— Часта ад расійскіх турыстаў мы чуем такое азначэнне як «Беларусь замкавая» (яго нават не мы прыдумалі). У ім ёсць сэнс, таму што ў свой час у Беларусі налічвалася больш за 150 замкаў і сядзіб; яны, вядома, захаваліся не ў такой колькасці і знаходзяцца ў розным стане, але з боку дзяржавы вядзецца вялікая работа па іх аднаўленні, таму што гэта прыярытэт культурнай палітыкі дзяржавы. Вялікую ролю адыгрывае асабістая падтрымка кіраўніка дзяржавы: рамонтна-рэстаўрацыйныя работы на значных аб’ектах фарміруюцца і фінансуюцца за кошт сродкаў фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы культуры і мастацтва. У рамках дзеючай праграмы «Культурная прастора» на 2026 — 2030 гады робіцца акцэнт на аднаўленні помнікаў культуры і іх развіцці, — адзначае Ірына Варановіч. — На цяперашні момант у Гродне цалкам завершанае добраўпарадкаванне тэрыторыі Новага замка, у Жыровічах завяршылася рэканструкцыя Георгіеўскай царквы Свята-Успенскага манастыра (гэты аб’ект мае значэнне для развіцця паломніцкага турызму, важнай галіны для нашай краіны). Варта нагадаць пра аднаўленне ў 2024-м годзе Валожынскага ешыбота (у нас рэлігійныя туры розных кірункаў). Здадзены ў эксплуатацыю першы пускавы комплекс паўночна-ўсходняга корпуса Гальшанскага замка. Рыхтуецца дакументацыя па будаўніцтве трэцяй чаргі галерэі Крэўскага замка і другой чаргі Старога замка ў Гродне. Вядуцца праектныя работы па рэстаўрацыі былога палацавага комплексу ў Жалудку, карэкціруюцца праекты па трох пускавых комплексах Навагрудскага замка.

Трэба адзначыць, што рамонтна-рэстаўрацыйныя работы не спыняюць турыстычную культурную дзейнасць на аб’ектах. Прылеглыя тэрыторыі помнікаў архітэктуры задзейнічаныя пад правядзенне брэндавых мерапрыемстваў. Напрыклад, у Крэўскім замку рэалізуюцца праекты «Кераміка Крэва», «Крэва на скрыжалях часу», на базе Гальшанскага комплексу арганізаваная тэатральная праграма «Соф’я Гальшанская запрашае». Гістарычная рэканструкцыя «Адзін дзень з жыцця горада ў ХVІ стагоддзі» прываблівае турыстаў у Старым замку ў Гродне. У Навагрудку арганізоўваюцца фестывалі сярэднявечнай культуры. І ўзімку на гэтых аб’ектах свае мерапрыемствы, варта ўзгадаць нематэрыяльную культурную спадчыну, якую можна паказваць гасцям. Гэта ўсё ўплывае на павышэнне турыстычнай плыні і мае эканамічны эфект.

Напрыклад, музей-запаведнік «Нясвіж» за першае паўгоддзе 2026-га прыняў турыстаў на 25 тысяч больш, чым за аналагічны леташні перыяд. Відавочны рост наведвальнікаў і ў замкавым комплексе «Мір», дзе вядуцца работы на прылеглай тэрыторыі дзеля павышэння камфорту. У першым паўгоддзі 2026-га Стары замак у Гродне прыняў амаль на 6 тысяч больш турыстаў, чым за адпаведны перыяд летась, у Гальшанах павелічэнне на 2 тысячы, у Навагрудскім замку — на 4,5 тысячы чалавек. Сімвал Гомельшчыны — палац Румянцавых і Паскевічаў (разам з капліцай-пахавальняй Паскевічаў, якая выканана ў рэдкім рускім стылі) — дэманструе добрыя эканамічныя паказчыкі. У Магілёўскай вобласці пунктамі прыцягнення з’яўляюцца палац Пацёмкіна ў Крычаве і палацава-паркавы ансамбль у аграгарадку Жылічы — наведвальнікаў тут амаль у два разы больш, чым за першае паўгоддзе летась, таму ў 2027 годзе ў аграгарадку з’явіцца гатэль. У Мінскай вобласці назіраецца цікавасць да Валожынскага ешыбота, а яшчэ тут павінны завяршыцца рэстаўрацыйныя работы на адміністрацыйна-гаспадарчым будынку горада. Ідзе рэканструкцыя з рэстаўрацыяй сядзібы графа Патоцкага ў Беразіне і скарбніцы ў складзе гісторыка-культурнай каштоўнасці — ансамбля былой сядзібы ў Станькаве Дзяржынскага раёна. Прыкладам паспяховага міжнароднага супрацоўніцтва стаў праект Саюзнай дзяржавы па капітальным рамонце, рэстаўрацыі і музеефікацыі Брэсцкай крэпасці, разлічаны на 2024 — 2026 гады. Створана маштабная музеефікацыя паўночна-заходняй часткі Цытадэлі, мемарыяльная зона «Смутак» і іншыя аб’екты, якія раскрываюць глыбіню трагедыі, што адбылася ў Брэсцкай крэпасці на пачатку вайны.
На думку Ірыны Варановіч, рэстаўрацыя, якая вядзецца на розных аб’ектах па краіне, накіраваная не толькі на захаванне саміх помнікаў, але і на стратэгічнае абнаўленне турыстычнай карты Беларусі.
Ларыса ЦІМОШЫК