Вольга паступіла ў Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт.
На шляху да кіраўніцтва школай гераіня прайшла шмат прыступак: пачынала з выхавальніка групы падоўжанага дня, затым стала настаўнікам пачатковых класаў. Праз некаторы час прапанавалі павышэнне — пасаду намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце.
— Было хвалююча, калі следам прапанавалі ўзначаліць Лунінецкую сярэднюю школу № 1, маю родную школу, — прызнаецца яна. — І вось я ўжо тры гады працую на гэтай пасадзе.
За гэты час Вольга Капусціч ва ўзаемадзеянні са згуртаванай камандай з усяго раёна рэалізавала праект па рэканструкцыі школы. І цяпер гэта ўстанова адукацыі — сучасны і вельмі ўтульны «храм ведаў».
— Вядома, і вобласць моцна нам у гэтым дапамагла, — адзначае дырэктар. — Дзякуючы гэтай падтрымцы атрымаўся вельмі годны вынік, якім я ганаруся.
Вольга Капусціч упэўнена: работа з дзецьмі ніколі не бывае сумнай і аднастайнай.
У гэтым перавага прафесіі настаўніка.
— У нашым калектыве так заведзена: у школе галоўныя — дзеці! Мы працуем для іх, — сцвярджае яна. — І я, і мае калегі заўсёды стараемся справядліва ацэньваць любую сітуацыю. Да мяне можна прыйсці з любой просьбай. Упэўнена, і настаўнікі, і самі дзеці звяртаюцца да мяне без хвалявання і страху. У адукацыі, ды і ў любой сферы, вельмі важна наладзіць даверныя і паважлівыя адносіны. Мой падыход у рабоце — паважаць чалавека: і дарослага, і маленькага.
Матэрыял падрыхтавалі Яна ВАЛАСАЧ, Алена ДАЎЖАНОК. Фота Лізаветы ГОЛАД