З вялікай цеплынёй у голасе Марыя Іосіфаўна згадвае першае месца работы ў вёсцы Талмінава. Гэта была невялікая хата, літаратуры не хапала, а чытаць тады любілі. Каб задаволіць запыты вясковых чытачоў, даводзілася звяртацца па дапамогу ў раённую, абласную і нават рэспубліканскую бібліятэкі. Жанчына вельмі ўдзячная за тую падтрымку, якую атрымлівала ў той час ад свайго кіраўніка Марыны Белавус: «Яна вельмі часта наведвала маю „гаспадарку“. Магчыма, кагосьці візіты кіраўніка напружвалі б, а для мяне гэта былі радасныя сустрэчы з такой жа фанаткай кніжнай справы, як і я. Яна ніколі не скупілася на словы падтрымкі і ўхваляла ўсе мае пачынанні». Бібліятэкар вырашыла насіць кнігі дахаты людзям з інваліднасцю, арганізоўвала сустрэчы з удзельнікамі вайны, рабіла выстаўкі кніг, праводзіла творчыя конкурсы, абменьвала бібліятэчныя кнігі на цікавую літаратуру, якая была ў калекцыях мясцовых чытачоў. Яе пачынанні далі плён — расла колькасць наведвальнікаў, з’явіліся памочнікі сярод школьнікаў, а іншыя вясковыя бібліятэкі пачалі цікавіцца яе вопытам...
Сёння Марыя Іосіфаўна ўжо сама падтрымлівае маладых супрацоўнікаў. Радуецца, калі ў парках і грамадскім транспарце бачыць людзей з кнігай у руках.
Мікалай Балыш, Ашмяны