Наколькі важна памятаць сваю гісторыю, беражліва адносіцца да гераічнага і трагічнага мінулага нашай Айчыны, сваім уласным прыкладам паказвае Прэзідэнт. Аляксандр Лукашэнка не раз гаварыў аб тым, што Брэсцкая крэпасць, як і многія іншыя памятныя месцы краіны, з’яўляецца святыняй для кожнага беларуса. На што ў розныя гады звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы, будучы на гэтай свяшчэннай зямлі, нагадае падшыўка «Звязды».
«Наша агульная задача — захаваць здабытую нялёгкай цаной свабоду»
У чэрвені 1996 года Аляксандр Лукашэнка наведваў мемарыяльны комплекс «Брэсцкая крэпасць-герой» разам са сваім расійскім калегам Барысам Ельцыным. Напярэдадні прэзідэнтамі Беларусі і Расіі было прынята рашэнне аб арганізацыі сумеснай акцыі ў дзень 55-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны — менавіта тады нарадзілася ідэя правядзення Дня агульнанароднай памяці і смутку, які ў выніку стаў агульнанацыянальным днём. Выбіраючы месца, дзе намечаныя да 22 чэрвеня мерапрыемствы выглядалі б найбольш натуральна, кіраўнікі дзяржаў спыніліся на Брэсце — горадзе, дзе ў жорсткіх баях загінулі першыя савецкія воіны.

Як пісала «Звязда», Аляксандр Лукашэнка пачаў гэты дзень з памінальнай літыі па ўсіх загінулых воінах, якая праходзіла ў Брэсцкай Свята-Нікольскай брацкай царкве на чале з Мітрапалітам Мінскім і Слуцкім Філарэтам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі. Асноўныя падзеі разгарнуліся ў мемарыяле «Брэсцкая крэпасць-герой» з прыбыццём у другой палове дня Прэзідэнта Расіі.
«Наша агульная задача — пабудаваць найлепшы свет, захаваць здабытую нялёгкай цаной свабоду, а значыць, у канчатковым выніку, — выканаць запавет бацькоў і дзядоў, якія загінулі ў баях за Айчыну», — адзначыў у сваёй прамове беларускі лідар.
Прэзідэнты абмяняліся дублікатамі Сцяга Перамогі і Сцяга Брэсцкай крэпасці, пасля чаго сустрэліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны.
«Гераізм нашага народа ні ў якім разе не павінен быць забыты»
Беларускі лідар браў удзел ва ўрачыстасцях, якія ў маі 2005 года праходзілі ў мемарыяльным комплексе. «Адсюль, з берагоў Буга, пачалося пераможнае шэсце Савецкай Арміі-вызваліцельніцы па Еўропе, — канстатаваў Прэзідэнт у сваім выступленні. — Мы аддаём даніну нязменнай, бязмежнай павагі тым, хто прынёс на алтар Перамогі самае дарагое — жыццё, хто набыў права на бессмяротнасць, на ўдзячную памяць нашчадкаў сваёй самаахвярнай адданасцю Радзіме».
Звяртаючыся да ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, Прэзідэнт выказаў глыбокую і шчырую ўдзячнасць за іх вялікі подзвіг. «Дзякуй вам за тое, што вы да гэтага часу ў страі, — сказаў ён. — Мы свята ўшаноўваем, захоўваем і прымнажаем завешчаныя вамі традыцыі мужнасці і патрыятызму. Будзем і ў далейшым высока трымаць Сцяг Перамогі».
«Наша агульная Перамога ў Вялікай Айчыннай вайне паказала: толькі разам, аб’яднаўшыся, нашы краіны змогуць годна супрацьстаяць любой пагрозе», — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Асаблівая ўвага была ўдзелена ветэранам. Прэзідэнт цікавіўся іх надзённымі праблемамі, пажадаў мужным абаронцам Айчыны доўгіх гадоў жыцця і здароўя. Ён падкрэсліў, што беларускае кіраўніцтва выканала ўсё, што было абяцана ўрадам у савецкія часы: у нашай краіне не застаўся без увагі ніводзін ветэран, ніводзін пажылы чалавек. Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, у Беларусі, як ні ў адной іншай дзяржаве, вялікая ўвага ўдзяляецца памяці тых, хто загінуў, абараняючы Радзіму. «Гераізм нашага народа ні ў якім разе не павінен быць забыты», — заявіў кіраўнік дзяржавы.
«Беларусы прыкладуць усе намаганні для далейшага існавання Брэсцкай крэпасці для будучых пакаленняў»
22 чэрвеня 2008 года на тэрыторыі мемарыяла «Брэсцкая крэпасць-герой» Аляксандр Лукашэнка прысутнічаў з Прэзідэнтам Расіі Дзмітрыем Мядзведзевым. Наш Прэзідэнт адзначыў, што беларусы прыкладуць усе намаганні для далейшага існавання Брэсцкай крэпасці для будучых пакаленняў. На яго думку, існуючыя сімвалы стойкасці і мужнасці савецкага народа, які перамог у Вялікай Айчыннай вайне, маюць важнае значэнне: яны ў пэўнай ступені аб’ядноўваюць народы, робяць іх моцнымі, непераможнымі.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць у тым, што Брэсцкая крэпасць — агульная святыня для беларусаў і расіян. «Мы ні ў якім выпадку не спрабуем прысвоіць яе сабе, — заявіў Прэзідэнт. — Для расійскіх грамадзян гэта месца паломніцтва».
«Народ, які жыве на гэтай зямлі, аддасць жыццё, але не стане рабом»
Світанне 22 чэрвеня 2020 года Аляксандр Лукашэнка разам з ветэранамі сустракаў на гераічнай брэсцкай зямлі. «На захоп Брэсцкай крэпасці фашысты планавалі патраціць не больш за 8 гадзін, але яе невялікі гарнізон трымаўся месяц, — нагадаў Прэзідэнт. — Гэта даўжэй, чым дагэтуль супрацьстаялі Гітлеру цэлыя краіны. А пры ўзяцці Цытадэлі праціўнік страціў у тры разы больш салдат і афіцэраў, чым за ўсю польскую кампанію».
Па словах кіраўніка дзяржавы, беларусы заўсёды будуць памятаць гэтыя факты, бо ў іх — веліч і сіла духу людзей, якія не скарыліся. «Менавіта тады, калі не здаваліся і не паміралі абаронцы крэпасці, вораг быў пераможаны псіхалагічна, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Яны ўсвядомілі, куды прыйшлі. І гэта быў першы крок савецкага народа на шляху да найвялікшай Перамогі новага часу».
.png)
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Брэсцкая крэпасць стала непераадольнай перашкодай для фашыстаў, якія так і не дайшлі да сталіцы нашай тагачаснай дзяржавы за шэсць тыдняў, як планавалі. «І ў той дзень захопнікі паўтарылі незасвоены гістарычны ўрок: народ, які жыве на гэтай зямлі, аддасць жыццё, але не стане рабом», — падкрэсліў Прэзідэнт.
«Мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддадзім»
У 2021 годзе ў Брэсцкай крэпасці беларускі лідар браў удзел у цырымоніі, прысвечанай 80-й гадавіне з дня пачатку Вялікай Айчыннай вайны. Прэзідэнт адзначыў, што ўжо пасля 9 мая 1945 года немцы назвалі той чэрвеньскі дзень фатальным для сваёй нацыі. «Сябры і ворагі СССР да пачатку ліпеня гадалі, колькі яшчэ краіна пратрымаецца — два тыдні, тры, можа месяц? — канстатаваў ён. — А берлінскія стратэгі ўжо запланавалі фашысцкі парад на Краснай плошчы ў Маскве. Але тут, каля сцен беларускай брэсцкай Цытадэлі, літаральна ў першыя гадзіны вайны нацысцкі бліцкрыг сарваўся».
.png)
Па словах беларускага лідара, захопнікі (а супраць Савецкага Саюза ваявала амаль уся Еўропа) не разумелі, чаму нават у самых адчайных сітуацыях савецкі салдат не здаваўся, як наогул ён мог выстаяць і ў выніку перамагчы. «Гэтак жа нас сёння не разумеюць нашчадкі тых, хто ў 40-я ішлі па беларускай зямлі на Маскву, палілі хаты і знішчалі людзей, — заўважыў Прэзідэнт. — Здзіўляюцца, чаму мы ўсё яшчэ існуём на гэтай зямлі як дзяржава».
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на сітуацыю, якая адбываецца вакол нашай краіны, маючы на ўвазе ўвядзенне санкцый і мілітарызацыю суседніх з намі краін. «Уразумейце раз і назаўсёды: мы родную зямлю, незалежнасць і суверэнітэт нікому не аддадзім, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Мы ў любым выпадку выстаім!»
Прэзідэнт заклікаў беларусаў памятаць пра тых, хто загінуў у гады вайны. «Гэта памяць свяшчэнная і непарушная, і пакуль яна ёсць у нас, мы будзем жыць, жыць заўсёды годна, не на каленях, — падкрэсліў ён. — Так ёсць, так павінна быць і так будзе заўсёды!»
Матэрыял падрыхтавала Вераніка КАНЮТА