Top.Mail.Ru

Даведаліся, якімі прынцыпамі ў сваёй дзейнасці кіруюцца парламентарыі

Сумесная праца на карысць краіны і людзей

На мінулым тыдні ў Гродне прайшла сустрэча кіраўніцтва Палаты прадстаўнікоў з дэпутатамі, выбранымі ад Гродна, і актывам горада. Па яе выніках карэспандэнт «МС» распытала парламентарыяў ад Гродзенскага рэгіёна, чаму важна праводзіць такія сустрэчы і як яны працуюць з выбаршчыкамі.

Андрэй Анісімаў, член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве, дэпутат ад Гродзенскай-Ленінскай акругі № 51:

— Дэпутацкая дзейнасць уключае не толькі працу ў парламенце, але і ўзаемадзеянне з выбаршчыкамі, растлумачэнне заканадаўства і працу са зваротамі грамадзян. Мы імкнёмся вырашаць праблемы непасрэдна на месцы, адразу ўключыцца ў справу. Часам людзям трэба проста растлумачыць паслядоўнасць дзеянняў, падказаць, куды звярнуцца. І ў сучасным свеце трэба памятаць аб інфармацыйным суправаджэнні і абавязкова расказваць аб рабоце дэпутацкага корпуса праз усе магчымыя каналы. Напрыклад тэлеграм-каналы дазваляюць аператыўна інфармаваць жыхароў аб нашай дзейнасці і выніках працы. Часцей за ўсё звяртаюцца па пытаннях ЖКГ, добраўпарадкавання дарог, транспарта і аховы здароўя. Дзякуючы наладжанаму ўзаемадзеянню з мясцовымі органамі ўлады, большасць пытанняў вырашаецца аператыўна. Калі праблема патрабуе ўвагі, яна ставіцца на кантроль. Мы таксама практыкуем сумесныя выезды на месцы для вырашэння праблем, нават калі зварот паступіў не па нашай акрузе. Упэўнены, што толькі праз актыўнае ўзаемадзеянне з грамадзянамі і аператыўнае вырашэнне іх праблем можам эфектыўна выконваць сваю работу і садзейнічаць развіццю нашага горада і краіны.


Алена ПАТАПАВА, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраванні і рэгламенце, дэпутат ад Гродзенскай-Кастрычніцкай акругі № 50:

— Мы абмеркавалі актуальныя пытанні, новыя законапраекты і метады работы. Асаблівую ўвагу ўдзялілі развіццю горада Гродна як турыстычнага цэнтра. У рамках візіту наведалі прадпрыемствы і працоўныя калектывы. Развіццё турызму — прыярытэт сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя гады. Мы хацелі ўбачыць, як горад рэалізуе свае праекты і развівае турыстычны патэнцыял. Для таго, каб грамадзяне маглі ясна разумець падзеі ў краіне і аб’ектыўна ацэньваць сітуацыю, неабходна весці з імі адкрыты дыялог. Дзеля гэтага мы арганізуем сустрэчы і дыскусійныя пляцоўкі. Я лічу працу з насельніцтвам ключавым аспектам сваёй дэпутацкай дзейнасці. Яна ўключае ў сябе асабістыя прыёмы, прамыя тэлефонныя лініі і сустрэчы з калектывамі. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем узаемадзеянню з моладдзю, сем’ямі і прафсаюзамі. Распрацоўваем сумесныя ініцыятывы, каб больш актыўна прыцягваць людзей да прафсаюзнай дзейнасці і, што самае важнае, эфектыўна абараняць іх інтарэсы.

Алег РАМАНАЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, дэпутат ад Гродзенскай-Паўночнай акругі № 50:

— Наша мэта — данесці да людзей тыя задачы, якія сёння вырашае Палата прадстаўнікоў, а таксама расказаць аб законах, ужо прынятых і якія працуюць на карысць нашай краіны. Дэпутаты — гэта не толькі заканадаўцы, але і прадстаўнікі народа, абраныя ад сваіх акруг. Мы абавязаны даваць зваротную сувязь, дакладваць аб праведзенай рабоце, планах і задачах, а таксама атрымліваць наказы і рэкамендацыі ад выбаршчыкаў. Усё гэта робіцца ў цесным узаемадзеянні з выканаўчай уладай. Важна падкрэсліць, што наша праца — гэта не падзел на галіны ўлады, а адзінае цэлае, накіраванае на карысць народа і краіны. Мы імкнёмся дапамагаць адзін аднаму, узмацняць патэнцыял кожнай галіны ўлады і працаваць у інтарэсах людзей. За час маёй працы ў якасці дэпутата я ўвесь час знаходжуся на сувязі з выбаршчыкамі. Яны звяртаюцца да мяне на прыёмах грамадзян, тэлефануюць на прамую лінію, і мы выязджаем на месцы для вырашэння канкрэтных пытанняў. Сярод вырашаных пытанняў — паляпшэнне дарожнага пакрыцця ў сельскай частцы акругі, забеспячэнне таварамі аўтакрам, вырашэнне зямельных праблем, размежаванне ўчасткаў і ўладкаванне двароў. Мы працягваем актыўна рэагаваць на запыты людзей і працаваць над паляпшэннем іх жыцця.


Міхаіл АКСЯНЮК, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, дэпутат ад Гродзенскай-Занёманскай акругі № 49:

— Хачу адзначыць, што дэпутат не вырашае ўсе праблемы ў адзіночку. Нашая роля заключаецца ў каардынацыі намаганняў з выканаўчымі органамі ўлады і, вядома ж, 

з самімі жыхарамі. Толькі сумеснымі намаганнямі мы можам дабіцца рэальных вынікаў. Адным з яскравых прыкладаў такой працы з’яўляюцца суботнікі, якія рэгулярна праводзяцца ў нашым горадзе. Дзякуючы актыўнасці гараджан мы змаглі, напрыклад, ачысціць ад смецця тэрыторыі ў мікрараёне Фолюш і рэчышча ракі Ласасянка, а таксама правесці пасадку дрэў у парку. Важна адзначыць, што мы актыўна рэагуем на прапановы грамадзян. Дзякуючы іх ініцыятывам былі вырашаны многія праблемы, звязаныя з абсталяваннем прыпыначных пунктаў і прадаўжэннем маршрутаў грамадскага транспарту. Наш горад расце і развіваецца, і мы стараемся аператыўна рэагаваць на патрэбы жыхароў. Асаблівую ўвагу мы ўдзяляем захаванню і развіццю памятных мясцін. Па прапанове гараджан быў устаноўлены памятны знак на мемарыяле «Шталаг-324» і абноўлена пляцоўка. Гэтыя ініцыятывы дэманструюць, што нашы намаганні накіраваны на захаванне гістарычнай спадчыны і стварэнне камфортнага асяроддзя для ўсіх жыхароў. Галоўнае — гэта жаданне людзей удзельнічаць у жыцці горада і ўносіць свой уклад у яго развіццё.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю