Размова падчас дакладу Аляксандра Рагожніка ішла пра сітуацыю ў Віцебскай вобласці, у тым ліку ў сельскай гаспадарцы. Кіраўнік дзяржавы спытаў, як разгортваюцца падзеі, цікавіўся наяўнасцю праблемных момантаў. Асобна закраналася тэма прыцягнення на працу ў галіне грамадзян з Узбекістана.
«Лінія фронту – на шчасце, мірнага – праходзіць цяпер праз Віцебскую вобласць. Бачыш, што і надвор'е такое, і іншае... І сам ты ў пекла гэта трапіў», – звярнуўся Прэзідэнт да старшыні Віцебскага аблвыканкама.
«Якая сітуацыя ў Віцебскай вобласці? Як разгортваюцца падзеі, якія праблемы там?» – пазначыў спектр ключавых пытанняў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама пацікавіўся ў кіраўніка рэгіёна сітуацыяй з узбекскімі працоўнымі мігрантамі. «Таму што да цябе яны перш за ўсё прыляцелі. Але памятай адно: малако і мяса – перш за ўсё. Людзей не хапае – калі ласка. Іх зарплата – гэта трэцяе пытанне. Яны прасілі прадукцыю, мы ў гэтым зацікаўленыя. Яны гатовыя інвесціраваць у сельскую гаспадарку, таму што як без інвестыцый. Без малочнатаварных комплексаў і трактароў мяса і малака не атрымаеш».

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што мы гатовыя вырабляць названую прадукцыю, але для гэтага патрэбныя людзі, прычым не толькі ў Віцебскай вобласці. «Але мэтанакіравана», — заўважыў ён.
Даслоўна
«Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў навядзення безумоўнага парадку на ўсіх узроўнях кіравання»
У размове з журналістамі старшыня Віцебскага аблвыканкама Аляксандр Рагожнік паведаміў, што на сённяшні дзень у вобласці ўбрана 98 % плошчаў азімага ячменю, ураджайнасць культуры – больш за 31 ц/га, тэмпы работ на трэць вышэйшыя за леташнія. Тэхніка і зернесушыльныя комплексы цалкам гатовыя, запэўніў ён.
Губернатар Віцебскай вобласці таксама засяродзіў увагу на асаблівасцях надвор'я. «Трэба выхопліваць кароткія часовыя прамежкі надвор'я, каб мы сабралі той годны ўраджай, які ў вобласці сфарміраваўся. У яго ўкладзена велізарная колькасць не толькі грашовых, але і чалавечых рэсурсаў. Таму сёння ўсе ў вобласці займаюцца тым, каб мы ніводнага каласка не страцілі», – падкрэсліў Аляксандр Рагожнік.

Закранаючы тэму прыцягнення да работы працоўных мігрантаў з Узбекістана, Аляксандр Рагожнік выказаў упэўненасць, што гэта пойдзе на карысць Віцебскай вобласці. «Мы выканалі даручэнне Прэзідэнта, і ўсе людзі сёння забяспечаны працай. Усе прайшлі медыцынскае абследаванне. Там, дзе сям'я прыехала з дзецьмі, малыя ўжо ходзяць у дзіцячы сад. Сёння прэтэнзій з боку ўзбекаў ніякіх няма, – запэўніў губернатар Віцебшчыны. – Усе атрымліваюць той узровень заробку, які быў першапачаткова абумоўлены. Гэта нядрэнны ўзровень зарплаты».
Пры падрыхтоўцы наступнага пераліку людзей, якія прыязджаюць, акцэнт робіцца на тых спецыяльнасцях, што найбольш запатрабаваныя. «Гэта сфера сельскай гаспадаркі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, – канкрэтызаваў ён. – І я ў гэтым нічога дрэннага не бачу, бо мы ні ў каго не забіраем працоўныя месцы. Людзі прыязджаюць да нас з дабром, і мы, адпаведна, павінны роўна так і прыняць».
Кіраўнік рэгіёна дадаў, што было сфарміравана палажэнне, па якім ажыццяўляецца падбор спецыялістаў. «Зыходзім з патрэб вобласці, таму ўзбекскі бок атрымлівае інфармацыю аб тым, што нам, умоўна, трэба 30 механізатараў, 10 будаўнікоў і гэтак далей. І кваліфікацыйныя патрабаванні да гэтых спецыялістаў. Потым, вядома ж, будзем правяраць гэтых грамадзян на прадмет адсутнасці праблем з законам, таму што, безумоўна, мы зацікаўлены ў тым, каб да нас прыязджалі не толькі кваліфікаваныя, але і законапаслухмяныя грамадзяне. Таму тут я не бачу ніякіх праблем», – падзяліўся губернатар Віцебшчыны.
Паводле слоў Аляксандра Рагожніка, размова ў дадзеным выпадку ідзе аб рэалізацыі выгадных інвестыцыйных праектаў, аб якіх дамовіліся лідары дзвюх краін. «Мы ўжо абмяркоўваем пытанне будаўніцтва буйнога прадпрыемства па дрэваапрацоўцы, узвядзення пелетнага завода, вялікага малочнатаварнага комплексу, – пералічыў ён. – У прапрацоўцы яшчэ вялікая колькасць праектаў, пачынаючы ад адкрыцця рэстарана ўзбекскай кухні і заканчваючы гандлёвым домам, які мы адкрылі на цэнтральнай плошчы ў Віцебску. Таму тут мы толькі набудзем, чым страцім».
Прэзідэнт заўсёды ўдзяляе асаблівую ўвагу Віцебскай вобласці, акцэнтаваў увагу губернатар. «Нам яшчэ трэба будзе вельмі многае зрабіць. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў навядзення безумоўнага парадку на ўсіх узроўнях кіравання: пачынаючы ад губернатара і заканчваючы вядучымі спецыялістамі. Каб за кожным спецыялістам была замацавана зона адказнасці, і спагнанне было ўзмоцнена да максімуму, – заявіў Аляксандр Рагожнік. – І ў нас іншага варыянту няма, акрамя як навесці парадак і дамагчыся неабходных вынікаў. І гэта даручэнне будзе выканана безумоўна».
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ
Фота БелТА