Top.Mail.Ru

3 ліпеня ў Беларусі з’явіліся на свет 116 немаўлят

Гэтымі днямі па ўсёй краіне праходзіць ужо традыцыйная акцыя «Белая Русь — з любоўю да дзяцей». Падчас яе па ўсёй краіне матулям, якія нарадзілі дзетак у Дзень Незалежнасці, уручаюць падарункі. Сёлета рэспубліканская акцыя арганізуецца ўжо 18-ы раз. У радзільных дамах і аддзяленнях краіны ў самае галоўнае дзяржаўнае свята з’явіліся на свет 116 немаўлят.

У 5-й гарадской клінічнай бальніцы сталіцы нованароджаных пяцёра — 1 хлопчык і 4 дзяўчынкі. Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, якая прыехала павіншаваць мам, адзначыла, што для яе і яе калег заўсёды хвалююча і кранальна віншаваць жанчын, якія сталі маці — для кагосьці гэта ўпершыню, а хтосьці адчувае гэта шчасце ўжо ў другі, трэці раз: «Мацярынства для кожнай жанчыны — гэта найлепшае пачуццё, разуменне таго, што на свет з’явіўся працяг цябе, працяг тваіх родных і блізкіх», — адзначыла Наталля Качанава, заклікаўшы жанчын не спыняцца на дасягнутым і смела планаваць пашырэнне сваіх сем’яў, бо з гадамі кожны з бацькоў пачынае задумвацца пра тое, чаму не падарыў жыццё яшчэ большай колькасці дзяцей.

Міністр адукацыі, старшыня Рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Андрэй Іванец падкрэсліў: «Сёння ў нашай дзяржаве дзякуючы нашаму Прэзідэнту створаны ўсе ўмовы, каб кожная маці адчувала сябе шчаслівай».

Сапраўды, у Беларусі пытанням мацярынства, дзяцінства і сямейнага выхавання ўдзяляецца пільная ўвага, у тым ліку і таму, што з папаўненнем у сям’і ўзрастае і адказнасць, і фінансавая нагрузка. Таму ў нашай краіне рэалізуецца комплекс сістэмных мер для падтрымкі сем’яў. Сярод іх — будаўніцтва жылля для шматдзетных, праграма сямейнага капіталу, розныя дапамогі і шэраг іншых прэферэнцый, прадугледжаных заканадаўствам. Усё дзеля шчаслівага дзяцінства маленькіх беларусаў — будучыні нацыі.

Наталля Качанава звярнула ўвагу, што ў краіне ўмацаванне інстытута сям’і і забеспячэнне дэмаграфічнай бяспекі традыцыйна знаходзяцца на строгім дзяржаўным кантролі, у тым ліку былі замацаваны ў якасці стратэгічнага прыярытэту на Усебеларускім народным сходзе.

Пасля цёплых слоў удзячнасці і віншаванняў кожнай маці ўручылі памятныя падарункі. Мама нованароджанага Аляксандра, якога ўжо чакаюць дома дзве старэйшыя сястрычкі Вікторыя і Кацярына, прызналася, што не можа стрымаць слёзы ад пачуццяў, якія перапаўняюць яе сэрца: «Гэта і хваляванне, і шчасце. Мы з мужам заўсёды хацелі вялікую сям’ю, а пасля дзвюх дачок асабліва марылі аб сыне. Спачатку ўрачы гаварылі, што зноў будзе дзяўчынка, таму калі даведаліся, што насамрэч народзіцца хлопчык, мы яшчэ больш узрадаваліся. Сын — гэта абарона, працяг роду, апора для мамы і радасць для бацькі».

Сваімі эмоцыямі падзялілася і мама маленькай Евы, якая таксама нарадзілася ў Дзень Незалежнасці: «Цяпер свята ў маім доме — нараджэнне нашай дачушкі Евы. Хачу дактарам выказаць вялікую падзяку за іх чуласць, за іх працу. Яны сапраўдныя чараўнікі, дораць людзям шчасце... І дзякуй нашай краіне, што вы нас вось так віншуеце».

Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю