Сусветная палітыка — пірог да бясконцасці шматслойны. У кожнай сур’ёзнай з’явы ёсць глыбокая падаплёка, на яе развіццё ўплывае безліч фактараў. Адной прычынна-выніковай сувяззю некарэктна тлумачыць любыя падзеі. Тым не менш некаторыя трэкі выразна прасочваюцца ў Персідскім канфлікце. Калі нафтавыя каціроўкі «ўзбіраюцца» занадта высока (і да 120 долараў за барэль дасягалі ў моманце), то пачынаюцца перагаворы, рынкі рэагуюць пазітыўна, цэны на сыравінныя тавары зніжаюцца. Але калі яны падаюць ніжэй за вызначаны пункт, баявыя ракеты зноў атрымліваюць каманду «старт». Падобна, што мы становімся назіральнікамі вялікай нафтавай гульні.
Цана нафтавай бочкі заўсёды з’яўлялася магутным эканамічным фактарам, але яшчэ ў большай ступені — геапалітычным. Ад кошту барэля залежыць у той ці іншай ступені дабрабыт большасці краін: і пастаўшчыкоў, і імпарцёраў.
У кожны перыяд часу існуе нейкі кансэнсус паміж вытворцамі і спажыўцамі — той цэнавы калідор, у рамках якога ўсе адчуваюць сябе больш-менш камфортна. Выхад каціровак з гэтай зоны традыцыйна прыводзіць да той ці іншай геапалітычнай рэакцыі, якая перабудоўвае ўсю архітэктуру рынку.
Чаму ўтварыўся АПЕК+ у 2016 годзе? Тады да традыцыйнага картэля далучыўся шэраг незалежных пастаўшчыкоў, у тым ліку і Расія. Новая міжнародная канструкцыя стала рэакцыяй на нафтавы бум у ЗША, які прывёў да абвалу цэн да 30 долараў за барэль. Гэта прынцыпова не задавальняла вытворцаў. Таму АПЕК перажыў фундаментальную перазагрузку. Праз дамоўленасці аб зніжэнні здабычы да канца 2016 года ўдалося павысіць кошт бочкі амаль да 60 долараў, а ў наступным годзе і перавысіць яго. Новы баланс інтарэсаў з цяжкасцю і не без скандалаў быў знойдзены. Дарэчы, выйгралі ад гэтага і амерыканскія вытворцы, уласна кажучы, якія і справакавалі абвал, бо сабекошт сланцавай нафты (прынамсі, так сцвярджаюць аналітыкі) вагаецца ў раёне 50 долараў за барэль. Так мудрагеліста ўладкаваны нафтавы рынак. Ёсць эканамічныя фактары, ёсць — палітычныя. І апошнія, мабыць, на яго ўплываюць у значна большай ступені.
Мінулы год для сыравіннага сектара быў не самы грашавіты. Да канца года кошт нафты апусціўся да калідора 60-65 долараў за барэль і пагражаў зніжацца і далей. Адны аналітычныя агенцтвы называлі лічбу 50 долараў, іншыя дапускалі дно падзення — 40-45. Ці не гэта стала трыгерам той жа венесуэльскай аперацыі?! Сёння амерыканскія выданні пішуць: нафтавы сектар гэтай паўднёваамерыканскай краіны кантралюецца з Белага дома. Там вырашаюць, колькі здабываць нафты, каму прадаваць, па якой цане... А следам наступіў крызіс у Персідскім заліве з закрыццём Армузскага праліва. Складана сказаць, ці пралічвалі такі варыянт у Вашынгтоне. Прынамсі, традыцыйна лічылася, што ніхто і ніколі не вырашыцца перакрыць марскую артэрыю, праз якую праходзіць да 20 % сусветных нафтавых патокаў. Аднак немагчымае здарылася. І з рынку сышлі не толькі іранскія вуглевадароды (што было прадказальна), але і значная частка нафты з рэгіёна. Вядома, не пятая частка. Некаторым краінам удалося выкруціцца: у Саудаўскай Аравіі ёсць магістральны нафтаправод да Чырвонага мора, у Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў — да Аманскага заліва, у абыход Армузскага праліва. Безумоўна, гэтым дзяржавам таксама прыйшлося знізіць і здабычу, і пастаўкі. Але не спыніць іх зусім. А вось Бахрэйн, Катар і Ірак амаль цалкам выпалі з рынку.
І нафта стала каштаваць 120 долараў за барэль. А гэта ўжо вельмі шмат, у тым ліку і для амерыканцаў. Іх сыравінны сектар працвітаў, але рэзка павысіўся кошт паліва. Цана ж галона бензіну на аўтазапраўках з’яўляецца важным фактарам палітычнага волевыяўлення ў ЗША.
І дапускаць паліўную інфляцыю напярэдадні восеньскіх выбараў — гуляць з агнём побач з бензінам. Ці не таму пачаўся актыўны перагаворны працэс? Прычым Белы дом яго актыўна праціскаў праз сваіх высокапастаўленых пасланнікаў. Мемарандум паміж Вашынгтонам і Тэгеранам, адкрыццё Армузскага праліва імгненна збілі каціроўкі амаль да 70 долараў за барэль. Вуглевадародны рынак пагражаў увогуле абваліцца: Персідскі заліў забіты танкерамі, у якія запампоўвалі нафту падчас актыўнай фазы канфлікту, гэтыя аб’ёмы адкладзенай прапановы пагражалі выплюхнуцца на рынак і знізіць цану бочкі да рэкордных мінімумаў. У такім выпадку нялёгка прыйшлося б ужо нафтавікам, амерыканскім у тым ліку. А вуглевадародны сектар — даўні спонсар рэспубліканцаў. Крыўдзіць яго, страціць падтрымку — немагчыма па ўнутрыпалітычных прычынах. Ці не з гэтай нагоды адбыўся чарговы віток эскалацыі? І дыпламатычны парыў знік імкліва.
Пасля чарговай серыі абмену ўдарамі кошт барэля зноў вырас да 85 долараў. Інакш кажучы, увайшоў у нейкі ўмоўна камфортны калідор. Узнікае пытанне: ці не з’яўляемся мы сведкамі чарговага раўнда вялікай нафтавай гульні?! Толькі цяпер кошт нафты фарміруецца не біржавымі спекулянтамі або эканамічнай дыпламатыяй праз сістэму дагавораў, а ваеннымі. Міжнародная палітыка, безумоўна, уладкавана нашмат больш складана. Але выснова напрошваецца: кошт бочкі нафты з’яўляецца наймагутнейшым фактарам вайны і міру, прынамсі, у некаторых рэгіёнах.
Уладзімір ВАЛЧКОЎ