Top.Mail.Ru

Чым уражвае сучасных людзей рэальны партызанскі лагер часоў вайны?

...Голас Левітана ўварваўся ў лясную ідылію — амаль як 85 гадоў таму. Разам з рокатам тэхнікі і гукамі стрэлаў па дарогах Брэстчыны ўжо кацілася бяда: нашы вайскоўцы адступалі, мірныя жыхары беглі ад вайны сярод выбухаў, чужынцы заходзілі ў вёскі як гаспадары — шукалі падазроных, чынілі расправу.... У чэрвені 1941 года вораг быў упэўнены, што вельмі хутка пройдзе гэту тэрыторыю. Чаму ў яго не атрымалася, нагадвае мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» ў Івацэвіцкім раёне, дзе можна пабачыць рэальны лагер народных мсціўцаў.


Справа рэканструктараў

... Азіраешся навокал, глядзіш уніз — і зямля адкрывае абрысы трывогі: зялёныя пагоркі аказваюцца зямлянкамі — сапраўднымі! Зразумела, чаму сюды прыязджалі «кіношнікі», калі трэба было здымаць фільмы пра партызан: нічога не трэба адмыслова будаваць, усё захавана, як гэта было тады. А калі прыехаць на экскурсію і патрапіць на адну з ваенна-гістарычных рэканструкцый, якія тут ладзяцца пры нагодзе, можна адчуць сябе партызанам...


Першыя партызанскія групы пачалі дзейнічаць у ліпені 1941 года. На Жытліншчыне (цяпер Івацэвіцкі раён) у выніку аб’яднання групы мясцовых актывістаў з акружэнцамі на 112 дзень вайны ўзнік партызанскі атрад № 112 пад камандаваннем Аляксея Чарткова. Паступова колькасць атрадаў расла. Ужо з 19 ліпеня да 31 жніўня 1941 года на тэрыторыі Брэсцкай, Пінскай, Палескай і на поўдні Мінскай абласцей фашысты правялі карную аперацыю «Прыпяцкія балоты». Яна была накіравана супраць падраздзяленняў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і вырваліся з яго, а таксама супраць партызан і мясцовага насельніцтва. У адным з паведамленняў значылася, што ў ходзе аперацыі на 13 жніўня было знішчана 13788 грамадзян...

— У нашых мясцінах акупацыйны рэжым пачаў лютаваць у першыя тыдні, — адзначае жыхар Івацэвічаў, Сяргей Мачалаў, рэканструктар ваенна-гістарычнага клуба «Заходні рубеж» (г. Бяроза). — Было шмат салдат-акружэнцаў, якія працягвалі ваяваць, адну з першых груп арганізаваў мясцовы жыхар, ураджэнец вёскі Хадакі Мікалай Коўтун, старшыня калгаса. Ва ўрочышчы «Воўчыя норы» і нашых Гута-Міхалінскіх лясах хаваліся народныя мсціўцы. Тры партызанскія касцякі аб’ядналіся 2 жніўня 1942 года і ў разгар акупацыі ўзялі штурмам Косава (на той час райцэнтр) і ўтрымлівалі яго месяц! З іх пачала ўтварацца вялікая партызанская зона. 

У красавіку — ліпені 1943 года на тэрыторыі вялікай партызанскай зоны пражывала больш за 10 тысяч мірных жыхароў. Першая вядомая справаздача немцаў за 1942 год пра колькасць партызан на тэрыторыі ўсёй вобласці налічвала 2,5 тысячы. На момант вызвалення раёна ўказваецца лічба 13,5 тысячы чалавек. Усе яны падзяляліся на 7 брыгад, шмат атрадаў, у кожнага з якіх была свая зона дзеянняў.


Полымя партызанскай барацьбы разгаралася, нягледзячы на тэрор. Адзін з загадаў фашыстаў дазваляў знішчаць не толькі грамадзян, якія дапамагалі партызанам, але і ўсіх жыхароў населеных пунктаў у радыусе 10 кіламетраў дзеяння атрадаў. Асабліва жорсткая расправа была здзейснена над насельніцтвам вёсак Бабровічы і Выганашчы, дзе было знішчана адразу 707 чалавек. На тэрыторыі Брэсцкай вобласці за гады акупацыі забілі 330 тысяч чалавек, спалілі больш за 500 вёсак. У Івацэвіцкім раёне цалкам знішчылі 61 вёску, 5 з іх ужо не аднавіліся.

У 1944 годзе фашысты прадбачылі наступленне Чырвонай Арміі і вырашылі правесці шырокамаштабную аперацыю па знішчэнні партызан і іх баз. Але на карысць партызан сыграла ў тым ліку і веданне мясцовасці: яны змаглі адбіцца і нанесці ворагу вялікую шкоду, захаваўшы сваю зону.

Таемны лагер

У сапраўдных тагачасных зямлянках дзве трафейныя бочкі з тых часоў: адна ацынкаваная французская, а з другой зрабілі буржуйку. Праўда, тыповае жытло партызана — нават не зямлянкі, а замаскіраваныя шалашы, бо даводзілася часта пераходзіць з месца на месца. Гэты партызанскі лагер скампанавалі ўжо пасля вайны, насамрэч усе пабудовы былі раскіданыя па даволі вялікай тэрыторыі. Ды і цяпер даводзіцца прайсці немалы шлях, каб зразумець, што сабой уяўлялі штаб, друкарня, партызанскі шпіталь і нават школа (на тэрыторыі зоны былі некалькі сямейных лагераў). І цяпер у штабе можна «завіснуць» над картамі амаль у цемры. А далей — пабачыць, як выглядала падпольная абласная газета «Зара», выпуск якой быў наладжаны 5 мая 1943 года: па сутнасці, двухбаковая лістоўка — паперу эканомілі. Але самае галоўнае — тут друкавалі зводкі «Савінфармбюро», і людзі маглі даведацца, што адбываецца на фронце.


У лясной школе «Хаваншчыны» заняткі пачаліся 1 верасня 1943 года. Засталіся справаздачы настаўніц Марыі Шляхценка з Гомеля і Любові Грыцовай з Быхава, якія змаглі ўцячы з цягніка, што вёз моладзь у Германію. У партызанскай школе ў іх праграму першага, другога і трэцяга класаў асвойвалі 52 дзіцяці. Вучні перажылі вайну, а самі настаўніцы загінулі падчас бамбардзіроўкі за 10 дзён да вызвалення раёна...

Каля партызанскага шпіталя даведваемся пра першага ўрача, які з’явіўся ў мясцовых атрадаў у 1942 годзе, — Аўрам Блюмовіч, былы хірург яўрэйскай бальніцы ў Слоніме, якога партызаны змаглі вывезці ў лес. Ён арганізаваў усю санітарную службу. З ліпеня 1942-га да ліпеня 1944-га ён асабіста правёў 419 хірургічных аперацый, прыняў каля 3000 амбулаторных хворых.


Тыя партызаны, якія выжылі, пасля вайны дамовіліся штогод напрыканцы мая сустракацца ў «Хаваншчыне»: 55 гадоў таму былы лагер стаў музейным комплексам. Цяпер гэтыя сустрэчы працягваюць іх нашчадкі. Прыязджаюць на экскурсіі школьнікі, моладзь, каб разумець, як гартаваўся беларускі характар.

«Хаваншчына» — гэта адзін з цэнтраў патрыятычнага турызму ў рэгіёне, адзначае намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкама Андрэй Малевіч:

— У 2025-м годзе жамчужына раёна — Косаўскі замак — прыняў 137 000 наведвальнікаў, а мемарыяльны комплекс партызанскай славы «Хаваншчына» — 47 000 чалавек. Падчас вандровак у Івацэвіцкім раёне можна наведаць таксама «Гасцінны двор» у Няхачава і сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Косава, «Целяханская дрыгва» — этап чэмпіянату Беларусі па трофі-рэйдах — прыцягвае аматараў экстрыму. Але і досведчаным вандроўнікам, і проста аматарам мінуўшчыны будзе цікава наведаць месца гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне «Хаваншчына».

Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю