Top.Mail.Ru

Чаго чакаць ад надвор’я ў Беларусі на выхадныя

Генеральная рэпетыцыя восені


Як і прагназавалі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды, жнівень на гэтым тыдні явіў нам вельмі кантраснае надвор’е: спачатку перакінуў нас з цёплага і адносна сухога лета ў прахалодную і дажджлівую восень, а затым зноў вырашыў рухацца ў бок пацяплення.

Назвалі сіноптыкі і вінаватую ў прыродных катаклізмах — гэта вялікая цыкланічная дэпрэсія «Маргарэт», якой саступіў месца сонечны антыцыклон «Ральф». Менавіта яна разам са сваімі пастаяннымі спадарожнікамі — атмасфернымі франтамі — усталявала татальны кантроль над надвор’ем у Беларусі, пастаўляючы паветраныя масы рознага паходжання і моцныя ападкі.

Тэмпературны фон таксама вельмі кантрасны. З прычыны паступлення паветраных мас з паўночных шырот у першай палове тыдня ўсталявалася халаднаватае надвор’е з дзённымі максімумамі ў асноўным ад плюс 14 да 24 °C, толькі па паўднёвым усходзе паветра прагравалася да 27 °C вышэй за нуль. Аднак ужо пачынаючы з чацвярга ў выніку адвекцыі цёплага паветра з поўдня і паўднёвага захаду Еўропы тэмпературны фон зноў пачаў павышацца. Значыць, якога надвор’я чакаць у надыходзячыя выхадныя?

У суботу ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы, пры навальніцах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-16 °C цяпла, у паўднёвых раёнах — да плюс 18 °C. Днём будзе 20-27 °C вышэй за нуль, па паўднёвым усходзе месцамі — да плюс 29 °C.

У нядзелю ноччу на большай частцы тэрыторыі, днём месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах прагрымяць навальніцы. У начны час па паўночным усходзе пры навальніцах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі 15-20 м/с. Уначы і раніцай месцамі магчымы слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе 10-17 °C цяпла, днём — плюс 20-27 °C.

Віктар ЛЮБІМАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю