Крыху больш за год яна працуе на Полацкай выратавальнай станцыі. І яе прыклад — іншым навука: у любым узросце можна памяняць жыццё да лепшага. Галоўнае — не баяцца ісці насустрач новаму, не ўпускаць свайго шанцу.
Марскія апавяданні
Марской рамантыкай Аня захварэла яшчэ ў дзяцінстве. Яе дзядзька — Аляксандр Аляксеевіч Часны, выпускнік Ленінградскага мараходнага вучылішча, — доўгія гады служыў старшым механікам на розных суднах. Пляменніца слухала яго апавяданні, затаіўшы дыханне. Уяўленне малявала жыццё, поўнае прыгод, незвычайных уражанняў і сапраўднага сяброўства. Пад уплывам дзядзькі дзяўчынка пачала калекцыянаваць мадэлі караблёў-паруснікаў. Як яшчэ яна магла наталіць свой «марскі запал»?
Скончыўшы пасля школы Полацкі аграрна-эканамічны каледж па спецыяльнасці «Правазнаўства», Ганна Страйсцян працавала ў судзе, сакратаром у канцылярыі па грамадзянскіх справах, архіварыусам, загадчыцай архіва. Потым перавучылася і ўладкавалася лагістам у транспартную кампанію.
— Працавала, гадавала дзяцей, клапацілася аб сям’і. Звычайнае жыццё большасці жанчын. Але мара стаць калі-небудзь за штурвал катара мяне ніколі не пакідала, — прызнаецца яна. — І вось шэсць гадоў таму вылучыла з сямейнага бюджэту суму на навучанне ў Дзяржаўнай інспекцыі па маламерных суднах. Тэорыю нам выкладалі ў Полацкім гаррайаддзеле па надзвычайных сітуацыях, а практыкаваліся мы на Полацкай выратавальнай станцыі, там жа здавалі іспыты. Вучоба аказалася дастаткова складанай.
Атрымаўшы міжнародныя правы на кіраванне маламерным суднам, Ганна падумала: «На якім-небудзь моры падчас адпачынку абавязкова імі скарыстаюся!» Уявіць, што гэтыя правы адкрыюць ёй шлях да новай прафесіі, яна ніяк не магла. Аднак летась Ганне патэлефанаваў начальнік Полацкай выратавальнай станцыі і запрасіў на працу.
— Я расказала мужу і дзецям аб гэтай прывабнай прапанове, — успамінае яна. — Дзмітрый, дачка, сыны мяне падтрымалі. У адзін голас сказалі: «Ідзі. Гэта тваё!» Не хаваю: страшнавата было сыходзіць з транспартнай кампаніі, рэзка мяняць жыццё. І ўсё ж я пераадолела свае страхі. Вырашыла: нават калі не складзецца, буду ведаць — я паспрабавала. Лепш, як вядома, шкадаваць аб зробленым, чым аб нязробленым.
«Свой хлопец»
На выратавальнай станцыі Ганну Страйсцян сустрэлі без фанфар, стрымана. Прадстаўнікі некаторых прафесій дагэтуль лічацца з прыкметамі. А жанчына на караблі, як вядома, нічога добрага не абяцае.
Аднак Ганна вельмі старалася даказаць: не ва ўсе прыкметы ўжо варта верыць. Не адмаўлялася ні ад якой работы, спраўлялася са сваімі абавязкамі не горш за астатніх. І паступова скептыцызм мужчын змяніўся павагай і даверам. Да таго ж, хоць моцная палова сустрэла яе без асаблівага энтузіязму, але з першых дзён ва ўсім дапамагала: і матор адрамантаваць, і патрэбныя запчасткі замовіць.
Сёння, па словах Ганны, яна адчувае сябе абсалютна арганічна ў сваім калектыве. Больш за тое, яна ўпэўнена: у выпадку любога форс-мажору мужчыны абавязкова падставяць ёй плячо, падтрымаюць. Зараз яна для калег ужо «свой хлопец», многія з іх машынальна працягваюць ёй руку, вітаючыся. А вось незнаёмыя людзі, бачачы, што дапамогу на вадзе аказвае прывабная жанчына, часцей за ўсё дзівяцца: «А вы што тут робіце?..»
Будні ратавальніка
За год з невялікім, што Ганна працуе на Полацкай выратавальнай станцыі, яна не аднойчы лавіла сябе на думцы: змяніўшы сваё жыццё, не пралічылася. Нядаўна як супрацоўнік, «які ўнёс вялікі ўклад у забеспячэнне бяспекі на вадаёмах Беларусі», Ганна Страйсцян была ўдастоена падзякі РДГА АСВОД.
Мінулым летам Ганна разам з матарыстам Віталем Шуканам адказвалі за бяспеку падчас фестывалю воднага турызму «Зорная дыядэма Полацкай зямлі» на возеры Янова. Раніцай добрае надвор’е не прадвяшчала непрыемнасцяў. Але нечакана пачаўся шторм, узняўся моцны вецер. Пры патруляванні акваторыі Ганна і Віталь убачылі, як спартсмен упаў з сапборда. Паспяшаліся да яго, дапамаглі выбрацца, паднялі на борт. Малады хлопец паведаміў пра таварыша, які плыў за ім. Знайшлі і яго.
А потым прыйшлі на выручку яшчэ чацвярым членам двух экіпажаў, якіх прыбіла ветрам у чарот, і яны не маглі самастойна адтуль выбрацца.
— Не ўсякая жанчына справіцца з абавязкамі рулявога-матарыста, — лічыць Ганна Страйсцян. — Тут патрэбен пэўны характар. У гэтым годзе, напрыклад, мне прыйшлося ўдзельнічаць у пошуку патанулага мужчыны. Чатыры дні шукалі, пакуль знайшлі цела. Зразумела, не кожны вынесе такое відовішча. Патрэбна псіхалагічная ўстойлівасць. У мяне гэта ёсць. Добра, што прыйшла на выратавальную станцыю, ужо маючы і жыццёвы досвед, і дастаткова ведаў, набытых дзякуючы папярэднім прафесіям. У судзе навучылася працаваць з дакументамі — гэта патрабуецца і матарысту-рулявому. У транспартнай кампаніі навучылася лепш разумець мужчын, узаемадзейнічаць, знаходзіць агульную мову з імі. Таму адпаведнае асяроддзе на выратавальнай станцыі не стварыла для мяне нейкіх праблем.
Урокі бяспекі
Калі падчас патрулявання ратавальнікі бачаць дзяцей, якія заплылі далёка ад берага, то бяруць іх да сябе на борт і абавязкова інфармуюць бацькоў. На жаль, не ўсе дарослыя разумеюць: калі іх дзіця ідзе ў вадаём, то яны павінны знаходзіцца на адлегласці выцягнутай рукі і не спускаць з яго вачэй, а не ляжаць на пляжы, уткнуўшыся ў тэлефон!
Прафілактыкай няшчасных выпадкаў ратавальнікі займаюцца не толькі на вадзе, але і на сушы. Ганне Страйсцян часта даводзіцца наведваць школы і лагеры, расказваць непаўналетнім аб правільных паводзінах на рэках, азёрах, морах.
— Як маці мне хочацца да кожнага дзіцяці данесці неабходную інфармацыю, засцерагчы іх жыццё, здароўе, — падкрэслівае яна. — Імкнуся падаваць веды ў гульнявой, займальнай форме. Усе свае ідэі для выступленняў перад школьнікамі звычайна «адпрацоўваю» на 9-гадовым Цімафеі, назіраючы, ці цікавыя яму звесткі, якія яна даносіць, якая форма выкладу лепшая.
Цімафей ахвотна ўдзельнічае ў падобных асветніцкіх мерапрыемствах, з радасцю бывае ў маці на рабоце. 18-гадовы Іван, гледзячы на маму, уладкаваўся сезонным матросам-выратавальнікам на пляжным пасту. А старэйшая дачка Юлія працуе настаўнікам пачатковых класаў у Полацкай школе № 16 і таксама стараецца даносіць да сваіх вучняў веды, як засцерагчы сябе на вадзе.
Галоўны «прычал»
— Сям’я — гэта мой галоўны «прычал», — дзеліцца Ганна. — Пераступаю парог дома і са «свайго хлопца», якім бываю на рабоце, ператвараюся ў добрую клапатлівую жонку і маму. Мне пашанцавала: ва ўсіх бытавых справах мне дапамагаюць і муж, і дзеці. Быць шматдзетнай мамай — гэта, безумоўна, вялікая праца, служэнне, але і шчасце. Дзеці для мяне — крыніца энергіі, пазітыву, з імі не бывае сумна!
Свае выхадныя і водпуск Ганна звычайна праводзіць разам з сям’ёй на дачы на беразе возера. Разам з Дзмітрыем уладкоўвае хату, участак. Атрымлівае асалоду ад прыгажосці прыроды, цішыні. Калі адчувае натхненне, бярэ ў рукі фарбы. У свой час скончыла мастацкую школу, і дагэтуль ёй падабаецца маляваць. Вельмі любіць падарожнічаць і па Беларусі, і за яе межамі.
У пяць гадоў разам з бацькамі Аня ўпершыню пабывала на Каспійскім моры. Стаўшы дарослай, адпачывала на Чырвоным моры. З убачаных на свае вочы самае вялікае ўражанне на яе пакуль зрабіла Паўднёва-Кітайскае мора. Але, як кажуць, яшчэ не вечар. Ганна Страйсцян марыць наведаць і іншыя моры. І як яна перафразавала вядомы радок з песні Уладзіміра Высоцкага пра горы, лепш за мора можа быць толькі мора, на якім ты яшчэ не бываў...
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота з асабістага архіва Ганны СТРАЙСЦЯН