Цэлы творчы калектыў
Цяпер Ганна Місавец у чарговым дэкрэтным адпачынку, у які пайшла з пасады спецыяліста па інвентарызацыі Драгічынскага райспажыўтаварыства. Навіна пра высокую дзяржаўную ўзнагароду стала для яе поўнай нечаканасцю. Успамінае, што спачатку ёй патэлефанавалі з работы і паведамілі, што яе кандыдатура вылучана на атрыманне ордэна Маці. Пасля неабходна было сабраць дакументы на разгляд. Праз некаторы час гэта пытанне адышло на другі план, паколькі сям’я чакала нараджэння шостага дзіцяці.
У сакавіку 2025 года, калі будучая маці знаходзілася ў бальніцы, ёй паведамілі, што рашэнне аб узнагароджанні прынята. Па словах Ганны, гэта стала вялікай і вельмі хвалюючай навіной.

Зрэшты, у вялікай сям’і падзей заўсёды хапае. Ды й дзеці растуць. Старэйшы сын Данііл у снежні адзначыць сваё 18-годдзе. Ён скончыў 11 класаў і плануе паступаць у Ваенную акадэмію. Выбар будучай прафесіі невыпадковы: бацька Сяргей Місавец — старшы оперупаўнаважаны Драгічынскага РАУС, маёр міліцыі. Менавіта ён, па словах жанчыны, з’яўляецца яе галоўнай апорай і першым памочнікам у выхаванні дзяцей.
Іх дачцэ Аляксандры — 13. Яна вельмі творчая асоба: ужо сем гадоў займаецца ігрой на фартэпіяна, а яшчэ танцуе ў творчых калектывах «Спадоба» і «Славяначка», якія неаднаразова станавілася прызёрамі розных конкурсаў і фестываляў.

Васьмігадовая Марыя таксама вучыцца іграць на фартэпіяна, займаецца танцамі і спевамі. У сям’і яе называюць «вечным рухавіком», бо дзяўчынка заўсёды імкнецца ўдзельнічаць у розных гуртках і мерапрыемствах.
Яшчэ адна дачка — Лізавета — рыхтуецца пайсці сёлета ў першы клас. Пяцігадовая дзяўчынка ўжо завяршыла падрыхтоўчы курс па танцах. Па словах маці, яна вельмі спакойная і сціплая, але пры гэтым умее праяўляць характар.
Стэфаніі нядаўна споўнілася тры гады. Яна наведвае дзіцячы садок і называе сябе «дзіця-свята». Родныя адзначаюць яе жыццярадасны характар і здольнасць дарыць добры настрой усім вакол.
Самая малодшая ў сям’і — Агнія, ёй усяго дзевяць месяцаў.
Нягледзячы на вялікую колькасць штодзённых клопатаў, сям’я Місавец стараецца захоўваць свае традыцыі. Абавязковымі для яе з’яўляюцца сумесныя святкаванні дзён нараджэння, Новага года, Ражджаства і Вялікдня. За агульным сталом збіраюцца прадстаўнікі некалькіх пакаленняў — далучаюцца дзядулі і бабулі. Важнае месца ў іх жыцці займаюць наведванне храма і навучанне дзяцей у нядзельнай школе.
Плюс моцнае плячо дзяржавы
Вялікую падтрымку аказвае дзяржава, падкрэслівае Ганна. Для шматдзетных сем’яў дзейнічаюць сацыяльныя гарантыі, дапамогі, льготы ў сферы адукацыі і іншыя меры падтрымкі. Асобна жанчына адзначае магчымасць атрымання сямейнага капіталу.
Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы сям’я набыла зямельны ўчастак з домам, пасля чаго аформіла дакументы на яго рэканструкцыю. У выніку ў яе цяпер ёсць прасторны шасціпакаёвы дом плошчай больш за 100 квадратных метраў.
Ганна Місавец прызнаецца, што быць маці шматдзетнайя сям’і — вялікая праца. Кожны дзень патрабуе ўвагі да патрэб і інтарэсаў кожнага дзіцяці. Аднак галоўнай узнагародай яна лічыць іх поспехі, перамогі, усмешкі і здароўе.

Па словах жанчыны, кожнае дзіця мае свой характар, свае здольнасці і захапленні. Менавіта гэта дапамагае не губляць натхненне і знаходзіць новыя сілы. Яна ўпэўнена, што дзеці не толькі вучацца ў бацькоў, але і самі вучаць дарослых глядзець на жыццё па-новаму.
Сярод галоўных каштоўнасцяў, якія бацькі імкнуцца перадаць сваім дзецям, — павага да продкаў, любоў да сям’і, захаванне міру, павага да законаў і традыцый сваёй краіны. Дзеці павінны ведаць, што ў любой жыццёвай сітуацыі могуць разлічваць на падтрымку родных людзей.

Звяртаючыся да жанчын, якія толькі пачынаюць шлях мацярынства або мараць пра вялікую сям’ю, Ганна раіць не баяцца. На яе думку, калі ёсць падтрымка родных, узаемаразуменне ў сям’і і дзяржаўная дапамога, то мацярынства становіцца не толькі вялікай адказнасцю, але і сапраўднай крыніцай шчасця.
А на пытанне, у чым заключаецца галоўная радасць маці, яна адказвае вельмі проста: самае важнае — здаровыя і шчаслівыя дзеці.
Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД