Так, напрыклад, зрабіў кіраўнік Марыупальскага завода імя Ільіча, што спецыялізаваўся на выпуску брані для баявой тэхнікі, Аляксандр Гармашоў. «...Загадаў спыніць вытворчасць і вывозіць найперш самае каштоўнае абсталяванне, у тым ліку тое, што працавала на патрэбы танкабудавання. Тым самым ён парушыў пастанову Дзяржаўнага камітэта абароны і загад наркама. Безумоўна, гэта рашэнне было апраўдана, бо абстаноўка на фронце была такой, што ніхто не мог паручыцца, колькі часу Марыупаль будзе заставацца савецкім», — заключае ў сваім даследаванні «Эвакуацыя ў 1941 годзе на прыкладзе прадпрыемстваў наркамата танкавай прамысловасці» Арсеній Ярмолаў.
«Ручное кіраванне» ў пераадоленні праблем
Такім чынам, уменне дзейнічаць у «ручным» рэжыме ў дні эвакуацыі таксама мела значэнне. Поспех эвакуацыі ўкраінскіх, часткі беларускіх і паўднёварасійскіх прадпрыемстваў — гэта не толькі самаахвярнасць чырвонаармейцаў і іх камандзіраў, якія трымалі фронт. Гэта і ўменне настаяць на сваёй пазіцыі кіраўнікоў-вытворцаў, якія лепш ведалі абстаноўку на месцах. І самаадданасць працаўнікоў, здольных за лічаныя суткі ажыццявіць пагрузку сотняў тон каштоўнага абсталявання, каб потым выгрузіць яго ў захаванасці за тысячы кіламетраў на ўсход і з ходу ўзяцца за махавікі станкоў, даць фронту неабходную прадукцыю.
.jpg)
Аднак цяжкасці, уласцівыя паўночнай групе прадпрыемстваў, былі характэрны, хоць і ў меншай ступені, і ўмоўным паўднёўцам. Галоўны канструктар Харкаўскага танкабудаўнічага завода № 183 імя Камінтэрна Аляксандр Марозаў успамінаў: «Перанесенае ў Ніжні Тагіл прадпрыемства, у адрозненне ад свайго харкаўскага месцазнаходжання, ужо не мела поўнага пераліку абсталявання, што адбілася на якасці прадукцыі, якая выпускалася». У Ніжні Тагіл у канцы кастрычніка 1941-га прыбылі ўсяго 4234 работнікі (каля 2800 з іх — цэхавыя рабочыя). У той час як у 1940-м іх было 18 000 чалавек — насельніцтва прыстойнага райцэнтра! Прадпрыемства страціла больш за палову інжынераў і тры чвэрці рабочага складу — страты, параўнальныя са змяншэннем асабовага складу стралковых часцей Чырвонай Арміі. Большасць з тых, хто не даехаў да месца эвакуацыі, адсталі, былі пераведзены на іншыя вытворчасці, таму да станкоў і чарцёжных дошак у патрэбны момант не сталі. Можна сказаць, былі ўмоўна «забітыя» для задач умоўнага абароннага прадпрыемства. Таксама мноства працоўных рук і крэатыўных розумаў сышло ў апалчэнне — нягледзячы на бронь, рабочыя масава добраахвотна сталі асновай, напрыклад, 80-тысячнага кантынгенту, які ўліўся ў пяхоту Паўднёва-Заходняга фронту, што з цяжкасцю аднаўляўся пасля паражэння жніўня-верасня 1941 года. Гэта і іншыя меры, якія дрэнна адбіліся на кароткатэрміновых тэмпах прамвытворчасці, усё ж дазволілі на цэлы год стабілізаваць паўднёвае крыло савецка-германскага фронту. Забяспечыць адбіццё захопу бакінскіх нафтавых радовішчаў (бітва за Каўказ 1942 — 1943 гадоў) і работу волжскай транспартнай артэрыі (бітва пад Сталінградам 1942 — 1943 гадоў), па якой бакінская нафта ішла ў тэрміналы працяглага захоўвання маскоўскага прамысловага раёна.
Большасць сталі ў строй
Адносна спакойна эвакуіравалася на ўсход «абаронка» маскоўскага прамысловага раёна і навакольных абласцей — цэнтральная група прадпрыемстваў абароннага комплексу СССР. Праводзілася эвакуацыя ў сярэдзіне — канцы восені 1941 года. Абсалютная большасць прадпрыемстваў была вывезена на Волгу: момант іх вымушанай бяздзейнасці імгненна адгукнуўся, напрыклад, прасяданнем нормы выпуску авіятэхнікі. У лістападзе і снежні ў авіяпалкі франтоў, часці супрацьпаветранай абароны і навучальныя авіяэскадрыллі было пастаўлена прыкладна па 600 самалётаў. У той час як яшчэ ў верасні 1941-га ў СССР (перш за ўсё маскоўскім прамысловым раёнам) выпускалася каля 3500 (!) крылатых машын усіх тыпаў. Наогул пад эвакуацыю трапіла каля 85 % заводаў, якія так ці інакш працавалі на авіяпрам. Па гэтай прычыне падчас бітвы за Маскву савецкія ВПС у плане папаўнення страт «сядзелі на галодным пайку»: нават у перыяд контрнаступлення варожая авіяцыя працягвала ўтрымліваць перавагу ў сталічнай паветранай прасторы.
.jpg)
Да 25 снежня 1941 года ў эвакуацыю сышла апошняя партыя прамысловага абсталявання цэнтральнай групы абаронных прадпрыемстваў (усяго — 40 000 адзінак!), прычым у Паволжы ўжо зманціравалі першую чаргу з 28 000 адзінак. 16 000 (на ўсіх прадпрыемствах групы) ужо давалі прадукцыю! Такім чынам, да моманту пачатку контрнаступлення пад Масквой са 180 авіязаводаў, якія былі ў СССР, было перабазіравана і стала ў строй каля 125. Можна сказаць, наркамат авіяпрамысловасці, наркамат шляхоў зносін, кіраўнікі прадпрыемстваў і іх работнікі здзейснілі бяспрыкладны працоўны подзвіг. За кошт чаго былі дасягнуты такія ўражальныя паказчыкі?


Перш-наперш за кошт умелай арганізацыі: пры размяшчэнні на новых плошчах перавага аддавалася менавіта галаўным прадпрыемствам, а заводам, якія выпускаюць камплектуючыя і агрэгаты, даводзілася пацясніцца. Маскоўскія авіязаводы № 1 і № 24 былі размешчаны на пляцоўках, якія будаваліся пад нерэалізаваныя заводы-«дублёры». Іх прадпрыемствы-спадарожнікі масава заехалі на тэрыторыі звычайных грамадзянскіх арганізацый, прычым апошнія працягвалі паспяхова працаваць! «Маскоўскія авіязаводы № 1 і № 24 размясціліся на плошчах недабудаваных куйбышаўскіх заводаў № 122 і № 337. У той жа час завод № 230, які выпускаў радыёапаратуру, размясцілі ў будынку ветэрынарнага тэхнікума; авіяагрэгатны № 213 — у будынку былога мясакамбіната і да т. п. Некаторыя авіяпрадпрыемствы былі вымушаны размясціцца на тэрыторыях клубаў, лікёра-гарэлачных і шкляных заводаў, мэблевых фабрык і г. д. У асобных выпадках такім заводам даводзілася абжываць нават падземныя тунэлі... У сувязі з гэтым для арганізацыі размяшчэння і наладжвання міжзаводскай кааперацыі паміж авіябудаўнічымі, авіяматорнымі і авіяагрэгатнымі заводамі ва ўсходняй частцы створаны спецыяльны міжгаліновы глаўк, у абавязкі якога было пастаўлена ў кантакце і ўзаемадзеянні з мясцовымі органамі ўлады забяспечыць аснашчэнне комплексу авіяпрадпрыемстваў усім неабходным», — піша Міхаіл Мухін у сваёй рабоце «Эвакуацыя авіяпрамысловасці ў 1941 г.».

Толькі нямногія ў трэцім рэйху па заслугах ацэньвалі скрыты патэнцыял і мабільнасць савецкай эканомікі, ваеннай прамысловасці ў прыватнасці. Няздольнасць прадбачыць «эластычнасць» прамысловага «мускула» СССР, які зможа быць перавезеным без сур’ёзных страт і на-гара ў кароткія тэрміны выдаць масавую якасную прадукцыю для тылу і фронту, была сур’ёзнай, прычым тыповай памылкай нямецкай разведкі і палітычнага кіраўніцтва. І толькі лічаныя людзі ў нетрах германскай прамысловасці, якія працавалі ў СССР у міжваенны час, прадбачылі, з якім праціўнікам ім давядзецца сутыкнуцца. Такім быў адзін з галоўных арганізатараў ваеннай эканомікі нацысцкай Германіі Ялмар Шахт: «Мы (прамыслоўцы са стажам. — Аўт.) былі перакананыя, што нападзенне на Расію — сапраўднае вар’яцтва. Асобныя партыйныя кіраўнікі, якія падазравалі ці ведалі аб намеры Гітлера пачаць вайну з Расіяй, таксама жахаліся», — напісаў ён у сваіх мемуарах. Яшчэ зімой 1940 — 1941 гадоў ён выклаў свае думкі ў аналітычнай запісцы, папярэджваючы аб няпоўнай эканамічнай гатоўнасці Германіі весці працяглую вайну на два франты і значных унутраных рэзервах СССР. Сачыненне, на гора адрасата, не было нават прачытана...
Аляксей СЕРАБРАКОЎ