Top.Mail.Ru
0

У Беларусі нарастае хуткасць раскручвання інвестыцыйнага цыкла

19.08.2026 | 10:18

Беларускі ВУП накіраваўся да мэтавага паказчыка: па выніках сямі месяцаў ён павялічыўся на 2,1 %. Добра спрацавала сельская гаспадарка (+12,9 %), рознічны гандаль (+8,1 %). 
У дадатную зону нарэшце выйшла прамысловасць (+0,1 %), на 1,9 % у студзені — чэрвені вырас грузаабарот. Сваю лепту ў рост эканомікі ўнеслі інвестыцыі ў асноўны капітал — +4 %. Прычым апераджальнымі тэмпамі растуць выдаткі на набыццё машын, абсталявання і транспартных сродкаў — +7,4 %. Інвестыцыйны цыкл пачаў актыўна раскручвацца. Для гэтага ёсць і нарматыўна-прававая, і фінансавая базы.


Усе ключавыя дакументы ў частцы інвестыцыйнай палітыкі прыняты і запрацавалі. Вызначаны прыярытэты, ключавыя кірункі, выканаўцы і адказныя. Самае галоўнае, ёсць крыніцы фінансавання. Перш за ўсё — унутраныя. У першым паўгоддзі прадпрыемствы спрацавалі з чыстым прыбыткам, прычым павялічылі яго на 4,9 % у параўнанні з такім жа перыядам 2025 года. Гэта гаворыць аб тым, што ў рэальнага сектара захаваўся патэнцыял уласных сродкаў для ўкладання ў мадэрнізацыю вытворчасці.

Па-другое, нягледзячы на складаную сітуацыю на знешнім контуры, Беларусь захавала сваю прывабнасць для знешняга капіталу. Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта за першае паўгоддзе ў рэальны сектар эканомікі замежныя інвестары ўклалі 5 мільярдаў долараў. Прычым 75,3 %, або 3,8 мільярда долараў, склала паступленне прамых замежных інвестыцый. Пры гэтым нашы кампаніі таксама дастаткова актыўна ўкладваюцца ў замежныя актывы.

У тым ліку, па стварэнні зборачных вытворчасцяў, сэрвісных цэнтраў і іншай інфраструктуры, неабходнай для прасоўвання айчыннай прадукцыі за мяжой. За студзень — чэрвень арганізацыі краіны накіравалі за мяжу 3,6 мільярда долараў інвестыцый. На долю прамых інвестыцый прыпала 68,1 %, у тым ліку з прычыны такой праактыўнай пазіцыі расце і экспарт. За першае паўгоддзе ён павялічыўся на 14,4 %. Прычым за той жа перыяд імпарт вырас нязначна — на 11,7 %. У тым ліку за кошт зніжэння знешняй залежнасці беларускай эканомікі: актыўны інвестыцыйны цыкл прадугледжвае стратэгічна не толькі павышэнне канкурэнтаздольнасці, але і павышэнне яе ўстойлівасці, дасягненне эканамічнай і тэхналагічнай бяспекі.

У значнай ступені фарміраванню стабільнай інвестыцыйнай базы садзейнічаў рост даходаў насельніцтва: і ў намінальным, і ў рэальным выражэнні. Першы намеснік старшыні праўлення Нацыянальнага банка Аляксандр Ягораў нядаўна адзначыў: рэгулятар арыентуе банкаўскі сектар на апераджальны рост дэпазітаў у параўнанні з дынамікай даходаў. Па-першае, наяўнасць у грамадзян зберажэнняў павышае ўстойлівасць іх дамашняй гаспадаркі. Па-другое, пераход дадатковых даходаў у назапашванні не стварае інфляцыйнага навеса: грошы заходзяць у банкаўскую сістэму і працуюць на эканоміку, а не выплюхваюцца на спажывецкі рынак. Па-трэцяе, рост даходаў стварае патэнцыял для фарміравання ў фінансавай сістэме надзейнай інвестыцыйнай рэсурснай базы.

Як адзначыў Аляксандр Ягораў, Нацыянальны банк у сваёй палітыцы робіць акцэнт на рост доўгіх дэпазітаў. Уклады фізічных асоб на тэрмін больш як 3 гады з пачатку 2026-га павялічыліся на паўмільярда рублёў. У агульным аб’ёме дэпазітаў звыш года доля ўкладаў звыш 3 гадоў дасягнула амаль 5 %, хоць яшчэ ў пачатку года гэты паказчык знаходзіўся на ўзроўні каля 1 %.

— Дынаміка добрая, — адзначыў першы намеснік старшыні праўлення. — Доўгія дэпазіты фізічных асоб з’яўляюцца добрай базай для інвестыцыйнага крэдытавання.
Расце і давер да беларускага рубля. Доля дэпазітаў у нацыянальнай валюце склала 73 %, а яшчэ ў сярэдзіне 2024-га гэты паказчык быў каля 50 %. Як адзначыў Аляксандр Ягораў, ідэальна захоўваць дынаміку росту дэпазітаў на ўзроўні каля 20 %, каб стабільна апярэджваць рост даходаў насельніцтва, які ў намінальным выражэнні цяпер складае 
каля 15 %.

Уладзімір ВАЛЧКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю