Top.Mail.Ru
0

На сталічным Хлебакамбінаце № 2 пачалі працаваць 28 маладых спецыялістаў

Работа з водарам хлеба

Карэспандэнты «Звязды» пабывалі на кандытарскім участку, паглядзелі, як робяцца самыя смачныя вырабы, і пагаварылі з тымі, хто толькі пачынае свой шлях у прафесіі.

Першы крок у прафесію

У кандытарскім участку Хлебакамбіната № 2 зусім нядаўна з’явіліся новыя працаўнікі. Шэсць выпускнікоў сталічнага каледжа харчовай прамысловасці — пекары-кандытары і кандытары — ужо асвойваюцца на вытворчасці.

«Яны праходзілі ў нас практыку з сакавіка да чэрвеня, — расказвае начальнік кандытарскага ўчастка Вольга ЛАЗАРЧУК. — Мы далі на іх заяўку, яны нам спадабаліся, добра сябе зарэкамендавалі. Цяпер маладыя спецыялісты працуюць, а мы ім дапамагаем асвоіцца».


Новаспечаныя спецыялісты павінны абавязкова адпрацаваць на прадпрыемстве год. Графік работы — 5/2, з 8 да 16 гадзін. Прадпрыемства прадастаўляе ім інтэрнат. Акрамя таго, маладыя спецыялісты атрымліваюць пад’ёмныя і даплаты за прафесійнае майстэрства.

«Мы кормім краіну»

Сярод маладых спецыялістаў — Дзіяна Пляхневіч. На прадпрыемства дзяўчына трапіла па размеркаванні.

«Падабаецца тое, што мы кормім краіну, так бы мовіць», — усміхаецца Дзіяна.

Яна пячэ бісквіты і кексы. Дома таксама спрабавала гатаваць, але кажа: тут падабаецца больш. Прафесію абрала з дзяцінства — пад уплывам цёткі. Тая часта наведвала каледж, дзе вучылася Дзіяна, каб купіць свежае печыва ў студэнцкім буфеце.

«Яна часта хадзіла ў каледжы ў буфет. Там прадавалася наша прадукцыя. Студэнты самі гатавалі, і людзі маглі нядорага набыць», — расказвае Дзіяна.

Цётка заўсёды падтрымлівала яе, казала, што атрымліваецца вельмі смачна, і нават прасіла прыгатаваць нешта асаблівае. Так мара стала рэальнасцю.


Яшчэ адна маладая спецыялістка — Таццяна БАЖЭНАВА. Ёй таксама 18 гадоў. Маладая спецыялістка вучылася ў адным каледжы з Дзіянай, і сядзелі за адной партай. Цяпер сяброўкі працуюць разам на адным участку.

Таццяна адказвае за крэмы. Яна замешвае розныя начынкі для набораў пірожных і тартоў. Кажа, што ў працэсе думае пра рэцэптуру, каб усё атрымалася.

«Важна, каб прынесці чалавеку, які будзе есці гэтае пірожнае, часцінку свята. Можа, на дзень нараджэння ці іншае мерапрыемства. Таму трэба ўкладваць душу», — дзеліцца суразмоўніца.

Таццяна прызнаецца, што дома таксама гатуе — на дні нараджэння родных абавязкова пячэ торт. А ў крамах часам пазнае свае вырабы і купляе, каб пачаставаць блізкіх.

«Я для іх як мама»

Вольга ЛАЗАРЧУК працуе на хлебазаводзе 30 гадоў. Яна пачынала ў хлебным і булачным участках, але спынілася на кандытарскім — тут яе сапраўднае пакліканне. Цяпер яна не проста начальнік, а настаўнік для шасці маладых кандытараў свайго ўчастка.

«Калі дзеці прыходзяць і толькі пачынаюць працаваць, яны ж яшчэ без вопыту. Ім 18 гадоў, без практыкі, — тлумачыць начальніца. — Псіхалагічна ім цяжка, што трэба працаваць восем гадзін. Падтрымліваеш маральна, як у дзіцячым садку, размаўляеш з кожным».

Жанчына кажа, што сённяшнія 18-гадовыя — гэта новае пакаленне. На іх нельга павышаць голас, трэба спакойна тлумачыць, нават калі прыходзіцца паўтараць некалькі разоў.

«У мяне самой дзеці, таму ведаю, як іх трэба падтрымліваць. Я для іх як мама», — кажа Вольга Віктараўна.


Яна паказала нам заказны торт «Трыумф» — паўтаракілаграмовы шэдэўр, які гатавалі да юбілею.

«Кандытар заўсёды перажывае, каб торт спадабаўся заказчыку, — кажа Вольга Віктараўна. — Бывае, што людзі потым нават дзякуюць, прысылаюць фатаграфіі. Заказваюць з году ў год, становяцца пастаяннымі кліентамі».

На пытанне, ці змогуць маладыя спецыялісты калі-небудзь рабіць такое ж, яна адказвае: «Патрэбна не менш года-двух практыкі, каб навучыцца, гэта мастацтва. Але дзяўчаткі трэніруюцца, спрабуюць — і ўсё атрымліваецца».

Кандытар павінен умець усё

Першыя дні на вытворчасці — час стажыроўкі. Доўжыцца ад двух да пяці дзён. За маладым спецыялістам замацоўваюць настаўніка, які тлумачыць усе тонкасці майстэрства.

На кандытарскім участку вырабляюць каля 35 найменняў прадукцыі: ад мучных і цукровых вырабаў да заказных тартоў і пірожных. У дзень можа быць 20-25 найменняў. Маладыя спецыялісты паступова асвойваюць усе этапы: ад падрыхтоўкі сыравіны да фінішнай аддзелкі.

«Кандытары павінны ўмець усё — замешваць бісквіт, гатаваць крэмы, пекчы, склейваць і аздабляць тарты, — тлумачыць Вольга Лазарчук. — Спачатку вучацца на адным месцы тыдзень-два, потым пераходзяць на іншае. Мы іх перамяшчаем, каб маладыя спецыялісты прайшлі ўсе стадыі. Гэта трэба, каб маглі падмяняць адно аднаго, калі хтосьці захварэе ці пойдзе ў адпачынак».

Нягледзячы на сучаснае абсталяванне, ручная праца застаецца важнай. Машыны дапамагаюць у замесе, але падрыхтоўка сыравіны, варка сіропаў, даданне інгрэдыентаў — усё гэта робіцца рукамі.

«Ручная праца заўсёды будзе. Машыны не заменяць чалавека, асабліва ў кандытарскай справе, дзе важны кожны дотык і кантроль, — упэўнена кажа начальнік участка. — Але і тэхніка дапамагае».

Умовы для маладых і планы на будучыню

Вольга Лазарчук расказвае: калі чалавек гарыць жаданнем, яго заўсёды падтрымаюць. На прадпрыемстве ёсць магчымасць павышаць кваліфікацыю, хадзіць на курсы, стажыравацца. Многія супрацоўнікі, пачынаючы з кандытараў, дарастаюць да тэхнолагаў, начальнікаў участкаў, майстроў.

«Мы зацікаўленыя, каб людзі заставаліся ў нас на доўгія гады, — кажа яна. — Бывае, што мы выхоўваем чалавека, ён становіцца добрым спецыялістам, і мы яго аддаём у іншы цэх, каб рос далей. Кар’ерны рост — гэта важна».


Калектыў участка — 15 чалавек, уключаючы 6 новаспечаных спецыялістаў. Усяго на другі хлебзавод прыбыло 28 маладых працаўнікоў. А ў КУП «Мінскхлебпрам» — 221 выпускнік розных навучальных устаноў, у тым ліку ВНУ — гэта і пекары, і кандытары, і цеставоды, і машыніст цестараздзелачны, заквасчыкі, фармоўшчыкі цеста, электраманцёры, слесары-рамонтнікі, электрагазазваршчыкі, інжынеры-тэхнолагі, аператары ЭВМ, эканамісты, спецыялісты па маркетынгу і збыце. Кожны год на прадпрыемстве чакаюць новых спецыялістаў. І яны вельмі хутка становяцца тут сваімі.

Надзея ЗУЕВА

Фота Валерыя КАРТУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю