Top.Mail.Ru

«Захаваць тое, што маем, і часцей задумвацца, што чакае ў будучыні». Якія тэмы гучалі на сустрэчы міністра інфармацыі з жыхарамі Кобрына

20.08.2026 | 16:14

Каля дзвюх гадзін доўжылася размова жыхароў Кобрынскага раёна з міністрам інфармацыі Дзмітрыем Жуком падчас рэспубліканскага інфармацыйна-асветніцкага праекта «Пульс краіны: факты, трэнды, сэнсы».


У Кобрыне ў Палацы культуры сёння сабралася больш за 600 чалавек, якія працуюць у розных сферах: гандлі, транспарце, ЖКГ, прыватным сектары і інш.

Вядомы факт: чалавек адчувае сябе ўпэўнена, калі жыве ў дастатку, задавальняюцца яго патрэбы. Асноўная задача дзяржавы — каб узровень дабрабыту планамерна рос. Ужо першае пытанне паказала, што хвалюе людзей не менш за гэта. Жыхар Кобрына Мікалай пацікавіўся абстаноўкай каля паўднёвых межаў нашай краіны, ці ёсць пагроза вайны на беларускай зямлі. «Нашы ваенныя робяць усё, што яны павінны рабіць, але пытанне ў іншым: што сёння ўтварае бяспеку? Магчымасць і сіла дзяржавы нанесці праціўніку непрымальныя страты. Прасцей кажучы, каб да цябе не лезлі. Ці ёсць гэта магчымасць у нашай дзяржавы? Важны фактар — у чыіх руках яна знаходзіцца», — заўважыў міністр. Паводле яго слоў, якой можа быць рэакцыя ў выпадку чаго ў Прэзідэнта Беларусі, ведаюць і на поўдні, і на захадзе.

Вольга МАРТЫНЕНКА задала міністру інфармацыі не менш актуальнае пытанне: як абараніць сябе і дзяцей ад інфармацыйных укідаў у інтэрнэце. Дзмітрый Жук параіў абмяжоўваць выкарыстанне смартфонаў. «Дзеці наіўныя, у гэтым іх самая вялікая ўразлівасць. Як і старыя. Мазгі ўключаць трэба. Калі паглядзелі нешта і гэта выклікала эмоцыі, асабліва негатыўныя, захацелася заступіцца, калі нешта несправядліва ці кагосьці пакрыўдзілі, — перавярніце экран, адкладзіце тэлефон. Калі ў вас ёсць эмоцыя — вас ужо хакнулі. Перагледзьце праз 20 хвілін, вы ўразіцеся, наколькі будзе іншае стаўленне да таго, што бачыце. Самы галоўны вораг чалавека — ён сам; калі прымае рашэнні пад уздзеяннем эмоцый, розум адключаецца. Вось на гэта разлічана», — растлумачыў ён. Дзмітрый Жук парэкамендаваў у такой сітуацыі задаць сабе простае пытанне «Навошта?»: навошта гэта трэба мне, маім бацькам, дзецям? навошта хочуць ад мяне рэакцыю?

Таццяна ДЗЯНІСАВА працягнула тэму кібербяспекі. Жанчына звярнула ўвагу, што нярэдка персанальныя даныя беларусаў аказваюцца ў распараджэнні махляроў. Яе цікавіла, што неабходна зрабіць для абароны ад аферыстаў. Дзмітрый Жук засяродзіў увагу, што ўсё, што датычыцца персанальных даных, — вельмі адчувальная сфера ў сувязі з лічбавізацыяй. Пры гэтым людзі самі пакідаюць інфармацыю аб сабе ў крамах, на розных інтэрнэт-платформах, у сацыяльных сетках. 

«У першую чаргу трэба навучыцца абараняць свае персанальныя даныя самому», — перакананы міністр інфармацыі.

Таццяна Дзянісава засталася задаволеная адказам і ў цэлым сустрэчай: «Я чакала маналогу. Быў сапраўды дыялог, і кожны чалавек мог задаць пытанне, якое яго цікавіла, і атрымаць дакладны адказ. Я задала пытанне пра кібербяспеку і атрымала разгорнуты адказ», — падзялілася яна ўражаннем пасля сустрэчы.

Жыхар Кобрына Аляксандр узгадаў пра падзеі 2020 года. Ён задаўся пытаннем, ці магчымы спробы «разгайдаць» беларусаў і як ад гэтага засцерагчыся. «Будуць гайдаць абавязкова, нават не сумнявайцеся. Тым больш у нас на адзіны дзень галасавання прыйдуць упершыню галасаваць 380 тысяч хлопцаў і дзяўчат. Яны не памятаюць 2020-ы, што і чаму было. У прычынах ужо дакладна не будуць разбірацца. Трэба тлумачыць і расказваць. Прышчэпку мы тады атрымалі, але ж яна дзейнічае пэўны час».

Уладзіміра ПАДДУБНАГА гэты адказ прымусіў задумацца аб тым, што можа быць у Беларусі ў 2030 годзе: «Актуальна, таму што мы становімся старэйшымі, дзеці ў нас падрастаюць, трэба думаць аб будучыні, што нас чакае наперадзе. Важна паглядзець на сітуацыю пад іншым вуглом. Таму што бытавуха, руціна зацягваюць. Кожны дзень дом — праца — дом. Няма часу спыніцца, азірнуцца, паглядзець, што мы робім, што пакідаем пасля сябе. Лічу, што гэта важна».

На сустрэчы ў зале былі і маладыя людзі. Паслухаўшы размову, яны зрабілі для сябе пэўныя высновы. «Самае галоўнае, што для сябе падкрэсліла, — вельмі важна захаваць тое, што маем сёння, і часцей задумвацца аб тым, што чакае нас у будучыні», — падзялілася Дар’я ІВАНЮК.

Пасля заканчэння сустрэчы Дзмітрый Жук заўважыў, што людзям цікавы фармат зносін «вочы ў вочы». «Людзей цікавяць пытанні, звязаныя з паўсядзённым жыццём, з будучыняй, з сацыяльнай палітыкай. Я не пачуў ніводнага пытання, якое б, скажам так, мела крытычна сістэмны характар. Так, ёсць тое, што трэба палепшыць. Людзі гэта бачаць, гавораць аб гэтым, — сказаў міністр. — Трэба дакладна разумець, што мы павінны захаваць нашу краіну, захаваць тыя маральныя нормы, той узровень жыцця, якога дасягнулі і дабіліся за 30 гадоў суверэннай краіны. Напэўна, гэта найважнейшае».

Паводле БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю