Top.Mail.Ru

Як у Вілейцы выбіралі «Уладара сяла — 2026» Міншчыны

Чатырнаццаць сем’яў з розных куткоў Мінскай вобласці спаборнічалі на абласным этапе рэспубліканскага сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла» ў мінулую пятніцу. Праграма мерапрыемства па традыцыі была вельмі насычаная і разнастайная. Сем’і прадстаўлялі свае візітныя карткі, прэзентавалі падворкі, дэманстравалі кулінарныя здольнасці. Дзе яшчэ, як не на гэтым конкурсе, можна ўбачыць, як гаспадары спаборнічаюць у кіраванні тачак, у якіх сядзяць іх жонкі, альбо як бацькі з завязанымі вачыма збіраюць «ураджай» па падказках дзяцей? Падрабязнасці — у рэпартажы карэспандэнтаў «Звязды».


Тыл, надзейнасць і адзінства

Намеснік старшыні Вілейскага райвыканкама Людміла Сляпцова перад пачаткам спаборніцтваў адзначыла, што «Уладар сяла» — час, калі сям’я згуртоўваецца і паказвае, на што здольная.

— Сям’я асацыюецца з тылам, надзейнасцю, адзінствам і, вядома ж, з любоўю. Пранясіце ўсе гэтыя пачуцці праз усё жыццё, — звярнулася яна да ўдзельнікаў конкурсу.


Першы сакратар Мінскага абкама БРСМ Таццяна КЛІШЭВІЧ нагадала, што гэты конкурс праходзіць ужо амаль 20 гадоў.

— Упершыню ён адбыўся ў Віцебскай вобласці ў 2007 годзе, — удакладніла яна. — А ў наступным годзе адзначыць буйны юбілей. Гэта мой самы любімы праект. Тут збіраюцца найлепшыя маладыя сем’і, якія на сваім прыкладзе паказваюць, як правільна любіць адзін аднаго, працаваць, памятаць сваё мінулае і шанаваць яго, а таксама працаваць на карысць будучыні нашай Радзімы.

«Рэпеціравалі кожны дзень»

Сям’я Кішко прыехала перамагаць з аграгарадка Заастравечча Клецкага раёна.

— Мой муж працуе майстрам лесу ў гаспадарцы, а я медыцынская сястра ў мясцовай амбулаторыі, — расказвае мама Кацярына. — Дзетак у нас трое: васьмігадовая Вікторыя, шасцігадовая Сафія і маленькі Іван.

Да конкурсу сям’я Кішко рыхтавалася сумесна з сельскім Домам культуры.


— Кожны дзень дружна збіраліся і ішлі на рэпетыцыі, — з усмешкай адзначае жанчына. — Мы там, вядома, і падрыхтоўцы ўдзялялі час, але і многа смяяліся, нам было весела.
Паспрабаваць сябе ў конкурсе не адважыліся б самі, калі б не прапанавалі ў Доме культуры.

— А чаму б і не?! Дзеці ў нас актыўныя, наведваюць многія мерапрыемствы. Яны і бацькоў за сабой цягнуць, — з усмешкай адзначае мама.

Самым складаным у падрыхтоўцы для сям’і Кішко аказаўся конкурс, дзе мужу і жонцы трэба было распілоўваць дровы.

— Муж мой умее, ён з лесам на «ты», але ж трэба было навучыць яшчэ і мяне, — падзялілася гаспадыня.

На прадстаўленні свайго падворка сям’я дружна выканала песню, на гукі якой сышліся ўсе госці і сталі танцаваць. «А для шчасця мне патрэбны родны кут і родны дом», — шчыра спявалі Кішко.

«Муж моцна перажывае за спавіванне!»

Сям’і Кулеш для ўдзелу ў конкурсе ехаць далёка не прыйшлося — яны з Вілейскага раёна. Мама Вікторыя — работнік культуры, цяпер у дэкрэце, тата Ігар — вадзіцель аўтамабіля хуткай дапамогі.

— Да «Уладара сяла» рыхтаваліся ўсім сваім пасёлкам, — расказала гаспадыня. — Муж і дзве дачушкі Сафія і Аліна вельмі дапамагалі! Рыхтаваліся паскорана, можна сказаць, у самыя кароткія тэрміны.


Удзельнічаючы ў раённым этапе, сям’я нават не спадзявалася на перамогу.

— Мы хацелі проста годна паўдзельнічаць і не падвесці свой сельсавет, — прызнаецца тата Ігар. — Як аказалася, занялі першае месца на раённым этапе, і сёння ўжо спаборнічаем на вобласці.

У сям’і Кулеш, як ні дзіўна, складанасці таксама ўзніклі з распілоўкай палена.

— Адзіны конкурс, на якім мы трошачкі забуксавалі, — распілоўка палена. Мы не падрыхтавалі пілу, яна дрэнна функцыянавала. А яшчэ мой муж моцна перажывае за спавіванне. Хоць, калі мы дома трэніраваліся, у яго атрымлівалася з першага разу і нават лепш, чым у любой мамы.

Рыхтаваліся ўсёй вёскай!

Сям’ю Гутавых з Чэрвеньскага раёна ў падрыхтоўцы да «Уладара сяла» вельмі падтрымлівалі.

— Мы працуем у сельскім Доме культуры, — падзялілася мама Ксенія. — Таму тое, што будзем удзельнічаць, было лагічна. Нас падтрымлівалі калегі, сябры, настаўнікі — усе!
Сям’я калісьці жыла ў Мінску, але пакінула сталіцу і пераехала ў аграгарадок Валевачы дзеля спакою і цішыні.


У Дзмітрыя і Ксеніі двое дзяцей — старэйшаму сем гадоў, малодшаму год і чатыры месяцы. Тата — былы лётчык і авіядыспетчар, які пасля дваццаці гадоў службы вырашыў цалкам прысвяціць сябе творчай і культурнай працы разам з жонкай.

Гутавы, дарэчы, сталі пераможцамі ў анлайн-галасаванні.


У цэлым, кожная з сем’яў-удзельніц заслужыла самыя высокія балы за старанне і творчасць, аднак журы вызначыла трох пераможцаў: сям’я Аляксандра і Ганны Лабажэвічаў з Нясвіжскага раёна стала ўладальнікам першага месца, Сяргей і Любоў Філюты з Любанскага раёна — другога, Аляксандр і Наталля Лапаткіны са Старадарожскага раёна занялі трэцяе месца.

Але ўсе канкурсанты, сем’і, якія жывуць у розных кутках Міншчыны, даказалі, што сучасная беларуская вёска — месца неверагоднай сілы і цяпла. 

Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД
г. Вілейка

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю