Рэпінская спадчына
— Менавіта ў Здраўнёве на працягу 1892–1902 гадоў мастак стварыў такія вядомыя карціны, як «Асенні букет», «Паляўнічы», «Беларус», «На Заходняй Дзвіне. Усход Сонца», «Месячная ноч. Здраўнёва», — усяго больш за 40 палотнаў, — адзначыў вучоны сакратар Віцебскага абласнога краязнаўчага музея Валерый ШЫШАНАЎ. — Комплекс музея-сядзібы размешчаны ў надзвычай маляўнічым месцы. Ён уключае адноўлены па малюнках і чарцяжах галоўны сядзібны дом, дзе працуе мемарыяльная экспазіцыя з шасці залаў. У ёй прадстаўлены копіі фатаграфій, дакументаў, твораў Ільі Рэпіна, кнігі, прадметы быту... На тэрыторыі музея-сядзібы захаваліся гаспадарчыя пабудовы, ліпавая алея, пасаджаная самім мастаком.
Так што, калі вам захочацца выбрацца з шумнага фестывальнага горада, адпраўляйцеся сюды, каб дакрануцца да жыццёвых і творчых таямніц вялікага майстра, а таксама паназіраць за стваральным працэсам удзельнікаў «Рэпін-фэста». Гэта ўсяго ў 16 кіламетрах ад Віцебска. Дабрацца ў «Здраўнёва» можна на маршрутным таксі. Дарэчы, разглядаецца пытанне аб арганізацыі водных рэйсаў па Заходняй Дзвіне.

Безумоўна, прыемным падарункам для гасцей васільковага форуму стане дэманстрацыя адзінаццаці карцін Ільі Рэпіна ў Віцебскім мастацкім музеі. Сярод іх — «Месяцавая ноч. Здраўнёва», партрэты Марыі Андрэевай, Васіля Сварога, Лідзіі Штэйнгель.
Адзіная ў Беларусі калекцыя арыгінальных твораў майстра, якую збіралі на працягу ўсяго ХХ стагоддзя, захоўваецца ў Нацыянальным мастацкім музеі. У паўночны рэгіён, які стаў месцам натхнення знакамітага мастака, яна прыбудзе ўпершыню — творы можна будзе ўбачыць у фестывальныя дні.
Трыпціх пра магутныя постаці
Віцебск заслужана называюць горадам мастакоў. Асабліва шануюць тут памяць знакамітых майстроў, лёс якіх звязаны з ім. Вось і аматарскі калектыў — народны маладзёжны тэатр «Кола» Цэнтра культуры «Віцебск» прысвяціў свой праект "Віцебскі рэнесанс. Трыпціх«творчасці Юдаля Пэна, Марка Шагала і Казіміра Малевіча. Дарэчы, ён уключаны ў тэатральную праграму сёлетняга форуму.
Тры спектаклі будуць дэманстравацца на працягу трох дзён. Першы — «Настаўнік у цені» — гэта аповед пра цішыню майстэрні Пэна на фоне эпохі, калі авангард спрабуе выцесніць класіку, а мастак застаецца верным сабе і адмаўляецца прадаваць палотны, лічачы іх жывымі часткамі душы. З яго кансерватыўнай школы вырастаюць тыя, хто разбурыць яго эстэтыку. У гэтым трагедыя і трыумф настаўніка: ён даў крылы тым, хто паляцеў у іншы мастацкі свет.
Другая, самая эмацыйная і «зямная» частка трыпціху, — «Камісар мастацтваў» — прысвечана Шагалу. Яму наканавана пакута назіраць за прыгажосцю ў разгар класавай барацьбы. Крызіс творцы, яго плата за спробу расфарбаваць рэвалюцыю ў яркія колеры паказаны праз быт і асабістыя перажыванні.

І нарэшце — «Час «УНОВИС» і постаць Малевіча, чыя халодная думка пранізвае час і прастору. У атмасферы яго віцебскай лабараторыі пачатку ХХ стагоддзя індывідуальнае «я» ахвяруецца на карысць калектыўнага «мы».
— Наш праект — гэта асэнсаванне «пункту невяртання», пасля якога сусветнае мастацтва перастала быць ранейшым, — заключае рэжысёр-пастаноўшчык трыпціха, кіраўнік тэатра «Кола» Уладзіслава ЦВІКІ.
Галерэя пад адкрытым небам
Перыяд «Славянскага базару ў Віцебску» — гэта час, калі выяўленчае мастацтва само крочыць да людзей, выходзіць на гарадскія вуліцы. Традыцыйная выстава-кірмаш «Віцебскі вернісаж» з удзелам больш як 80 прафесійных мастакоў з усёй Беларусі развернецца паблізу ад ратушы. Гэта выдатная магчымасць атрымаць эстэтычную асалоду ад сузірання карцін, выкананых у розных тэхніках, набыць ці замовіць тую ці іншую з іх. Цікава пагаварыць з аўтарамі або атрымаць маментальны партрэт на памяць.
Творчыя здабыткі сучасных самадзейных віцебскіх майстроў — удзельнікаў народнай студыі мастакоў-аматараў «Контур» культурна-гістарычнага комплекса «Залатое кола горада Віцебска «Дзвіна» можна будзе пабачыць у фестывальныя дні на «Задзвінскім кірмашы».
Святлана ЯКАЎЛЕВА
Фота з адкрытых крыніц