Можа, параўнанне збітае, але калі заходзіш у Шчучынскі райвыканкам, ствараецца адчуванне, што ты — у кіно. На першым паверсе ва ўльтрасучасных «дэкарацыях» працуе Адзіны цэнтр адміністрацыйных паслуг. Сёння — гэта дакладная зладжаная сістэма, але давялося прайсці вялікі шлях, перш чым усё атрымалася як мае быць.

«Было складана, але ўсё атрымалася»
Усё пачалося каля васьмі гадоў таму. Супрацоўнікі Шчучынскага райвыканкама падчас аднаго з візітаў у Расію пазнаёміліся там з сістэмай работы са зваротамі грамадзян. У адным месцы можна было аформіць увесь неабходны пакет дакументаў, не трэба было ездзіць з будынка ў будынак. Гэта ідэя вельмі спадабалася шчучынцам, і яны вырашылі пераняць расійскі досвед.

Як расказала кіраўнік спраў Шчучынскага райвыканкама Алена ШКІНДЗЕРАВА, усё пачалося з распрацоўкі канцэпцыі работы адзінага цэнтра. Стаяла няпростая задача — сабраць і размясціць у адным месцы прадстаўнікоў розных службаў. Актыўная праца пачалася ў 2018 годзе. У першую чаргу аптымізавалі размяшчэнне службаў самога райвыканкама. Да службы «Адно акно» пераехалі на першы паверх спецыялісты аддзела архітэктуры і будаўніцтва, былі пераведзены спецыялісты землеўпарадкавальнай службы, упраўлення эканомікі.
— Усё новае заўсёды спачатку ўспрымаецца не вельмі пазітыўна. Людзі абвыкаюць да свайго кабінета, ладу жыцця. Да таго ж і так усё добра працавала. Але я як распрацоўшчык канцэпцыі бачыла перспектыву і канчатковы вынік, які хацелася ўвасобіць у жыццё. Разумела, што гэта працяглая праца, трэба набрацца цярплівасці, — успамінае Алена Шкіндзерава. — У 2019 годзе ў нас атрымалася размясціць кліенцкую службу Шчучынскага РУП ЖКГ. Праз год у цэнтр дадаліся спецыялісты аддзела запісу актаў грамадзянскага стану і спецыялісты аддзела па грамадзянстве і міграцыі МУС. І так пакрысе ў выніку пад адным дахам сабралі 12 службаў, якія выконваюць працу па 360 адміністрацыйных працэдурах.
Але важна было не проста сабраць усіх, а забяспечыць спецыялістам камфортныя ўмовы працы. Таму сур’ёзна ўдасканальвалася матэрыяльна-тэхнічная база, а ў студзені 2025 года завяршыўся маштабны капітальны рамонт.
Сёння ўсіх, хто сюды прыходзіць, сустракае вялікая светлая прастора. Для зручнасці ўкаранёна электронная чарга, а калі грамадзянін хоча нешта ўдакладніць, дапамогу аказвае кансультант, які можа сарыентаваць, падказаць, як правільна запоўніць тыя ці іншыя дакументы. І ніякіх чэргаў, спрэчак. Усе спакойна размяшчаюцца ва ўтульнай зоне чакання, пакуль іх не запросяць па электроннай чарзе.

Дарэчы, у райвыканкаме адмовіліся ад насценных стэндаў, пакінулі толькі адзін. А з усёй інфармацыяй можна азнаёміцца ў спецыяльным інфармацыйным боксе. Ёсць магчымасць зручна пачытаць на вялікім экране пра кіраўніцтва райвыканкама, адміністрацыйныя працэдуры, працу ЗАГСа — спіс доўгі.
— Вядома, калі ўсё запрацавала як трэба, людзі ўбачылі, наколькі гэта зручна. Прычым не толькі грамадзяне, але і спецыялісты. Бо шмат у чым іх праца звязана — ланцужок дакументаў ідзе паслядоўна. І цяпер не трэба перасылаць паперы, бегаць з будынка ў будынак. Проста трэба схадзіць у суседні кабінет і спакойна працаваць далей. Гатовы вынік варты ўсіх намаганняў.
Як гэта працуе?
Напрыклад, шлюбнай пары трэба трапіць да спецыялістаў ЗАГСа, каб атрымаць пасведчанне аб нараджэнні дзіцяці. Яны прыходзяць і адразу на месцы атрымліваюць дакумент. Заадно могуць падаць дакументы ў кліенцкую службу на рэгістрацыю па месцы жыхарства. Акрамя таго, ёсць магчымасць устаць на чаргу ў дзіцячы садок. А калі сям’я шматдзетная, то і падаць заяву на атрыманне пасведчання і аб прызначэнні сямейнага капіталу. Пры неабходнасці ўстаць на ўлік тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. І ўсё гэта ў адным будынку, больш не трэба лавіраваць па ўсім горадзе.
Распыталі кансультанта Наталлю ТАЛОЧКА аб яе абавязках:
— Мая праца ўключае кансультаванне грамадзян па розных пытаннях, дапамогу ў запаўненні дакументаў, тлумачэнне працэдур і суправаджэнне. У пачатку маёй работы было складана з-за вялікай плыні людзей і неабходнасці ведаць мноства нюансаў. Цяпер усё стала значна прасцей: я ўжо машынальна разумею, да якога спецыяліста накіраваць чалавека і якую дапамогу яму аказаць. Мы выкарыстоўваем электронную чаргу, што значна спрашчае працэс. Спецыялісты бачаць, па якім пытанні прыйшоў чалавек і могуць аператыўна яго прыняць. Калі ў кабінеце працуе некалькі супрацоўнікаў, кожны з іх займаецца сваім кірункам, што дазваляе пазбегнуць натоўпу. Калі чалавек не чуе нумар чаргі, я падыходжу да яго і дапамагаю. У нас ёсць таксама экраны, дзе можна адсачыць сваю чаргу. Дзякуючы гэтаму працэс чакання становіцца больш камфортным і хуткім.
Дарэчы, у сістэму Адзінага цэнтра адміністрацыйных працэдур па-ранейшаму ўваходзіць служба «Адно акно». Тут усё арганізавана таксама па сучасных стандартах. Гэта сувязное звяно цэнтра, служба ажыццяўляе 149 адміністрацыйных працэдур у дачыненні да грамадзян і 76 — у дачыненні да юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

У службе «Адно акно» працуюць чатыры чалавекі: два спецыялісты, кансультант і кіраўнік. Штогод спецыялісты прымаюць больш за 4000 зваротаў, якія аператыўна рашаюцца.
Як рассказала кіраўнік службы «Адно акно» Алена ШОСТАК, у апошні час часцей за ўсё сюды звяртаюцца па архітэктурных пытаннях і пытаннях ацяплення. У «ТОПе» зваротаў — і жыллёвыя пытанні.
— Службу ўзначальваю чатыры гады і магу дакладна сказаць, што сістэма зручная, камфортная і значна аблягчыла жыццё ўсім. Створаны ўмовы для супрацоўнікаў і грамадзян. Прыемна, калі людзі высока ацэньваюць тваю працу і ты можаш быць карысным, — прызнаецца Алена Шостак.
Высокі ўзровень адзначаюць не толькі жыхары Шчучыншчыны. На пасяджэнні калегіі галоўнага ўпраўлення юстыцыі Гродзенскага аблвыканкама служба «Адно акно» Шчучынскага райвыканкама была прызнана абсалютным пераможцам абласнога этапу конкурсу «Лепшая служба «Адно акно» па выніках работы за 2025 год. Спецыялісты цэнтра атрымалі найвышэйшую адзнаку за адпаведнасць памяшканняў стандартам, лічбавізацыю працэсаў, афармленне сэрвісаў і бездакорны дзелавы стыль. А ў 2025 годзе на рэспубліканскім семінары Міністэрства юстыцыі каманда шчучынскага цэнтра была ўзнагароджана дыпломам ІІ ступені ў намінацыі «Лепшая служба „Адно акно“ з колькасцю работнікаў да пяці чалавек».


Шчыра прызнаюся, я засталася пад вялікім уражаннем ад працы Адзінага цэнтра адміністрацыйных паслуг. Але не менш уразілі цярпенне і клопат аб людзях кіраўніцтва райвыканкама — яму прыйшлося прайсці складаны і доўгі шлях, які не абышоўся без супраціву. Але ў выніку ўсё атрымалася, і сістэма паказала сябе з найлепшага боку. Цяпер шчучынцы заўсёды з радасцю дзеляцца сваім досведам і аказваюць кансультацыі ўсім ахвотным.
Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ
Фота аўтара