Top.Mail.Ru

Маларыта адзначыла 460-ю гадавіну з дня заснавання

З вопытам стагоддзяў і маладым запалам


Юбілей стаў не толькі нагодай для ўрачыстасцяў, але і магчымасцю падвесці вынікі зробленага, успомніць багатую гісторыю краю і вызначыць арыенціры на будучыню. 

У раёне правялі маштабную работу па добраўпарадкаванні, падрыхтавалі новыя выданні пра гісторыю Маларытчыны, а цэнтральнымі героямі ўрачыстасцяў сталі людзі, якія сваёй працай праслаўляюць родны край.

Ёсць кім і чым ганарыцца

Круглая дата — гэта сапраўды і свята, і своеасаблівы экзамен на тое, з якім багажом горад падыходзіць да чарговага гістарычнага этапу, упэўнена намеснік старшыні Маларыцкага райвыканкама Галіна СТАСЮК:

— У самім горадзе і ў Маларыцкім раёне ўвогуле нават не ў юбілейны год шмат робіцца для паляпшэння якасці жыцця грамадзян, развіцця інфраструктуры і добраўпарадкавання.

Да 460-годдзя была падрыхтавана кніга, прысвечаная Маларыцкаму раёну і яго цэнтру. У яе ўвайшла інфармацыя не толькі пра горад-юбіляр, але і пра прадпрыемствы, арганізацыі і людзей, дзякуючы якім развіваецца рэгіён. Выдадзены і тэматычныя буклеты.

Горад памаладзеў і пасвяжэў. Завяршыліся работы па асфальтаванні цэнтральнай вуліцы Чырвонаармейскай, зроблены бягучыя рамонты, а каля будынка райвыканкама з’явіўся новы арт-аб’ект, устаноўлены спецыяльна да юбілею.

Асаблівую ўвагу падчас святкавання ўдзялілі людзям. Напярэдадні на раённую Дошку гонару былі занесены лепшыя прадстаўнікі працоўных калектываў. Святочная праграма таксама ўключала ўшанаванне перадавікоў працы, актыўных жыхароў, сямейных пар, якія пражылі разам паўстагоддзя, а таксама маладых, што заключылі шлюб менавіта 18 ліпеня — у Дзень горада.

Брэнды старажытныя і сучасныя

Асобны гонар Маларытчыны — яе нематэрыяльная гісторыка-культурная спадчына.

— Касцюм маларыцкага строю, выкананы ў тэхналогіі ткацтва «кажушком», — гэта наш гонар, брэнд Маларыцкага раёна. І, безумоўна, тэхналогія выпякання грэцкага хлеба таксама з’яўляецца нашым брэндам, вядомым далёка за межамі Беларусі, — нагадвае намеснік старшыні райвыканкама.

Старажытныя тэхнікі не толькі захоўваюцца, але і атрымліваюць сучаснае развіццё. У Маларыцкім раённым цэнтры народнай творчасці на іх аснове ствараюць сувенірную прадукцыю, мяккія цацкі і іншыя вырабы, якія перадаюць аўтэнтычныя асаблівасці рэгіёна.

Матэрыяльная спадчына Маларытчыны таксама ўражвае. На тэрыторыі раёна знаходзяцца стаянкі эпохі неаліту, а сапраўднай архітэктурнай жамчужынай застаюцца драўляныя цэрквы XVІІ—XІX стагоддзяў.

— Мы прынялі гэтае дыханне вякоў і падтрымліваем яго, каб не страціць сувязь са сваёй гісторыяй, — гаворыць Галіна Стасюк.

Адным з найважнейшых этапаў развіцця горада стала падрыхтоўка да абласных «Дажынак», якія адбыліся тут у 2010 годзе. Менавіта тады, рыхтуючыся да гэтага свята, цэнтр Маларыты атрымаў сучаснае аблічча.

На месцы старога будынка спартыўнай школы была пабудавана сучасная гасцініца, адкрыўся спартыўны цэнтр «Жамчужына», былі добраўпарадкаваны вуліцы, фасады будынкаў, уладкаваны тратуары. Менавіта пасля гэтага ў жыхароў горада з’явілася разуменне неабходнасці не толькі захоўваць зробленае, але і працягваць развіццё раённага цэнтра, лічыць Галіна Анатольеўна:

— Калі да нас прыязджаюць госці з іншых краін, яны кажуць, што ў нас вельмі прыгожы, добраўпарадкаваны і ўтульны гарадок, у якім хочацца застацца.

Маларыцкі раён застаецца аграрным, аднак важную ролю ў яго развіцці адыгрываюць і прамысловыя прадпрыемствы. Адным з найбольш вядомых з’яўляецца Маларыцкі кансерваваагароднінасушыльны камбінат, прадукцыя якога выпускаецца пад брэндам «Топтышка». Прадпрыемства славіцца дзіцячым харчаваннем і сокамі, рэгулярна становіцца пераможцам конкурсаў якасці. Яно актыўна падтрымлівае сацыяльныя праекты, дапамагае шматдзетным і малазабяспечаным сем’ям, моладзі і ўстановам раёна.

Важны ўклад у развіццё рэгіёна ўносяць таксама сельскагаспадарчыя прадпрыемствы «Савушкіна», «Хаціслаўскі», СВК «Дарапеевічы», прадпрыемствы «БелКварц», «Капікон» і ПМК-8.

— У нас увогуле няма прадпрыемстваў, якія абыякава ставяцца да жыцця раёна, — канстатуе намеснік старшыні райвыканкама.

«Галоўная каштоўнасць — людзі»

Развіццё Маларыты працягваецца. У планах — стварэнне патрыятычнай алеі ў бок гарадскога парку, дзе знаходзіцца БМД-1 — савецкая баявая гусенічная плаваючая машына. Побач плануюць усталяваць артылерыйскую зброю як напамін пра гісторыю ваеннага гарадка.

Да кастрычніка ў парку плануюць адкрыць новы аб’ект і высадзіць алею бэзу, прысвечаную Году беларускай жанчыны. Працягнецца добраўпарадкаванне сквера на вуліцы Лермантава.

Вядзецца таксама падрыхтоўка да будаўніцтва новага жылога дома, у якім будзе прадугледжаны дзіцячы сад на больш як 60 месцаў. Завершана праектная дакументацыя для капітальнага рамонту Хаціслаўскай школы. Штогод працягваюцца работы па рамонце дарог, развіцці сістэм водаадвядзення і будаўніцтве станцый абезжалезвання.

Аднак, гаворачы пра перспектывы развіцця Маларыты, Галіна Стасюк адзначыла, што галоўная каштоўнасць — людзі, а галоўнае жаданне — каб насельніцтва раёна павялічвалася:

— Веру, што праз дзесяць гадоў жыхароў нашага раёна будзе больш, чым сёння. Інфраструктуру мы абавязкова будзем развіваць і далей, але галоўнае — каб былі людзі, якія будуць жыць, працаваць і праслаўляць сваю малую радзіму.

Асаблівая ўвага ўдзяляецца замацаванню маладых спецыялістаў. Па словах намесніка старшыні райвыканкама, важнымі фактарамі застаюцца дастойная заработная плата, вырашэнне жыллёвага пытання, падтрымка з боку работадаўцаў і магчымасці прафесійнага росту. На прадпрыемствах за маладымі супрацоўнікамі замацоўваюцца настаўнікі, а кіраўнікі дапамагаюць з інтэрнатамі і арэндным жыллём. Значную ролю адыгрывае і стварэнне сем’яў.

— Мы будзем рабіць яшчэ больш для таго, каб у нас ствараліся сем’і, каб моладзь знаёмілася, заставалася працаваць у раёне. Гэта найлепшы матыў для замацавання маладых спецыялістаў, — упэўнена Галіна Анатольеўна.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

Фота Маларыцкага райвыканкама

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю