У 2005 годзе Мікалай Чаргінец спакойна і разам з тым даволі грунтоўна выклаў сваю пазіцыю, сабраўшы вакол сябе літаратараў у грамадскае аб’яднанне «Саюз пісьменнікаў Беларусі». Маючы за плячыма каласальны вопыт палітыка, напісаўшы да гэтага часу бібліятэку цікавых, запатрабаваных у чытача мастацкіх кніг, пісьменнік шчыра і ўнікліва падышоў да фарміравання творчай арганізацыі ў няпростых мастацкіх абставінах. І здолеў зрабіць яго так, як наўрад ці змог бы хто іншы. Заслужаная адзнака гэтай працы, ацэнка яго творчых памкненняў — наданне Мікалаю Іванавічу Чаргінцу звання «Народны пісьменнік Беларусі».
У апошнія гады Мікалай Іванавіч працаваў над мемуарамі, прысвечанымі пройдзеным жыццёвым дарогам. Нельга без хвалявання чытаць старонкі, прысвечаныя дзяцінству ваенных часін, падлеткавым гадам у Мінску, які падымаўся з руін. Здавалася, што гэтымі кнігамі мемуарыі, успамінаў, як і сваім раманам «Аперацыя «Кроў», ён імкнуўся перадаць нашчадкам свой галоўны запавет — захоўваць мір ва ўсім свеце, шанаваць родную краіну, несці ў заўтра традыцыі гераічнага народа Беларусі, шанаваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Застаецца і літаратурнай моладзі, новым пакаленням пісьменнікаў ісці след у след гэтаму запавету. І памятаць, што гэта запавет не шараговага сузіральніка войнаў і іншых драматычных для грамадства падзей, а запавет салдата, афіцэра, генерала, запавет воіна-«афганца».
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі
Алесь КАРЛЮКЕВІЧ
«Імя Мікалая Іванавіча Чаргінца непарыўна звязана са станаўленнем і развіццём незалежнай беларускай дзяржавы, — гаворыцца ў некралогу, падпісаным кіраўніцтвам Савета Міністраў. — М. І. Чаргінец шырока вядомы не толькі як дзяржаўны дзеяч, патрыёт Айчыны, але і як таленавіты пісьменнік, аўтар дзясяткаў мастацкіх твораў, якія любімыя не адным пакаленнем чытачоў і добра вядомы далёка за межамі Беларусі. Шмат гадоў ён узначальваў Саюз пісьменнікаў Беларусі і ўнёс неацэнны ўклад ва ўмацаванне іміджу пісьменніцкай супольнасці як значнай творчай сілы, закліканай служыць роднаму народу і дзяржаве».

У сувязі са смерцю народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Іванавіча ЧАРГІНЦА дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь выказваюць глыбокія спачуванні яго родным і блізкім.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка накіраваў спачуванне родным і блізкім народнага пісьменніка і дзяржаўнага дзеяча Мікалая Чаргінца, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
«Уласцівыя Мікалаю Іванавічу чалавечнасць і прыстойнасць нароўні з вопытам баявога афіцэра і жыццёвай мудрасцю сталі асновай творчага поспеху і народнага прызнання. Яго шматгранная дзейнасць пакінула прыкметны след у грамадскім і культурным жыцці Беларусі і з’яўляецца яркім прыкладам самаахвярнага служэння Айчыне», — гаворыцца ў спачуванні.
Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што светлая памяць аб гэтым выдатным чалавеку назаўжды застанецца ў гісторыі краіны і сэрцах беларусаў.

У спачуванні родным і блізкім, прыхільнікам таленту пісьменніка, якое ад імя Савета Рэспублікі і сябе асабіста накіравала Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава, асабліва адзначана роля Мікалая Іванавіча як дзяржаўнага дзеяча. «Ён стаяў ля вытокаў беларускага парламентарызму, быў членам Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі
Беларусь першага, другога і трэцяга скліканняў, шмат гадоў узначальваў Пастаянную камісію па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. Яго работа ў ААН, актыўная пазіцыя ў адстойванні інтарэсаў нашай краіны выклікаюць глыбокую павагу і з’яўляюцца прыкладам сапраўднага патрыятызму», — гаворыцца ў спачуванні.
«Сваёй творчасцю, напоўненай глыбокім жыццёвым вопытам, мужнасцю і праўдай, Мікалай Іванавіч заслужыў шчырую любоў вялізнай колькасці чытачоў не толькі ў нашай краіне, але і за яе межамі, — гаворыцца ў спачуванні Міністэрства інфармацыі. — Як мудры і ўдумлівы пісьменнік, які ўнёс значны ўклад у развіццё беларускай літаратуры, для нашчадкаў Мікалай Іванавіч заўсёды будзе прыкладам сапраўднага служэння Радзіме».
Калектыў Выдавецкага дома «Звязда» глыбока смуткуе з прычыны смерці народнага пісьменніка Беларусі Мікалая Іванавіча ЧАРГІНЦА і выказвае спачуванні яго родным і блізкім.