Top.Mail.Ru

Шчырыя слёзы настаўніцы

14.08.2026 | 10:05

Пасля заканчэння Гомельскага педвучылішча ў 1959 годзе па накіраванні я трапіла ў Лельчыцкі раён. Мяне, 17-гадовую, ветліва і неяк па-бацькоўску сустрэў загадчык раённага аддзела адукацыі Трафім Шаршнёў, які адразу ж уразіў пытаннем: «Вы спяваеце?» — я тады адказала, што прыехала найперш вучыць дзяцей, праўда, і спяваць люблю: удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці. Тады ён патлумачыў, што ў раёне будзе праходзіць агляд мастацкай самадзейнасці і ў вёскі ён імкнецца накіраваць выпускнікоў, якія маглі б арганізаваць такую справу.

Мяне накіравалі ў вёску Баравое. Дабрацца туды можна было на грузавым таксі. У дарозе адзін з пасажыраў запытаўся ў мяне, што гэта за дзіцё да іх едзе. А калі пачуў, што настаўніца, пажартаваў: «Хто прыедзе ў Бараве, той без хлеба зараве». Жанчыны тут жа накінуліся на яго, каб маўчаў, а то яшчэ настаўніца напалохаецца і не паедзе да нас, а мы яе доўга чакаем. Тады падумалася, што ж мяне чакае. Бо і самі Лельчыцы ў той час былі не тыя, што сёння. Я тады бачыла аднапавярховыя драўляныя дамы, драўляныя вузенькія тратуары, па якіх ступаць трэба было асцярожна, каб не параніцца...

На месцы мяне ўзялі вясковыя жанчыны на кватэру. Мой жа клас размяшчаўся ў наёмным памяшканні, бо ў той час у мясцовай васьмігодцы не хапала месцаў для ўсіх. Я дасканала рыхтавалася да першай сустрэчы са сваімі першакласнікамі, як пазней і да іншых урокаў. Не скажу, што заўсёды ўсё ішло гладка, былі і цяжкасці, і хваляванні, многімі адкрытымі ўрокамі не была задаволена. Але з тых маіх першых крокаў у настаўніцтве асобныя моманты заселі ў памяці. Узгадваю, як у мой першы клас, што быў у наёмным памяшканні, 
(у ім было 25 чалавек) зайшоў коцік. Спужалася, што ўрок матэматыкі можа быць сарваны. Я тады звярнулася да вучняў з запытам, хто хоча яго пагладзіць. Рукі паднялі ўсе. Я ўзяла пухнаціка на рукі і прапанавала дзецям падысці і пагладзіць яго. Такі занятак «добрага стаўлення да жывёл» заняў хвілін пяць, а пасля мы правялі госця ў суседні пакой.

Быў і яшчэ момант, калі дзеці расчулілі мяне. Пакуль ішлі ўрокі, выпаў снег па калена. Пасля заняткаў дзеткі, хто ў чобатах, хто ў валёнках, пабеглі да дарогі. А я стаю ў чаравіках на тым жа ганку і разважаю, як дабрацца да сваёй кватэры. Раптам заўважыла, што ўсе дзеткі бягуць назад. Яны сказалі, што вярнуліся, каб пратаптаць сцяжынку да маёй кватэры. Я ішла за імі і плакала. І тлумачыла дзецям, што гэта слёзы радасці ад іх дабрыні. Ветліва і з павагай да мяне звярталіся і бацькі маіх вучняў, ды наогул, усе вяскоўцы...

Пасля заканчэння філфака я працавала настаўніцай у Лельчыцкай сярэдняй школе № 2... Сёння, як многія настаўнікі, магу сказаць, што ганаруся многімі сваімі вучнямі, якія абралі самыя розныя прафесіі. Але самае галоўнае ( і ў гэтым я ўпэўнена), сталі сапраўднымі людзьмі, чулымі, добрымі, сумленнымі...

Радуе мяне і як змяніліся нашы Лельчыцы, як прыгажэюць з году ў год. Тут ужо прозай не скажаш: «Узводзяцца гмахі — гарадок будуецца, рамантуюцца дарогі, у кветках і зелені вуліцы». Радуюць вока трох- і пяціпавярховыя будынкі, заасфальтаваныя дарогі. Змянілася і тое маё першае месца працы, гонар якой — цудоўная сярэдняя школа.

Святлана МЯДЗВЕДЗЕВА, г. Лельчыцы

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю