Top.Mail.Ru
0

Сямейны экіпаж з Дзяржынскага раёна на камбайне разам — ужо шэсць сезонаў

Дачка за бацьку

На полі ААТ «Баравое-2003» дзе калышацца спелая пшаніца, працуе камбайн GS2124. За штурвалам — Сяргей Міхайлавіч Равінскі, дасведчаны механізатар з больш як 40-гадовым стажам. Побач, у кабіне, — яго дачка Алеся Верамеенка. 21-гадовая дзяўчына — памочніца камбайнера. І ўжо шосты сезон сямейны экіпаж разам выходзіць у поле.

Алеся па прафесіі спецыяліст паштовай дзейнасці, але кожнае лета ўдзельнічае ва ўборачнай кампаніі. «Чаму? — перапытвае яна. — Ну, па-першае, падзарабіць. 

А па-другое, падтрымаць тату. Гэта ж такая магчымасць — пабыць разам», — расказвае дзяўчына.

Карані глыбокія, любоў — на ўсё жыццё

Сяргей Міхайлавіч прыйшоў у гаспадарку ў 1986 годзе. На камбайне працуе 41 год. Ён ужо на заслужаным адпачынку, але не ўяўляе сябе без справы. «Калі жніво заканчваецца, перасаджваецца на трактар, — расказвае Алеся. — Ён не ўмее сядзець без працы. Гэта яго стыхія. Мы ўжо прывыклі, што тата заўсёды ў полі».

Любоў да тэхнікі ёй перадалася з дзяцінства: «Памятаю, як бацька прыязджаў на абед на трактары, а я ўжо ляцела да яго з сабакам і крычала: „Тата, я з табой!“» Потым былі вечаровыя паездкі на камбайне, калі старэйшая сястра адпрацавала сваю змену. «Так і зацягнула, — смяецца Алеся. — Гэта маё захапленне дзяцінства, якое ўжо ў мяне ў крыві, напэўна».

Найлепшая школа — побач з татам

Алеся шчыра прызнаецца, што камбайн для яе — не проста тэхніка. Гэта магчымасць вучыцца, развівацца і быць побач з самым родным чалавекам. «Мне пашанцавала, што працую з татам, — кажа дачка. — Ён падказвае, дапамагае. Але ўжо ў большасці сама разбіраюся».

На пытанне, што самае цяжкае ў яе рабоце, адказвае шчыра: «Перажыць момант, калі хочацца хутчэй у душ пасля пылу, калі ўсё свярбіць і пячэ. 

А самае прыемнае — быць побач з татам, нагаварыцца з ім уволю, параіцца, абмеркаваць нешта. Мы ж рэдка бачымся ў звычайны час. 

У ліпені я выйшла замуж, пераехала з бацькоўскага дома, што ў Баравым. Цяпер жыву ў суседнім Путчыне. Муж інжынер у мясцовай гаспадарцы, нам выдзелілі дом. Шчыра, гарады не па душы, люблю спакой і цішыню, Мінск побач, але тут, на вёсцы, свежае паветра, няма гарадской мітусні».

Дарэчы, у бацькі Алесі — чацвёра дачок. Старэйшыя таксама былі яго памочніцамі ў свой час. «Гэта ўжо наша сямейная традыцыя, — кажа Сяргей Міхайлавіч. — Дзеці растуць — і дапамагаюць. Бо як інакш? Яны ж нашчадкі хлебаробаў».

Тысячы тон і тысячы кіламетраў

Іх экіпаж ужо намалаціў больш за 1000 тон збожжа. Ячмень, жыта — усё ўжо сабрана. Цяпер чарга пшаніцы і аўса. На полі працуюць тры камбайны, а ў гаспадарцы іх дзесяць. Па словах Алесі, тэхніка, на якой працуюць, надзейная — GS2124, пяты год у страі. «Тата задаволены, што камбайн амаль не ламаецца. Мы працуем без сур’ёзных праблем», — тлумачыць памочніца камбайнера.

Рабочы дзень у Алесі пачынаецца а восьмай раніцы: яна садзіцца за руль сваёй легкавушкі, едзе да бацькі, і разам яны выпраўляюцца ў поле. Працуюць па дзесяць гадзін, а то і больш. Дадому вяртаюцца позна, калі ўжо цёмна. «Прыязджаю гадзін у дзесяць вечара, адразу кладуся спаць, — смяецца дзяўчына. — Сіл ужо няма нават на вячэру».

Дзе нарадзіўся, там і спатрэбіўся

У будучыні Алеся задумваецца пра свой бізнес, пра агарод, гаспадарку. «Хацелася б больш развівацца, працаваць на сябе. Але і галоўнае — дапамагаць малой радзіме. Дзе нарадзіўся, там і згадзіўся — гэта пра нас», — гаворыць яна.

На пытанне, ці магла б яна калі-небудзь уявіць сябе ў ролі галоўнага камбайнера, адказвае ўсмешкай: «Чаму б не? Былі такія думкі. Паглядзім, што будзе. Ад такога не адмаўляюся».

Калі слухаеш Алесю, разумееш: галоўнае для гэтага сямейнага экіпажа — быць разам, адчуваць сябе карыснымі, перадаваць традыцыю. І самы каштоўны ўраджай — не толькі ў бункеры камбайна, а яшчэ і ў сэрцах.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю