Ці складана, знаходзячыся ў дэкрэтным водпуску, запусціць свой бізнес? Каб высветліць гэта, я і адправілася знаёміцца з маладой прадпрымальнай і амбіцыйнай мамай двух хлопчыкаў.
Вяртанне ў бабулін дом
І вось я ў вёсцы Казімірава Полацкага раёна. Майя запрашае мяне ў дом, знаёміць з мужам Віктарам Кісялёвым і двума сынамі — 9-гадовым Косцем і 3-гадовым Мішам. Гэты дом будаваўся яшчэ ў 30-х гадах мінулага стагоддзя і дастаўся Майі ад бабулі, у гонар якой яе назвалі. Большую частку дашкольнага дзяцінства мая гераіня праводзіла менавіта тут, у бабулі і дзядулі, якія жылі па суседстве з яе бацькоўскім домам. Бацькі Майі — Уладзімір Рыгоравіч і Наталля Васільеўна — па-ранейшаму ў Казімірава, і цяпер ужо дапамагаюць дачцэ гадаваць сваіх унукаў.

Усё лета Майя з мужам і дзецьмі праводзяць у вёсцы, а з пачаткам навучальнага года перабіраюцца жыць у гарадскую кватэру ў Полацку.
— Калі б мне хтосьці сказаў, што ў 35 гадоў вярнуся да працы на зямлі, я б палічыла гэта жартам, прычым не самым удалым, — прызнаецца Майя. — Зразумела, мяне з ранніх гадоў далучалі да сельскагаспадарчай працы. Выдатна памятаю, як палола градкі, і не стану падманваць — не была ад гэтага ў захапленні.
У юнацтве Майя марыла стаць археолагам. Але абставіны склаліся так, што рэалізаваць сябе ў археалогіі яна не змагла. Атрымала другую вышэйшую адукацыю — юрыдычную. Працавала судовым выканаўцам, юрысконсультам, інспектарам на мытні. У працаздольнай, мэтанакіраванай дзяўчыны ўсюды ўсё атрымлівалася, але чагосьці для шчасця ўсё ж не хапала.
— Думкі заняцца вырошчваннем кветак з’явіліся ў мяне яшчэ 9 гадоў таму, — успамінае Майя Пашкевіч. — Цюльпанавая ліхаманка напярэдадні 8 сакавіка даказвала: за «тры шчаслівыя дні» (з 6 па 8 сакавіка) можна зарабіць прыстойную суму і вырашыць надзённыя праблемы. Але напярэдадні жаночага свята я даведалася пра цяжарнасць і зразумела: ажыццявіць мары ў наступныя некалькі гадоў не атрымаецца — трэба будзе займацца дзіцем, а не цюльпанамі.
І ўсё ж, знаходзячыся ў першым дэкрэце, Майя купіла свае першыя 30 кустоў буякоў і высадзіла іх на ўчастку бацькоў. З іх усё і пачалося. Пазней яны з мужам пачалі рэалізоўваць на адным з найбуйнейшых маркетплэйсаў розныя тавары, у тым ліку і дурніцы. Вывучыўшы пытанне, Майя зразумела: тых, хто гандлюе саджанцамі, маючы дакументы, вельмі мала. Юрысты Майя і Віктар хацелі працаваць так, каб іх дзейнасць, якасць іх тавару ні ў кога не выклікала ніякіх сумненняў.
— Рашэнне заняцца ўласным бізнесам прыйшло канчаткова пасля смерці бабулі, — распавядае Майя Пашкевіч. — Свой дом яна завяшчала мне, і я цвёрда вырашыла яго не прадаваць. Звольніцца з ранейшай працы падахвочвалі і іншыя абставіны. Нарадзіўся Міша. Старэйшы сын з-за некаторых праблем са здароўем таксама патрабаваў увагі. Быць гаспадыняй свайму часу, гнутка будаваць дзень — гэта вялікая справа для любой маладой мамы. Цяпер я працую без выхадных і, як правіла, да позняга вечара. Але нават вельмі стомленая, разумею, дзеля чаго і дзеля каго напружваюся.
Перамога ў конкурсе — стымул для росту
Калі Майя ў пачатку мінулага года пачула пра конкурс «БізнесМАМА», яна ўжо выразна ўяўляла мадэль развіцця свайго гадавальніка раслін. Віктар ва ўсім падтрымаў жонку.
— Я адразу зразумеў: у Майі выдатная ідэя, і не здзівіўся, калі яна стала пераможцам конкурсу «БізнесМАМА», — кажа Віктар. — Маральныя стымулы, безумоўна, іграюць ролю. Але вельмі важна заахвочваць яшчэ і фінансава тых крэатыўных жанчын у дэкрэтным, якія імкнуцца развіць сваю справу. Для рэалізацыі ідэй патрэбны сродкі, і звычайна немалыя. А ў большасці маладых бацькоў для гэтага няма капіталу. Пакуль мы спрабуем сваімі сіламі ўвасабляць задуманае. Не скажу, што гэта даецца лёгка.
Сёння тэрыторыя ПУП (прыватнага унітарнага прадпрыемства) «Белларыэн» займае амаль паўгектара. На ўчастку побач растуць бружмель, буякі, актынідыя, трускалкі, туі, ядловец, лаванда, сланечнікі, а таксама вяргіні, клемацісы, дэльфініумы, гартэнзіі (54 сарты). Усе культуры вырошчваюцца з закрытай каранёвай сістэмай. У пабудаванай Віктарам і Уладзімірам Рыгоравічам цяпліцы расліны чаранкуюць.
Конкурс «БізнесМАМА» стартаваў у 2025-м годзе па ініцыятыве Міністэрства эканомікі, БСЖ і Белінвестбанка. Яго мэта — падтрымка жанчын, якія выхоўваюць дзяцей да трох гадоў і хочуць пачаць сваю справу.
— Заказаць саджанцы можна на нашым сайце, мы іх аператыўна даставім, — адзначае Майя. — Але нярэдка пакупнікі прыязджаюць набыць іх непасрэдна ў Казімірава. Частку раслін аддаём на рэалізацыю ў кветкавую краму ў Полацк. Перыядычна выязджаем і самі гандлюем на гарадскім рынку.

Гадавальнік раслін — справа не аднаго года. Каб набраць абароты, стварыць базу пакупнікоў — рознічных і аптовых — патрабуецца час. Аднак ужо сёння «Белларыэн» можна назваць мясцовай славутасцю. Колькасць беларусаў і расіян, якія жадаюць набыць саджанцы ў Казімірава, паступова павялічваецца.
— І ўсё-такі наш бізнес сезонны, — падкрэслівае Майя Пашкевіч. — Пратрымацца зіму, калі не было фінансавых паступленняў, аказалася няпроста. Таму мая наступная мэта — стварыць лабараторыю мікракланальнага размнажэння раслін для атрымання здаровых клонаў у стэрыльных умовах, якая б працавала бесперапынна. Але гэта патрабуе дарагога абсталявання, спецыяльна абсталяванага памяшкання.
Надзейны тыл — неабходная ўмова развіцця
— Акрамя фінансаў, самая галоўная ўмова для развіцця бізнесу, калі ты ў дэкрэтным водпуску, — надзейны тыл, — пераканана Майя Пашкевіч. — Галоўная мая апора — муж і бацькі. Калі б не яны, нічога б у мяне не атрымалася. У адрозненне ад Віктара, мама і бацька спачатку былі супраць таго, каб я пакідала працу на мытні і ладзіла сваю справу. Але ўсё роўна дапамагалі і з дзецьмі, і з уладкаваннем участку, цяпліцы.
А сёння ўжо пераканаліся: дзякуючы новым тэхналогіям праца на зямлі стала прыкметна лягчэй, чым была ў іх час.
Слухаю Майю і думаю: вось сапраўдная сучасная жанчына — адукаваная, энергічная, мэтанакіраваная. Клапатлівая жонка і маці. Сама арганізавала справу па душы, імкнецца яе развіваць. Не стамляецца вучыцца. Заняўшыся вырошчваннем раслін, вывучыла гэта пытанне, унікла ў асаблівасці вядзення бізнесу. І яшчэ шануе свае карані, памятае, хто яна і адкуль.
Абараняючы свой праект на конкурсе «БізнесМАМА», Майя Пашкевіч сказала: «Не трэба бегчы на край свету ў пошуках шчасця. Вельмі часта яно — побач з табой. Трэба толькі разгледзець яго і не баяцца папрацаваць, каб мары сталі рэальнасцю!»
Яна не пабаялася.
Вольга ПАКЛОНСКАЯ
Фота аўтара