мы адкрылі новую мемарыяльную зону, якая называецца «Сму-так». Адрэстаўрыравалі паўднёва-заходнюю казарму Цытадэлі. Цяпер ужо цалкам можна будзе прайсці па ўсім востраве без закрытых участкаў.

— Якая работа праводзіцца па захаванні знешняга аблічча мемарыяла?

— Работы па рэстаўрацыі мемарыяльнага комплексу пачаліся яшчэ ў сярэдзіне 1990-х гадоў. Долевыя ўзносы на гэтыя мэты па рашэнні кіраўнікоў дзяржаў СНД у свой час унеслі краіны Садружнасці. У падтрымцы мемарыяльнага комплексу, у тым ліку яго фізічнага стану, заўсёды ўдзельнічалі Беларусь і Расія. У рамках праграмы Саюзнай 
дзяржавы ў 2018–2020 гадах шмат аб’ектаў крэпасці было адрэстаўрыравана, закансервавана і музеефікавана, былі адкрыты тры новыя пастаянныя экспазіцыі. У рамках бягучага праекта Саюзнай дзяржавы, які разлічаны на 2024 - 2026 гады, быў адрэстаўраваны галоўны манумент «Мужнасць», галоўны ўваход, мост, які знаходзіцца каля скульптурнай кампазіцыі «Смага», а таксама знешні вал з казематамі Усходняга форта. Усё робіцца для таго, каб захаваць нашу гісторыю, аб’екты Брэсцкай крэпасці для больш шырокага доступу да іх.

— На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці функцыянуе Рэспубліканскі адукацыйна-аздараўленчы цэнтр патрыятычнага выхавання дзяцей і моладзі. Як узаемадзейнічаеце з выхаванцамі цэнтра?

— Гэта добры сінтэз гісторыі і практыкі, бо галоўная мэта мемарыяла — выхаванне патрыятызму. Аналагічнай мэты прытрымліваецца і патрыятычны цэнтр. Дзеці жывуць на тэрыторыі Брэсцкай крэпасці, займаюцца фізічнай падрыхтоўкай. На непрацяглы час іх выводзяць з зоны камфорту, яны тут знаходзяцца без мабільных тэлефонаў. Выхаванцы абавязкова наведваюць нашы музейныя аб’екты. Падчас знаходжання ў патрыятычным цэнтры ў нашага падрастаючага пакалення выхоўваецца і дух, і цела, а гэта вельмі важна. Мы вельмі рады, што ў нас з’явіўся такі сусед у выглядзе патрыятычнага цэнтра. Толькі пачынаем сумесную работу, але эфект ужо бачым: бацькі гавораць, што пасля знаходжання ў цэнтры дзеці вяртаюцца дадому больш самастойнымі і сапраўднымі патрыётамі.

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю