— Да нядаўняга часу я была ўрачом-нефролагам, а большасць прадстаўнікоў гэтай галіны медыцыны заўсёды на сувязі з людзьмі. Таму што прасцей пракансультаваць тут і цяпер, нават па тэлефоне, чым потым змагацца з сур'ёзнымі наступствамі. Пяць хвілін камунікацыі з пацыентам — для мяне гэта не праблема.
Алена Рыгораўна, выбіраючы не проста прафесію, а сваё прызначэнне яшчэ ў дзяцінстве, ведала, што медыцына — гэта няпроста.
— Іншых варыянтаў, акрамя як вучыцца на ўрача, у мяне не было, — з усмешкай адзначае яна. — І я лічу, што ісці ў медыцыну трэба. Цяпер моладзь не надта хоча выбіраць складаныя прафесіі, і дарма. Мне, калі шчыра, заўсёды хацелася дапамагаць людзям яшчэ больш. Раней звярталіся пацыенты з адной праблемай, цяпер, калі змянілася пасада, кола зваротаў стала шырэй. Мяне гэта вельмі радуе. Асабліва, калі чалавек ідзе на папраўку, я адчуваю поўную аддачу.

Па яе словах, прафесія ўрача прадугледжвае працу з вялікай колькасцю людзей, і часта трэба быць гатовым да таго, што ўсё пойдзе незапланаваным чынам.
— Вельмі патрэбны навык камунікацыі, — лічыць Алена Казун. — Хтосьці з пацыентаў плача, хтосьці становіцца агрэсіўным — важна выслухаць чалавека і паглыбіцца ў яго праблему, у яго боль. Мае дзверы заўсёды адчыненыя — я магу затрымацца на працы, магу зняць трубку пасля яе.
Дзякуючы свайму падыходу да справы і жыццёвай лёгкасці ў Алены Рыгораўны, як ні дзіўна, застаецца час і на асабістае жыццё.
— Праца працай, але дом, блізкія, сям'я таксама маюць вельмі вялікае значэнне. Іх падтрымка — самая каштоўная для мяне.