Top.Mail.Ru

Прэзідэнт прыняў даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў

«Мы гатовыя да нацэленага на вынік узаемадзеяння»


Новы этап у кар’еры дзевяці дыпламатаў пачаўся ў аўторак у Палацы Незалежнасці. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў замежных дзяржаў, якія пачынаюць свае дыпламатычныя місіі ў нашай краіне. Мы заўсёды адкрытыя да супрацоўніцтва з іншымі краінамі і настроены на плённае ўзаемадзеянне. Таму сустрэча паслоў з кіраўніком дзяржавы хоць і абавязковая па пратаколе і мела сяброўскі характар, была прысвечана і пытанням будучай сумеснай работы.

«Агульнасць поглядаў краін Глабальнай большасці будзе добрым падмуркам і для вашай паспяховай місіі ў нашай краіне»

Вітаючы замежных паслоў, Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што дыпламатычная місія, якая пачынаецца ў нашай краіне, будзе насычана значнымі падзеямі і канкрэтнымі справамі. «Многія з вас прадстаўляюць дзяржавы Глабальнай большасці, роля якой у міжнародных справах імкліва і, галоўнае, заслужана расце, — звярнуў увагу беларускі лідар. — Краіны, якія ўваходзяць у яе, маюць падобныя падыходы да светабудовы, выбудоўвання партнёрства, урэгулявання канфліктаў. Ім уласцівыя павага да нацыянальнага суверэнітэту, непрыманне ціску, дыктату, незаконных санкцый». 

Беларусь па праве лічыць сябе часткай гэтай Глабальнай большасці, працягнуў кіраўнік дзяржавы. «Наша гісторыя, гераічны і адначасова трагічны вопыт супрацьстаяння шматлікім спробам каланізацыі і знішчэння беларусаў прадвызначылі выключную важнасць для нас незалежнасці і права „людзьмі звацца“, як сказаў беларускі класік. Упэўнены, што агульнасць поглядаў краін Глабальнай большасці будзе добрым падмуркам і для вашай паспяховай місіі ў нашай краіне», — падзяліўся кіраўнік дзяржавы.

Яркім сімвалам гасціннасці Беларусі з’яўляецца фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску», удзельнікамі якога за 35-гадовую гісторыю былі прадстаўнікі 85 краін, у тым ліку Узбекістана, Бразіліі, Манголіі, М’янмы, Рэспублікі Карэя, канкрэтызаваў Прэзідэнт. «Нягледзячы на тое, што адбываецца каля нашых граніц, цяпер, як і ва ўсе гады, на фестывальнай сцэне гучалі беларуская, руская, украінская мовы, песні іншых краін і брацкіх народаў. Гэта прыклад таго, як мастацтва пераадольвае бар’еры і аб’ядноўвае ўсіх нас, людзей, — акцэнтаваў кіраўнік дзяржавы. — Упэўнены, што ў наступным годзе і вы з задавальненнем наведаеце чарговы «Славянскі базар».

«Вельмі важна сумеснымі намаганнямі нарошчваць гандаль і інвестыцыйнае супрацоўніцтва»

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што дзяржавы, якія прадстаўляюць паслы, цікавыя і важныя для нас. 

Аб Узбекістане 


«Узбекістан з’яўляецца для Беларусі ключавой краінай у Цэнтральнай Азіі. Нядаўні гістарычны візіт у нашу краіну Прэзідэнта Узбекістана азнаменаваў новы этап у двухбаковых адносінах, якія выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства, — заявіў беларускі лідар. — Гэтаму шмат у чым спрыяе высокая дынаміка гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. І мы гатовыя ўсяляк пашыраць яго з акцэнтам ужо на прамысловую кааперацыю». 

Аб Бразіліі 


Увага Беларусі да Лацінскай Амерыкі тлумачыцца перш за ўсё нашай упэўненасцю ў перспектывах узаемавыгадных сувязяў з краінамі гэтага рэгіёна. «Мы вітаем рост міжнароднай значнасці Бразіліі і яе ўкладу ў фарміраванне глабальнага парадку дня. Для Беларусі ваша краіна — найважнейшы гандлёва-эканамічны партнёр у заходнім паўшар’і», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аб Перу 

«Паспяховае развіццё Перу шмат у чым вызначаецца высокай дынамікай у аграрным сектары, горназдабыўной прамысловасці. У Беларусі вы знойдзеце шырокую лінейку неабходнай для гэтых сфер машынабудаўнічай прадукцыі», — запэўніў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Манголіі 

У Азіі, вобразна кажучы, б’ецца сэрца сучаснага свету. «І мы рады партнёрству з краінамі гэтага рэгіёна. Беларусь шчыра прылічае Манголію да ліку сяброў. У аснове трывалых адносін паміж нашымі краінамі і народамі — памяць аб сумесным супрацьстаянні нацысцкай Германіі і мілітарысцкай Японіі. Надаём вялікае значэнне ўмацаванню кантактаў на вышэйшым узроўні. Разлічваем, што ўзаемнае прызначэнне новых актыўных паслоў і ўступленне ў сілу часовага гандлёвага пагаднення паміж ЕАЭС і Манголіяй будуць спрыяць нарошчванню эканамічнага супрацоўніцтва», — канкрэтызаваў Прэзідэнт.

Аб М’янме 

Шмат намаганняў прыкладзена апошнім часам і для актывізацыі дыялогу з М’янмай у палітычнай, гуманітарнай і гандлёва-эканамічнай галінах, адзначыў беларускі лідар. У рабоце — шэраг канкрэтных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, гуманітарнай сферы. 

Аб Рэспубліцы Карэя


«Адносінам Беларусі з Рэспублікай Карэя ўласцівы здаровы прагматызм. Гатовыя развіваць супрацоўніцтва ў галінах узаемнага інтарэсу, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Будзем вітаць крокі Сеула па актывізацыі беларуска-карэйскіх сувязяў у першую чаргу ў эканамічнай, тэхналагічнай і інвестыцыйнай сферах». 

Аб Саудаўскай Аравіі 

Беларусь падтрымлівае актыўныя кантакты з дзяржавамі Блізкага Усходу. «Саудаўская Аравія з’яўляецца для нас аўтарытэтным палітычным і перспектыўным гандлёва-эканамічным партнёрам, асабліва ў галіне сельскай гаспадаркі і харчовай бяспекі, прамысловасці, інфармацыйных тэхналогій і іншых, — пералічыў кіраўнік дзяржавы. — Важна, вельмі важна сумеснымі намаганнямі нарошчваць гандаль і інвестыцыйнае супрацоўніцтва, каб папоўніць скарбонку нашых адносін некалькімі гісторыямі поспеху і вывесці беларуска-саудаўскае ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень».

Аб Лівіі 

Складаная геапалітычная абстаноўка доўгі час не дазваляла ў поўнай меры рэалізаваць існуючы патэнцыял супрацоўніцтва з Лівіяй, заўважыў Прэзідэнт. «Гатовыя працаваць з вамі, пастаўляць у вашу краіну сельгастэхніку, медыкаменты, нарошчваць экспарт беларускіх медыцынскіх і іншых паслуг, а таксама, перадаючы тэхналогіі, навучаць ім у Беларусі лівійскіх спецыялістаў. Перакананы, што ўмовы для актывізацыі сумеснай работы сёння спрыяльныя», — выказаў упэўненасць ён. 

Аб Руандзе

Беларусь імкнецца да пашырэння адносін з Руандай. «Надаём асаблівую важнасць эканамічнаму кампаненту ўзаемадзеяння як падмурку для развіцця палітычнага дыялогу. У якасці прыярытэтных галін разглядаем прамысловасць, сельскую гаспадарку, адукацыю, інфармацыйныя тэхналогіі, абарону і бяспеку. Прапануем разам фарміраваць умовы для росту ўзаемнага гандлю і заснаваць для гэтых мэт сумесную камісію па супрацоўніцтве», — звярнуў увагу Прэзідэнт. 

«Любыя прапановы, накіраваныя на развіццё дружалюбных, добрых сувязяў паміж вашымі краінамі і Беларуссю, будуць аператыўна і ўважліва разглядацца»

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што сённяшні дзень запомніцца кіраўнікам дыпмісій як пачатак новага этапу ў прафесійнай дзейнасці. «Любыя прапановы, накіраваныя на развіццё дружалюбных, добрых сувязяў паміж вашымі краінамі і Беларуссю, будуць аператыўна і ўважліва разглядацца, — запэўніў беларускі лідар. — Мы гатовыя да нацэленага на вынік узаемадзеяння. Яшчэ раз віншую вас з пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі. Жадаю вам здароўя і поспехаў. Поспехі, вядома ж, залежаць не толькі ад вас, але і ад нас. Але мы свой шлях пройдзем як заўсёды годна. У добры шлях!»

Даслоўна

«Беларусь стала стратэгічным партнёрам Бразіліі»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Бразіліі ў Беларусі Жуліа Сезар Фантэс Ларанжэйра ў размове з журналістамі заявіў, што адносіны паміж нашымі краінамі можна лічыць даволі маладымі. Нягледзячы на тое, што афіцыйныя адносіны былі ўстаноўлены ў 1992 годзе, Пасольства Бразіліі ў Мінску з’явілася толькі ў 2011-м: «За гэтыя 15 гадоў адносін было падпісана шмат пагадненняў у розных сферах, уключаючы кааперацыю ў адукацыі, медыцыне, тэхналогіях. Беларусь стала стратэгічным партнёрам Бразіліі, таму што мы імпартуем ад вас 30 % неабходнага нам аб’ёму ўгнаенняў».

Дыпламат дадаў, што супрацоўніцтва паміж краінамі было ўскладненае ўведзенымі супраць Беларусі санкцыямі, аднак цяпер сітуацыя стабілізуецца. «Мая галоўная задача тут — стымуляваць гандлёва-эканамічныя адносіны, вызначыць новыя сектары ў беларускай эканоміцы, новыя напрамкі экспарту тавараў і паслуг у Бразілію, а таксама дыверсіфікаваць наш гандаль, які пакуль у асноўным сканцэнтраваны на пастаўках угнаенняў», — адзначыў кіраўнік дыпламатычнай місіі.

«Працаваць хутчэй, зручней і без усялякіх бар’ераў»

Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Узбекістана ў Беларусі Нурыдзін Мамажонаў расказаў журналістам аб сваёй галоўнай задачы на пасадзе кіраўніка дыпмісіі ў нашай краіне. Дыпламат падкрэсліў, што нядаўні візіт у Беларусь Прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева мае гістарычны характар: «Мы ўзнялі нашы двухбаковыя адносіны на ўзровень стратэгічнага партнёрства. І сёння мая місія ў тым, каб выконваць тыя задачы, якія былі пастаўленыя нашымі лідарамі падчас нядаўніх перагавораў. Перш за ўсё гэта датычыцца рэалізацыі Дэкларацыі аб устанаўленні адносін стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і Узбекістанам, а таксама дарожнай карты па развіцці гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Узбекістанам на 2026—2030 гады».

Акрамя таго, кіраўнік дыпмісіі звярнуў увагу, што ў бліжэйшыя некалькі гадоў Беларусі і Узбекістану трэба будзе павялічыць тавараабарот удвая — да двух мільярдаў долараў: «Ужо пачата інтэнсіўная работа па пашырэнні кааперацыі паміж нашымі вытворцамі, буйным і сярэднім бізнесам. Эканоміка Узбекістана расце. Мы ведаем, што такі ж высокі тэмп набраны ў Беларусі. Падобныя стратэгіі па развіцці дзяржавы, эканомікі, грамадства адкрываюць перад намі магчымасць працаваць хутчэй, зручней і без усялякіх бар’ераў».

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю