Ёсць куды расці
У Беларусі кандытарская галіна ўключае 6 буйных арганізацый канцэрна «Белдзяржхарчпрам» — «Камунарка», «Спартак», «Чырвоны харчавік», «Кандытарская фабрыка «Слодыч» з філіяламі ў г. Маладзечне і г. п. Івянцы, «Чырвоны Мазыранін», «Чырвоны харчавік — Слаўгарад», — а таксама каля 200 прадпрыемстваў абласных хлебпрамаў, кандытарскія цэхі Белкаапсаюза і іншых арганізацый камунальнай і прыватнай форм уласнасці. Каб усе яны эфектыўна і актыўна развіваліся, у нашай краіне рэалізуецца Стратэгія развіцця кандытарскай галіны Рэспублікі Беларусь на 2024–2026 гады, а таксама комплекс мер па яе выкананні.
Аднак усё яшчэ ёсць куды расці і развівацца. Паводле слоў старшыні канцэрна «Белдзяржхарчпрам», ёмістасць рынку дае магчымасць айчынным прадпрыемствам прапаноўваць новы асартымент, прыцягваць увагу гандлёвых сетак і рознічных прадпрыемстваў гандлю ўсіх форм уласнасці, насычаючы тым самым рынак краіны беларускай прадукцыяй. Так, за першае паўгоддзе 2026-га ў Беларусі было выпушчана 78,8 тысячы тон кандытарскіх вырабаў. У планах — устаноўка новых ліній і мадэрнізацыя дзеючых магутнасцяў. Агульны бюджэт гэтых мерапрыемстваў перавышае 160 мільёнаў рублёў.
Не спыняючыся на дасягнутым
На працягу апошніх дзесяці гадоў на фабрыцы «Камунарка» было мадэрнізавана 7 вытворчых ліній з 15. Да таго ж, сёння каля 45 % усяго аб’ёму прадукцыі, што выпускаецца ёю, прыпадае менавіта на імпартазамяшчальныя вырабы. Спажыўцы могуць знайсці іх на паліцах магазінаў па ўсёй краіне, расказаў генеральны дырэктар СААТ «Камунарка» Аляксандр Нячай: «Але наша фабрыка не спыняецца на дасягнутым, ёсць свае вытворчыя планы. У бліжэйшыя чатыры гады ў нас запланавана інвестыцыйная праграма, дастаткова амбіцыйная, у рамках якой будзем вырабляць і прадастаўляць нашаму спажыўцу новыя імпартазамяшчальныя прадукты».
У сваю чаргу, прадпрыемствы канцэрна «Белдзяржхарчпрам» гандлююць больш чым з 16 краінамі, расказаў Алег Жыдкоў: «Гэта ўжо традыцыйна напрацаваныя рынкі, дзе наша прадукцыя прысутнічае на пастаяннай аснове. Разам з тым сёння актыўна робяцца крокі для пашырэння геаграфіі паставак. Удзел у міжнародных выстаўках, паездкі ў краіны далёкай дугі і Афрыканскага кантынента якраз і дапамагаюць гэту геаграфію пашыраць, знаёміць спажыўцоў гэтых рэгіёнаў з нашай прадукцыяй».
Новыя варыянты і лінейкі якой, дарэчы, нашы пакупнікі заўсёды з цікавасцю сустракаюць. У тым ліку таму, што папулярызацыяй айчыннай прадукцыі займаюцца не толькі самі прадпрыемствы, але і прадстаўнікі блогасферы. Сёння ў асартыменце кандытарскіх прадпрыемстваў «Белдзяржхарчпрама» — больш за паўтары тысячы найменняў ласункаў. І вытворцы прадоўжаць і далей эксперыментаваць з іх смакамі, дадаваць новыя водары, абнаўляць упакоўкі сваёй прадукцыі. Напрыклад, усё часцей на прылаўках з’яўляюцца прадукты з павышаным утрыманнем бялку і паніжаным — цукру: так вытворцы адгукаюцца на запыты тых, хто сочыць за здароўем і правільным харчаваннем.
Аміна НАЗАРАВА
Фота БелТА