Дэвід Разумаў ужо быў пастаноўшчыкам спектакля «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Уладзіміра Караткевіча (у Гомельскім гарадскім маладзёжным тэатры). І вось зноў яго любімы аўтар, толькі ўжо на Купалаўскай сцэне.
Задача была звышскладаная: даволі вялікі раман трэба было адаптаваць да тэатра, прычым рэжысёр-пастаноўшчык, які ўжо станавіўся лаўрэатам Нацыянальнай тэатральнай прэміі, вельмі хацеў зрабіць спектакль цікавым, каб яго хацелася глядзець. Прыкладна так жа, як хочацца чытаць Караткевіча, калі адкрыў кнігу. Таму для Дэвіда Разумава галоўнай задачай было — максімальна захаваць аўтарскі тэкст і не страціць інтрыгі — а іх тут некалькі, як і некалькі эпох сыходзяцца ў адным пункце, у кожнай свае героі, свае таямніцы, злачынствы...
Як ні дзіўна, за дзве гадзіны, пакуль ідзе спектакль, мы сапраўды бачым (і чуем!) Караткевіча — яго сюжэт, яго словы. Ад яго нават прыём, калі аповед вядзе сам галоўны герой — Антон Косміч. І пачынаецца спектакль дакладна з той жа фразы, што і раман. І далей дзея разгортваецца паступова — дакладна як закладзена аўтарам рамана. Толькі больш канцэнтравана — дынаміка неабходная тэатральнай пастаноўцы, каб глядач не засумаваў, лічыць рэжысёр.
...Вядома, бо гэта ж дэтэктыў — менавіта гэты жанр увасоблены на сцэне з пэўнымі яго атрыбутамі, што ўвайшлі ў нашу свядомасць (напрыклад, апазнанне тых, хто загінуў, насілкі, белая прасціна...). Сам Караткевіч віртуозна выкарыстоўваў гэты жанр, каб зацікавіць сваіх чытачоў беларускай гісторыяй і сказаць тое, што было для яго важна. У тэатры гістарычная лінія праходзіць праз увесь спектакль. Вобраз гісторыі праглядае і ў сцэнах сучаснасці: найперш праз дэкарацыі, створаныя народным мастаком Беларусі Барысам Герлаванам. Па-першае, мы бачым стэлажы з кніжнымі паліцамі, якія перасоўваюцца і нібыта ахінаюць ці заціскаюць героя. Па-другое, руіны замка не стацыянарныя, а таксама рухомыя — сутарэнні ці калоны. У залежнасці ад таго, як размяшчаюцца на сцэне велічныя калоны, мы разумеем, на якой лакацыі адбываецца дзея. Гэтыя руіны нібыта перамяшчаюцца ўслед за героем ці нават у яго мроях — і тут з’яўляецца містыка, якую надаюць прывіды мінулага ці гістарычныя сцэны, якія часам разыгрываюцца вакол яго. Зварот да гісторыі не літаральны, таму не трэба чакаць пышных гістарычных касцюмаў, яны ўмоўна-стылізаваныя (мастачка Марына Шуста распрацавала каля 100 вобразаў). Хутчэй гэта патрэбна дзеля таго, каб перадаць дух гісторыі і саміх герояў з далёкай мінуўшчыны, якія калісьці тут жылі, мелі скарбы і свае таямніцы, пакінулі іх у выглядзе загадак на стагоддзі.
І вось тут, вядома, нагнятаецца містычная атмасфера, у тым ліку праз рухі, святло. Гульня святла і ценю стварае містычна-гатычны настрой. Яго ўзмацняе музычнае афармленне. Рэжысёр не даверыў стварэнне музыкі нікому, вырашыў рабіць гэта сам з дапамогай штучнага інтэлекту, бо дакладна ведаў, што хоча. Гэта не нейкая меладычная тэма, гэта хутчэй гукавы фон, які ў тэатры становіцца дадатковай фарбай. Часам дзякуючы ёй мы дакранаемся да душы галоўнага героя Антона Косміча, які не баіцца шукаць, рызыкаваць, ведаючы, што кола вакол яго сціскаецца, але ідзе насуперак і да канца. Логіка даследчыка, апантанага і неабыякавага чалавека (а не следчага з фармальным падыходам), адкрывае яму таямніцу змроку, у якім апынулася душа Людвіга-Лапатухі, прымушае дакопвацца да сутнасці і вывесці на чыстую ваду сапраўднага князя Альшанскага. Увесь спектакль трымаецца на гэтым персанажы — Антоне Космічы. З яго роляй выдатна справіўся артыст Сяргей Бірульчык — ён сапраўдны галоўны герой, прычым і ўсёй тэатральнай падзеі, якая ў афішы тэатра атрымала назву «Замак Альшанскі».
Тут таксама ёсць логіка: гэта адчуванне Караткевіча маладым рэжысёрам, з яго імкненнем да імклівасці і дынамікі, з яго адчуваннем містычнага і таямнічага, штучнага і існага. І ўсё гэта ён паспрабаваў уціснуць у спектакль, працягласцю дзве гадзіны з антрактам. Для тых, хто толькі знаёміцца з Караткевічам, гэта роўна тое, што трэба, каб пасля ўзяць у рукі яго кнігі. Аматары Караткевіча, якія ведаюць твор, за гэты час згадаюць яго калізіі, а можа быць, і тое адчуванне, калі ўпершыню свядомасць узварушылі словы і думкі, якімі жыў любімы пісьменнік.
Ларыса ЦІМОШЫК
Фота БелТА