Top.Mail.Ru

Чым уражвае Неглюбка і чаму яе майстэрства абавязкова трэба захаваць?

22 жніўня аграгарадок Неглюбка збірае гасцей на свята ткацтва «Кросенцы».

 У праграме — выстаўка вырабаў мясцовых майстрых, дэфіле ў касцюмах, майстар-класы, рэканструкцыя абраду «Дажынкі», канцэртная праграма. Са снежня мінулага года Неглюбская тэкстыльная традыцыя Веткаўскага раёна Гомельскай вобласці знаходзіцца ў Спісе нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЕСКА як элемент, які патрабуе тэрміновай аховы. Традыцыі ткацтва, вышыўкі і вырабу касцюмаў — яскравая сведчанне таленту, густу і працавітасці мясцовых жанчын. Адметнасць Неглюбкі нават у тым, што, калі ў ХХ стагоддзі ў іншых рэгіёнах Беларусі ручное ткацтва затухала, тут яно працягвала развівацца. 

Чым можа ўразіць гэты куток і як Неглюбка праславілася на ўвесь свет, расказала кандыдат гістарычных навук, старэйшы навуковы супрацоўнік аддзела народазнаўства Цэнтра даследаванняў беларускай культуры мовы і літаратуры НАН Беларусі Ірына Смірнова: «Неглюбскі строй — адзіны, які да сярэдзіны ХХ стагоддзя захоўваў такія архаічныя формы аддзення як панёва, нагрудны фартух-„запіна“, наміткі і тканая хустка, — расказвае Ірына Смірнова. — Ён зачароўвае. У адным вырабе жанчына магла выкарыстоўваць браннае і пераборныя ткацтвы, розныя тэхнікі вышыўкі, дэкаратыўныя злучальныя швы, мярэжкі. Наогул ні адна іншая лакальная традыцыя не мела такога арсеналу тэхнік ткацтва і вышыўкі як у Неглюбцы». Калекцыі адзення, ручнікоў і іншых тэкстыльных парадметаў інтэр’ера з Неглюбкі захоўваюцца ў розных музеях Беларусі. 


Яшчэ ў сярэдзіне ХХ стагоддзя вёска была сапраўдным запаведнікам архаікі. І гэта тычыцца ў тым ліку і фальклору (можна ўзгадаць, напрыклад, пра абрад «Пахавання стралы»). Даследчыца шмат гадоў вывучае гэты край, у архівах знайшла багата цікавых фактаў па яго гісторыі і можна абвергнуць разнастайныя сучасныя міфы аб знакамітай вёсцы. Напрыклад, што тут жылі стараабрадцы, што назва тлумачыцца як «нялюбае богам месца» (а ў дакументах XVIII-ХІХ стагоддзяў сяло згадвалася як «Неголюбка»). Населены пункт вядомы з канца XVII стагоддзя, у пачатку XVIII ён знаходзіўся ва валоданні Кіева-Пячорскай лаўры. Манастырскія сяляне не маглі без асобага дазволу перасяляцца ў іншыя месцы, брацца шлюбамі з жыхарамі суседніх вёсак, якія былі прыгоннымі мясцовых памешчыкаў. Нічога не змянілася і, калі ў канцы XVIII стагоддзя манастырскія землі адышлі дзяржаве. Такія факты, якія сведчаць пра замкнёнасць рэгіёну дазваляюць прасачыць, як фарміраваўся невялікі сацыяльна-культурны «востраў» з самабытнымі традыцыямі, адметным касцюмам і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам. Землі тут сапраўды адметныя і сюды б можна было пракласці не адзін турыстычны маршрут.

Шлях да славы

Гістарычныя факты не пацвярджаюць і распаўсюджаную сёння інфармацыю, што Неглюбка вядома як буйны цэнтр узорнага ткацтва з ХІХ стагоддзя.

Землі гэтыя былі небагатыя, густанаселеныя, шмат сялян, якія шукалі лепшай долі, і з ХІХ стагоддзя перасяляліся на Далёкі Усход, у Сібір, Карэлію, былі і адходнікі, якія па заробкі выпраўляліся нават у Амерыку. 

«У музейных калекцыях, асабліва ў самай багатай — Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый, захоўваюцца самыя старыя ручнікі, выкананыя бранным ткацтвам. На канцах размяшчалася 3-5 вузкіх узорных палос, падзеленых шырокімі чырвонымі палямі. За кошт вялікай шчыльнасці тканіны і таўшчыні ўзорнага утка геаметрычныя арнаменты набывалі значную рэльефнасць, часам гублялі выразнасць абрысаў. І яны ніяк не нагадваюць знакамітыя неглюбскія ручнікі, які сёння добра вядомыя кожнаму жыхару нашай краіны».


У пачатку ХХ ст. у неглюбскім ткацтве з’явілася новая тэхніка — аднабаковы перабор, што стала моцным штуршком для развіцця традыцыі. З засваеннем новага, майстрыхі не адмаўляліся ад старога, напрыклад, спалучалі пераборнае ткацтва з браным і закладным, пераводзілі даўнія арнаменты ранейшых тэхнік ў новую. Дзякуючы з’яўленню новых узораў пераборнага ткацтва павялічылася колькасць арнаментальных элементаў і ўзорных палос на канцах ручніка (да 7-9), а таксама даўжыня саміх ручнікоў.

Пазней жанчыны сталі засвойваць іншыя колеры. Калі раней рушнікі былі чырвона-белыя, то ў 1930-ыя гады сталі паступова дадаваць чорны колер, а пазней сіні, жоўты, зялёны... У сярэдзіне ХХ стагоддзя традыцыя ткацтва неглюбскіх ручнікоў развівалася, не прыцягваючы да сябе ўвагу дзеячоў культуры і мастацтва, навукоўцаў. Нават у выстаўках дэкаратыўна-прыкладной творчасці мастацтва неглюбскіх жанчын не была прадстаўлена да пачатку 1960-х гадоў. Упершыню неглюбскія ручнікі і іншыя тэкстыльныя вырабы былі прадстаўлены на Усесаюзнай мастацкай выставе, прысвечанай 50-годдзю СССР (лістапад 1967 г., Масква). 

Але вядомась і шырокае прызнанне неглюбскага мастацтва пачалося пасля правядзння Усесаюзнай выставы-конкурсу майстроў народнага мастацтва, якая адбылася у 1970-м годзе ў Маскве, у Цэнтральнай выставачнай зале. Ад Беларусі было прадстаўлена 10 экспанатаў, 6 з якіх — неглюбскія тканыя рушнікі. Менавіта з гэтага часу да Неглюбкі прыйшла сапраўдная слава. Жанчын запрашалі на шматлікія выстаўкі, дзе яны маглі ў тым ліку прадставіць і фальклор свайго рэгіёну. 

Значная ўвага да вёскі, яе жыхароў і майстроў далі моцны імпульс для мастацкага росквіту традыцыі. Менавіта ў гэты час узбагацілася паліхромнае ткацва ручнікоў — асобныя майстрыхі выкарыстоўвалі пры ткацтве аднаго ручніка да 25 колераў і адценняў нітак. У Неглюбцы і неглюбскіх пасёлках займалася ткацтва каля 100 жанчын, больш 30 з іх актыўна ўдзельнічалі ў правядзенні выставак дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. 

Падтрымка

«У Савецкі час была створана выдатная сістэма па падтрымцы народнай творчасці, — заўважае навуковец. — Выстаўкі, граматы, узнагароды, увага музеяў і журналістаў давалі стымул для творчасці. Была створана ткацкая майстэрня для дзяўчынак. Спачатку гэта быў гурток, пасля працаваў вучэбна-вытворчы камбінат, дзе можна было атрымаць спецыяльнасць «ткачыха». У 1970-1980-х пачаў працаваць ткацкі цэх ад гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў.

Але пасля Чарнобыльскай трагедыі, калі землі Веткаўшчыны патрапілі ў зону адсялення, традыцыя стала згасаць. Сёння там працуюць тры майстра, але жыве нямала жанчын, які валодаюць ткацкім рамяством.


Да 30-годдзя Чарнобыльскай катастрофы неглюбскія рукадзельніцы саткалі 30-метровы абярэг для Беларусі «Кола жыцця», які ўручылі Прэзідэнту. Хочацца верыць, што ён служыць аберэгам і для самой традыцыі. Неглюбка сёння на слыху. Але не трэба спадзявацца, што ўключэнне ў спіс ЮНЕСКА, аўтаматычна абараняе ўнікальнае мастацтва. Яго захаванне залежыць ад усебаковых мер падтрымкі як дзяржавы, так і грамадства. Школа ў Неглюбцы малакамплектная, не тое, што раней, калі не хапала месцаў і дзеці вучыліся ў дзве змены. На жаль, неглюбскі ручнік, які з 1970-х гадоў стаў адным з візуальных сімвалаў Беларусі, набыць сёння вельмі складана. «Саткаць сапраўдны неглюбскі ручнік можа толькі неглюбская жанчына, што вырасла ў хаце, аздобленай рэчамі, сатканымі і вышытымі, яе роднымі. Менавіта яна будзе беражліва і з павагай ставіцца да традыцыі. Безумоўна, магчыма засвоіць выраб сувенірнай прадукцыі, але навучацца маладыя майстры павінны толькі ў носьбітаў традыцыі і прапаноўваць свае вырабы толькі пасля сертыфікацыі», — выказвае свае меркаванні даследчык. 

Вельмі важна, каб у самой Неглюбцы захоўваўся цэнтр ткацтва, працавалі майстры і перадавалі сваё ўмельства. Было б выдатна, каб узнавіў работу ткацкі цэх ад Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў «Любна», праводзіліся святы ткацтва, праходзілі майстар-класы, была створана музейная экспазіцыя гісторыі неглюбскага ткацтва і адчынена сялянская хата, цудоўна ўпрыгожаная «па неглюбску». 

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю