Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Канстанцін Бурак, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта і старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Ігар Сергяенка ў самым пачатку абмеркавання адзначыў, што такія сустрэчы накіраваны ў першую чаргу на інфармаванне аб рабоце Палаты прадстаўнікоў. Ад спікераў чакаюць не справаздачы.
— Практыку правядзення падобных сустрэч мы пачыналі два гады таму менавіта ў Гродне, — нагадаў Ігар Сергяенка. — Наш парадак дня адлюстроўвае практычна ўвесь спектр задач, пастаўленых кіраўніком дзяржавы і рашэннямі VII Усебеларускага народнага сходу.
Акрамя таго, спікер звярнуў увагу на тое, што кожная такая сустрэча прадугледжвае абмен думкамі і з'яўляецца ўзаемадзеяннем двух бакоў. Важна ўважліва выслухаць ідэі па паляпшэнні работы і ўзаемадзеянні, а таксама прапановы і заўвагі.
Падводзячы вынікі двухгадовай работы дэпутатаў цяперашняга склікання, Ігар Сергяенка падкрэсліў: за гэты перыяд быў зроблены значны ўклад у распрацоўку заканадаўчых актаў, накіраваных на забеспячэнне бяспекі, развіццё эканомікі і павышэнне якасці жыцця людзей, што, у сваю чаргу, садзейнічае ўмацаванню міжнароднага аўтарытэту краіны. Усяго за гэты час было прынята больш за 170 заканадаўчых актаў.
Важна, каб законы адпавядалі рэчаіснасці, заўважыў спікер Палаты прадстаўнікоў. Пры іх дапрацоўцы трэба ўлічваць меркаванні экспертаў і асаблівасці розных рэгіёнаў. Неабходна праводзіць пільны аналіз, каб не выклікаць занепакоенасці ў грамадзян і не прымаць паспешных рашэнняў. І дасягнуць усіх пастаўленых мэт можна толькі ў дыялогу з людзьмі. Работа на месцах павінна быць жывой і дзейнай. У аснову павінны ставіцца канкрэтныя тэмы, абазначаныя кіраўніком дзяржавы.
«Вядома, вырашэнне ўсіх пытанняў і праблем павінна адбывацца толькі ў цесным узаемадзеянні з мясцовымі ўладамі, бо дэпутаты і чыноўнікі ў рэгіёнах — адна каманда, — заўважыў Ігар Сергяенка. — Канкурэнцыя і спаборніцтвы недапушчальныя, аснова — гэта сімбіёз, які будзе садзейнічаць вырашэнню задач.
Прадстаўнікі Гродзеншчыны расказалі аб сваёй рабоце на месцах. Старшыня гарвыканкама Андрэй Хмель прадставіў даклад аб турыстычных магчымасцях Гродна. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў ад Гродзенскага рэгіёна Андрэй Анісімаў, Міхаіл Аксянюк, Алег Раманаў і Алена Патапава падзяліліся досведам работы у сваіх выбарчых акругах.
У ходзе абмеркавання вылучыліся дакладныя тэзісы, якія характарызуюць работу паспяховага дэпутата. Паколькі сучасны свет дынамічны, а змены адбываюцца імкліва, важна быць у часавым кантэксце і рэагаваць на ўсё імгненна, а таксама працаваць на апярэджанне. У гэтай гонцы важна не губляць сувязь з выбаршчыкамі, быць у кантакце з жыхарамі акругі. Асабліва эфектыўныя зносіны адбываюцца ў працоўных калектывах. Там жа можна дакладна ўбачыць, наколькі эфектыўна працуюць законы. Бо школы, бальніцы, вытворчасці, арганізацыі — гэта выразны маркер, які дае магчымасць дакладна вывучыць правапрымяняльную практыку: што працуе, а што не. І, вядома, дэпутат павінен быць патрыётам, які можа дакладна растлумачыць грамадзянам, як працуе заканадаўчая сістэма і як яна абараняе іх інтарэсы.
Пасля заканчэння сустрэчы Ігар Сергяенка адправіўся на прадпрыемствы: «ЗОВ-ЛенЕўрамэбля» і «ЗОВ-Пліта». Кіраўнік Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з вытворчым працэсам, а таксама правёў сустрэчы ў калектывах. Таксама спікер Палаты прадстаўнікоў азнаёміўся з турыстычным патэнцыялам Гродна.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота БелТА