Top.Mail.Ru

Падчас рабочай паездкі ў Оршу Прэм’ер-міністр наведаў мясакамбінат і аб’ект імпартазамяшчальнай вытворчасці

18.08.2026 | 11:37

Важныя прадпрыемствы для рэгіёна і краіны 


«Мясныя» планы «Дзяржынскага» і Віцебшчыны 

Падчас наведвання Прэм’ер-міністрам Аляксандрам Турчыным ААТ «Аршанскі мясакансервавы камбінат» галоўнай стала тэма павышэння эфектыўнасці вытворчасці. 

Рашэнне аб рэарганізацыі АМКК шляхам яго далучэння да буйнога паспяховага ААТ «Агракамбінат «Дзяржынскі» было прынята ў маі гэтага года. На бягучы момант аршанскае прадпрыемства ўключана ў структуру і знаходзіцца ў даверным кіраванні холдынга. Назначаны новы кіраўнік для фінансавага аздараўлення, аптымізацыі работы, стабілізацыі сітуацыі, пошуку ўнутраных рэзерваў.  

Агракамбінат «Дзяржынскі» — адзін з найбуйнешых у Беларусі холдынгаў. Ён з’яўляецца вытворцам свініны, ялавічыны, мяса курыцы і індычкі. У той жа час холдынг мае патрэбу ў пашырэнні вытворчых плошчаў для іх перапрацоўкі, а Аршанскі МКК, які адчуваў істотны недахоп абаротных сродкаў на закупку сыравіны для поўнай загрузкі магутнасцяў, атрымае прамыя і таннейшыя пастаўкі мяса. Такім чынам рэарганізацыя і далучэнне, якое плануецца завяршыць да канца бягучага года, нясуць узаемныя выгады.  

Шэраг маштабных праектаў запланавана рэалізаваць «Дзяржынскім». Сярод іх — будаўніцтва шасці комплексаў па адкорме буйной рагатай жывёлы на 4 тысячы галоў кожны ў Аршанскім, Віцебскім, Талачынскім раёнах. Гэта дазволіць штогод дадаткова атрымліваць па 12 тысяч тон мяса. Прырост у 7 тысяч тон мяса на год дасць мадэрнізацыя 14 дзеючых комплексаў на 14 тысяч галоў. У верасні чакаецца ўвод у дзеянне комплексу па развядзенні мясных парод БРЖ на 3,2 тысячы галоў. 

Аб стане і перспектывах развіцця сыравіннага і перапрацоўчага сектараў рэгіёна трымаў справаздачу першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Сяргей Ляўковіч. У гэтай галіне працуюць 153 сельгасарганізацыі, чатыры мясакамбінаты, восем малаказаводаў. Лепшы ў параўнанні з вынікамі, атрыманымі на малочнатаварных фермах, валавы збор прадукцыі атрымліваюць на малочнатаварных комплексах, што само падказвае далейшы кірунак развіцця на іх карысць. Станоўчую дынаміку вобласць дэманструе ў вытворчасці свініны.  

Якасць кансерваў захаваецца высокай 

Аршанскі МКК — асноўны ў Беларусі вытворца мясных і мясараслінных кансерваў. Зараз тут штодня адбываецца абвалка 42-45 тон свініны і ялавічыны, прычым апошняя займае каля 75 % у агульным аб’ёме мяса. Прадпрыемства вырабляе дзіцячае харчаванне 12 відаў, кансервы агульнага прызначэння 16 відаў. За апошнія паўгода аб’ёмы гэтай прадукцыі выраслі на 15 %, у роўных долях яна паступае на ўнутраны і знешні рынкі.  

Як паведаміў кіраўнік Аршанскага МКК Павел Рынзак, першым значным крокам стала датэрміновае — у чэрвені замест лістапада — увядзенне ў эксплуатацыю новага цэха. Гэта дазволіла павялічыць аб’ёмы прадукцыі, што выпускаецца, пры змяншэнні колькасці занятых работнікаў. Тут устаноўлены новыя тэхналагічныя лініі па вытворчасці мясных кансерваў агульнага прызначэння і пюрэ для дзіцячага харчавання ў тары рознага аб’ёму.  

— На бягучы момант камбінат мае магчымасць нарошчваць аб’ёмы вытворчасці, — падкрэсліў кіраўнік МКК. — У бліжэйшы час плануем арганізаваць работу новага цэха ў дзве змены, для чаго пашырым штат работнікаў на 25-30 чалавек.  

Павел Рынзак звярнуў увагу, што час вытворчасці дзіцячых кансерваў у металічнай тары мінуў. Для іх упакоўкі і захавання выкарыстоўваецца больш сучасная і бяспечная шкляная тара. Разам з тым прадукты для малых вырабляюць з самай якаснай сыравіны, мяса маладых жывёлін без стымулятараў росту і антыбіётыкаў, па ранейшых рэцэптурах. Смак і іншыя якасныя паказчыкі дзіцячага харчавання, прызнанага спажыўцамі найлепшым для прыкорму малых, абсалютна не змяніліся. І хаця аб’ёмы рэалізацыі кансерваў у шкле ў параўнанні з былымі, у металічнай упакоўцы, пакуль знізіліся, вытворцы ўпэўненыя, што пакупнікі ўпадабаюць дзіцячае харчаванне ў слоічках. 

Аршанскі камбінат таксама з’яўляецца адзіным у Беларусі вытворцам кармоў для жывёлы з утрыманнем мяса — выпускае чатыры віды кармоў. Гэты кірунак дзейнасці ў перспектыве будзе ўдасканальвацца, лінейка прадукцыі пашырыцца. Падчас візіту Аляксандра Турчына гаворка ішла аб будаўніцтве яшчэ аднаго новага цэха — па вытворчасці сухіх і вільготных кармоў для жывёлы. 

Некаторыя бакі рэарганізацыі выглядаюць балючымі. Так, на АМКК закрыты каўбасны цэх. Гэта абумоўлена тым, што асноўны кірунак дзейнасці камбіната — вытворчасць мясных кансерваў. Прынята рашэнне засяродзіцца менавіта на гэтай дзейнасці, а каўбасы працягнуць вырабляць у Мінску і Слуцку, дзе ў «Дзяржынскага» таксама мясакамбінаты. Пры спыненні цэха частка людзей, якая захацела застацца працаваць на сваім прадпрыемстве, пераведзена на іншыя ўчасткі.  

На заканчэнне — яшчэ адна немалаважная навіна: рэарганізацыя не мае на ўвазе парушэнне ідэнтычнасці вядомага таварнага знака. Пакупнікі звязваюць брэнд «АМКК» са знакам беларускай якасці, і ён будзе захаваны. 

Свае дэталі для «БЕЛАЗаў» 

Яшчэ адным пунктам маршруту Прэм’ер-міністра ў Оршы стаў філіял ААТ «БЕЛАЗ» — «Індустрыя кольцаў» (да нядаўняга часу «Завод ПАК»). На ім рэалізуецца інвестыцыйны праект, мэта якога — арганізацыя сучаснай імпартазамяшчальнай вытворчасці кальцавых нарыхтовак у тым ліку для кар’ерных самазвалаў. Кошт праекта — 330,4 млн рублёў. Тэрмін завяршэння — I квартал 2027-га. 

Да гэтага часу кальцавыя нарыхтоўкі набываліся ў пастаўшчыкоў па імпарце. 

Пасля рэалізацыі праекта кальцавыя нарыхтоўкі будуць вырабляцца на ўласнай вытворчасці, што забяспечыць поўнае імпартазамяшчэнне гэтай прадукцыі як на ААТ «БЕЛАЗ», так і на іншых прадпрыемствах Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
На бягучы момант завершаны асноўныя этапы механічнай устаноўкі абсталявання і мантажу тэхналагічных трубаправодаў на большасці ўчасткаў лініі, вядуцца работы па манціраванні абсталявання ўчастка тэрмічнай апрацоўкі кальцавых нарыхтовак. 

Аляксандр Турчын заслухаў даклад генеральнага дырэктара ААТ «БЕЛАЗ» — кіруючая кампанія холдынга «БЕЛАЗ — ХОЛДЫНГ» Сяргея Лесіна. Быў разгледжаны ход рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, а таксама вынікі фінансава-гаспадарчай дзейнасці таварыства і перспектывы яго развіцця. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА  
Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю