Top.Mail.Ru

Груз ведаў. Як зрабіць яго лягчэйшым?

Новы навучальны год неўзабаве пачнецца, і школьнікі, падобныя на юных альпіністаў, зноў адправяцца штурмаваць вяршыні ведаў

Адкуль такое параўнанне? Праз заплечнікі, якія часам нават большыя за свайго гаспадара. Узваліць на плечы партфель вучня пачатковай ці сярэдняй школы і не сагнуцца пад гэтым цяжарам пад сілу далёка не кожнай маме.

Тата, вядома, здолее. Але калі, напрыклад, у заплечнік трэба ўціснуць яшчэ і фізкультурную форму, плюс зменны абутак, атласы і контурныя карты, плюс сёе-тое на перакус... Напэўна, і тату школьны партфель дзіцяці не падасца лёгкім.

Якая вага школьнага заплечніка бяспечная для дзіцяці?

Маса штодзённага камплекта падручнікаў з пісьмовымі прыладамі (без масы ранца або заплечніка) павінна складаць не больш за 1,5 кг для вучняў 1-2 класаў, 2 кг для навучэнцаў 3-4 класаў, 2,5 кг для вучняў 5-6 класаў, 3 кг для навучэнцаў 7-8 класаў і 3,5 кг для школьнікаў, што ідуць у 9-11 класы, распавялі ў аддзяленні гігіены дзяцей і падлеткаў Цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Фрунзенскага раёна г. Мінска.

Нармуецца таксама вага саміх ранцаў, заплечнікаў і партфеляў. Яна павінна быць: для вучняў пачатковых класаў — не больш за 600-700 грамаў, для навучэнцаў сярэдніх і старэйшых класаў — не больш за кілаграм.

Марына, мама чацвёртакласніка і сямікласніцы:

— Доўга думала, які аб’ём заплечніка купляць сыну. Уявіце: у дзіцяці 6 урокаў, адзін з якіх — фізкультура. Такім чынам, 5 падручнікаў, сшыткі, пенал, фізкультурная форма, зменны абутак... Ды яшчэ сам па сабе заплечнік мае нейкую вагу. А сын важыць 34 кілаграмы! У сёмым класе партфель яшчэ больш цяжкі.

— Цяжкі школьны ранец можа стаць прычынай пастаяннай стомленасці, боляў у цягліцах і пазваночніку, скаліёзу і сутуласці, — падкрэслівае валеолаг Лілія КАЦЭР. — Таму перш за ўсё трэба паклапаціцца пра добры артапедычны заплечнік для школьніка, які правільна і бяспечна размяркоўвае нагрузку на апорна-рухальны апарат дзіцяці. Цяжар заплечніка павінен знаходзіцца як мага бліжэй да спіны школьніка. Надзеўшы ранец, дзіця не павінна нахіляцца наперад або назад.

Таццяна, мама вучня другога класа:

— Медыкі раяць артапедычны заплечнік, каб спіна была роўнай. Але калі звычайны заплечнік важыць 450-500 г, то з артапедычнымі ўстаўкамі — каля 700. Вось і атрымліваецца: або «крывая» спіна, або дадатковы вага на спіне дзіцяці...

Калі вельмі цяжка...

Існуюць рызыкі для здароўя школьніка, звязаныя з занадта цяжкім ранцам, кажуць спецыялісты. Кароткатэрміновыя пабочныя эфекты рэгулярнага нашэння занадта цяжкага заплечніка дзецьмі і падлеткамі ўключаюць боль у спіне, шыі, плячах, здранцвенне і слабасць у руках. Але ёсць і доўгатэрміновыя негатыўныя эфекты. Нагрузка на шыю і плечы прыводзіць да галаўнога болю, пашкоджання пазваночніка — да такіх праблем, як сутуласць і скаліёз. Цяжкія заплечнікі школьнікаў правакуюць недастатковы прыток крыві да канечнасцяў, і менавіта яны вінаватыя ў болях у шыі і паясніцы, а скрыўленая пастава зніжае здольнасць дыхаць з-за ціску на лёгкія. Цяжкі заплечнік павышае небяспеку траўмаў. Акрамя таго, дзіця фізічна стамляецца, а стома дрэнна адбіваецца на працаздольнасці.

Гэй, лягчэй!

Кантраляваць вагу школьнага партфеля павінны бацькі і настаўнікі, адзначаюць спецыялісты. Але што можна зрабіць?

— Дзецям сапраўды даводзіцца насіць цяжкія ранцы, — кажа настаўніца ліцэя Галіна РЫНЧУК. — Як зрабіць іх лягчэй? Напрыклад, у класах можа быць другі камплект падручнікаў — іх купляюць бацькі, і дзеці могуць не насіць кнігі ў школу. У нас у пачатковай школе гэта так. Але падобная сістэма цалкам прымальная і для старэйшых класаў, дзе дзеці ходзяць з кабінета ў кабінет. Чаму б, напрыклад, у кабінеце фізікі не мець камплект з трыццаці падручнікаў для 7, 8, 9 класа і г. д., якія можна раздаваць у пачатку ўрока? І гэтак жа — у іншых кабінетах. Усё гэта вырашальна — на ўзроўні бацькоў, класнага кіраўніка, адміністрацыі школы.

Са свайго боку і медыкі прапануюць вылучыць у школах дадатковыя месцы (шафы, паліцы), каб дзіця магло пакідаць там набор фарбаў, альбом, фізкультурную форму і г. д. Але ўрачы і настаўнікі маюць на ўвазе школьныя прылады і рэчы, неабходныя для вучобы. Між тым, у агульнай вазе варта ўлічыць таксама неабавязковыя для навучання прадметы. У малодшых класах і напачатку сярэдняй школы гэта могуць быць цацкі, у 8-9 класах — гаджэты, а ў дзяўчынак — яшчэ і касметыка.

Юлія, мама двух старшакласнікаў:

— У 9-10 класах дзеці становяцца дарослымі і самі выкладваюць з заплечнікаў лішняе. Але раней даводзілася сачыць за тым, што і ў якой колькасці сын і дачка бяруць на заняткі. Да таго ж дзеці часам забываюць выкласці падручнік ці спартыўную форму, якія на наступны дзень непатрэбныя. Так што мая парада бацькам: праводзьце раз у некалькі дзён «рэвізію» змесціва партфеля вашага дзіцяці.

І яшчэ некалькі парад ад бацькоў школьнікаў

✓ Можна дамовіцца з суседам па парце аб тым, каб насіць падручнікі напалам — і партфель, адпаведна, напалову «схуднее».

✓ Калі насіць усе падручнікі ўсё ж такі прыйдзецца, трохі палегчыць вагу партфеля можна за кошт пенала. Хай у пенале будзе толькі тое, што сапраўды неабходна. І сам пенал лепш выбраць лёгкі па вазе.

✓ Тое ж самае датычыцца ланч-бокса, парасона, зменнага абутку: выбіраем максімальна лёгкія па вазе варыянты.

Збіраем заплечнік правільна

Значэнне мае не толькі вага школьнага ранца, але і тое, як у яго складзены школьныя рэчы і як яго носіць дзіця. Дзеці і падлеткі, якія носяць заплечнікі, спусціўшы шлейкі (так, каб ён дакранаўся да ніжняй часткі спіны) або вешаючы заплечнік толькі на адно плячо, падвяргаюць сваю спіну больш моцным і нераўнамерным нагрузкам, чым тыя, хто носяць заплечнік правільна. Аптымальнае нашэнне заплечніка — пры верхняй частцы спіны, з фіксацыяй шырокімі шлейкамі на абодвух плячах.

Акрамя таго, бацькі павінны навучыць дзяцей правільна складаць школьны заплечнік, партфель або ранец.

✓ Найбольш цяжкія прадметы (падручнікі і кнігі) павінны змяшчацца бліжэй да спіны. Калі яны далёка ад спінкі заплечніка, іх вага адцягвае пазваночнік.

✓ Важна, каб усе аддзяленні і кішэні заплечніка выкарыстоўваліся — так вага будзе размяркоўвацца раўнамерна.

✓ Для напаўнення бакавых кішэняў лепш выкарыстоўваць больш лёгкія рэчы. Цяжкія прадметы ў бакавых кішэнях заплечніка будуць нераўнамерна «перацягваць» вагу, і гэта можа дэфармаваць пазваночнік.

І не забываем пра святлоадбівальныя элементы на школьным партфелі або заплечніку — на пярэдніх, бакавых паверхнях і верхнім клапане. Гэта, вядома, ніяк не звязана з вагой, але таксама важна.

Аляксандра Анцэлевіч

Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю