Праграму беларуска-ўзбекскага міжпарламенцкага форуму абмеркавалі на пасяджэнні арганізацыйнага камітэта, якое прайшло ў Савеце Рэспублікі.
Форум адбудзецца ў горадзе Хіве (Узбекістан) 29–30 верасня. У першы дзень запланаваны чатыры тэматычныя секцыі Беларуска-ўзбекскага жаночага бізнес-форуму. Удзельнікі абмяркуюць пытанні прамысловай кааперацыі, супрацоўніцтва ў сферах АПК, турызму, а таксама гуманітарныя і сацыяльныя пытанні.
У другі дзень пройдзе трэцяе пасяджэнне міжпарламенцкай камісіі па супрацоўніцтве Сената Олій Мажліса Узбекістана і Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі, сустрэчы кіраўнікоў органаў мясцовага самакіравання дзвюх краін, сумеснае пасяджэнне маладзёжных саветаў пры Сенаце Олій Мажліса і Савеце Рэспублікі. Ключавым мерапрыемствам другога дня стане пленарнае пасяджэнне «Развіццё міжпарламенцкага дыялогу ў мэтах умацавання стратэгічнага партнёрства Узбекістана і Беларусі: новыя задачы і перспектывы». Будзе працаваць таксама выстаўка прадукцыі арганізацый Беларусі і Узбекістана.
«Працэс падрыхтоўкі да маючага адбыцца беларуска-ўзбекскага міжпарламенцкага форуму рухаецца паступальна. Мы абмеркавалі архітэктуру, праграму будучага мерапрыемства, якая абяцае быць дастаткова шматграннай», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік.
Ён таксама ўказаў, што ўзровень форуму значна вырас. Калі раней праходзіў толькі жаночы бізнес-форум, то зараз ён з’яўляецца часткай міжпарламенцкага мерапрыемства, які ўключае шэраг падзей. «Асаблівае значэнне мы надаём канкрэтным дамоўленасцям паміж міністэрствамі і ведамствамі, рэгіёнамі і, вядома, суб’ектамі гаспадарання дзвюх краін. Мы разлічваем выйсці на даволі салідны пакет выніковых дакументаў, якія будуць падпісаны на форуме», — падкрэсліў Сяргей Алейнік.