Рабочы тыдзень беларускага лідара стартаваў з міжнароднага парадку дня. У панядзелак у Палацы Незалежнасці адбылася сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі са старшынёй Арабскага парламента Мухамедам Ахмедам Аль-Ямахі. У фокусе ўвагі бакоў былі гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, абмен досведам у заканатворчасці, сумесныя планы і многія іншыя аспекты развіцця далейшага двухбаковага супрацоўніцтва.
«Я прыхільнік таго, каб арабскія дзяржавы былі больш блізкія адна да адной»
Звяртаючыся да спікера Арабскага парламента, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў яго склаліся даўнія добрыя адносіны не толькі на дзяржаўным, але і на асабістым узроўні з кіраўнікамі многіх краін, якія ўваходзяць у Лігу арабскіх дзяржаў. «У нас ёсць істотная аснова ўмацавання нашых адносін, і база нашых адносін — гэта мірны падыход да вырашэння любых пытанняў і вырашэнне ўсіх пытанняў дыпламатычным шляхам за сталом перагавораў, калі такія пытанні ўзнікаюць, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы. — Не абыходзілася і без крытыкі. Вы, напэўна, гэта ўсё чыталі. Я прыхільнік таго, каб арабскія дзяржавы былі больш блізкія адна да адной, каб яны, займаючы кансалідаваную пазіцыю па глабальных і істотных пытаннях у свеце, былі адзіныя ў адстойванні таго ці іншага пункту гледжання. Такая крытыка з маіх вуснаў гучала, асабліва пасля таго, як ізраільская армія разбамбіла Газу».

У складзе дэлегацыі Арабскага парламента, якая прыбыла ў Беларусь, прадстаўнікі ААЭ, Егіпта, Лівіі і Іарданіі. Арабскі парламент — заканадаўчы орган Лігі арабскіх дзяржаў. Ён аб’ядноўвае 22 дзяржавы Блізкага Усходу, Паўночнай і Усходняй Афрыкі.
«Вельмі важна, каб нашы адносіны з усімі краінамі арабскага свету мелі такі ж узровень, як з Арабскімі Эміратамі, Егіптам, Лівіяй, Іарданіяй. Нам бы хацелася, каб і з іншымі краінамі ў нас былі такія адносіны, — адзначыў Прэзідэнт. — Але, скажу шчыра, не заўсёды ў нас атрымліваецца выбудаваць такія сяброўскія адносіны, як з краінамі, якія вы прадстаўляеце».
Паводле яго слоў, парламенцкае вымярэнне, народная дэмакратыя, вяршыняй якой яно з’яўляецца, адыгрывае вялікую ролю ў выбудоўванні цесных сяброўскіх адносін, якія былі б заснаваныя на эканоміцы, на эканамічнай базе. «Таму я з вялікім задавальненнем сустракаюся з вамі, падтрымліваю тыя дакументы, якія вы хочаце падпісаць з нашым парламентам, — падкрэсліў Прэзідэнт. — Мы будзем усяляк прыхільныя гэтым ініцыятывам двух парламентаў. І ў любы момант, пры вашым жаданні, мы гатовыя сустракацца і абмяркоўваць надзённыя пытанні нашых адносін. І хацелі б, каб яны мелі практычнае вымярэнне».

«Мы вам прапануем супрацоўніцтва, якое б дыверсіфікавала вашы цяперашнія адносіны»
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што арабскім краінам мы можам быць цікавыя ў многіх сферах і галінах. «Вы ведаеце, што Беларусь — гэта магутная машынабудаўнічая краіна, нягледзячы на свае памеры, з развітой сельскай гаспадаркай, медыцынай, адукацыяй, фармакалагічнай вытворчасцю і іншымі кірункамі, — канкрэтызаваў Прэзідэнт. — Але калі трэба больш вам паглыбіцца ў магчымасці Беларусі, мы з задавальненнем вам пакажам і раскажам».

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу прадстаўнікоў парламенцкай дэлегацыі на тое, што ім трэба арыентавацца не толькі на буйныя, глабальныя, багатыя краіны свету, але і на роўнавялікія краіны — такія, як Беларусь. «Гэта паказаў і іранскі канфлікт. Таму з усяго трэба рабіць адпаведныя высновы, прызнаваць памылкі, калі яны былі дапушчаныя, і надалей рабіць так, каб іх было менш, — арыентаваў кіраўнік дзяржавы. — Таму мы вам прапануем супрацоўніцтва, якое б дыверсіфікавала вашы цяперашнія адносіны».
«Мы сочым за актыўным развіццём адносін Рэспублікі Беларусь з арабскімі краінамі»
У сваю чаргу старшыня Арабскага парламента Мухамед Ахмед Аль-Ямахі выказаў падзяку нашаму боку і асабіста беларускаму лідару за магчымасць сустрэчы. «І мы вельмі рады, што прыбылі ў дзень 32-й гадавіны вашай інаўгурацыі, — звярнуўся ён да Прэзідэнта. — Гэта вельмі радасны дзень і для нас таксама. Магчымасць сустрэчы сёння — вялікі гонар для нас».

Спікер арабскага парламента падзякаваў кіраўніку дзяржавы за яго ацэнкі і меркаванні. «Мы вельмі цэнім іх і будзем імкнуцца, як вы адзначылі, да ўмацавання нашага супрацоўніцтва ў рэгіёне Блізкага Усходу, да развіцця адносін на двухбаковым узроўні і на ўзроўні нашага парламента з Рэспублікай Беларусь, — канкрэтызаваў кіраўнік дэлегацыі. — Мы сочым за актыўным развіццём адносін Рэспублікі Беларусь з арабскімі краінамі і спадзяёмся, што міжпарламенцкае супрацоўніцтва таксама і далей будзе адпавядаць гэтаму высокаму ўзроўню і будзе падтрымліваць гэтыя адносіны».
Мухамед Ахмед Аль-Ямахі падзякаваў беларускаму Прэзідэнту за яго высакародную пазіцыю ў падтрымцы арабскіх ініцыятыў, у тым ліку ва ўрэгуляванні палесціна-ізраільскага канфлікту.
Даслоўна
Пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяння ў палітычнай сферы
У размове з журналістамі старшыня Арабскага парламента Мухамед Ахмед Аль-Ямахі падкрэсліў, што сустрэча з Прэзідэнтам Беларусі была вельмі эфектыўнай. «Мы абмеркавалі пытанні гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, узаемадзеяння ў палітычнай сферы і дамовіліся аб падтрымцы ўсіх кірункаў і сфер двухбаковага ўзаемадзеяння, дамовіліся аб тым, што мы прыкладзём намаганні для таго, каб гэтыя адносіны развіваліся больш актыўна».
Спікер Арабскага парламента дадаў, што гэта іх першы візіт у Беларусь. На сустрэчы з кіраўнікамі палат Нацыянальнага сходу нашай краіны бакі плануюць абмеркаваць усе кірункі міжпарламенцкага ўзаемадзеяння і магчымасць далейшага ўмацавання супрацоўніцтва ва ўсіх сферах.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА
Гэтымі днямі дэлегацыя арабскага парламента знаходзіцца з рабочым візітам у Беларусі. У склад дэлегацыі ўваходзяць прадстаўнікі ААЭ, Егіпта, Лівіі і Іарданіі. Усяго Арабскі парламент аб’ядноўвае 22 дзяржавы Афрыкі, Азіі і Блізкага Усходу, супрацоўніцтва з якімі важна для нашай краіны. Кантакты Беларусі з Арабскім парламентам былі ўпершыню ўстаноўлены па нашай ініцыятыве ў маі 2025 года ў ходзе афіцыйнага візіту Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі Ігара Сергяенкі ў Егіпет.