Top.Mail.Ru

Дэпутат ад прысталічча Анатоль Булаўка расказаў аб спецыфіцы работы

25.08.2026 | 12:49
«Быць патрыётам — значыць кожны дзень рабіць лепш для краіны»

Ён прадстаўляе інтарэсы больш як 66 тысяч выбаршчыкаў Сеніцкай выбарчай акругі № 76. За плячыма — 37 гадоў ваеннай службы, вопыт работы з людзьмі і глыбокае разуменне таго, што такое бяспека дзяржавы. Сёння Анатоль Булаўка — дэпутат, член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў, актыўны ўдзельнік патрыятычных мерапрыемстваў. 

Мы пагаварылі з парламентарыем пра самае галоўнае: людзей, бяспеку і пра тое, што значыць быць патрыётам сёння.

«Людзі хочуць жыць лепш, і гэта нармальна»

— Я дэпутат Сеніцкай акругі № 76, — пачынае размову Анатоль Анатолевіч. — Гэта Мінскі раён, які ўключае Сеніцкі сельсавет, Мачулішчанскі пасялковы савет, горад Заслаўе, Шчомысліцкі, Хацежынскі, Гаранскі і Ждановіцкі сельсаветы. Прадстаўляю інтарэсы чацвёртай часткі насельніцтва Мінскага раёна.

На пытанне, якія праблемы найбольш хвалююць жыхароў, адказвае без ваганняў:

— Жыллёва-камунальная гаспадарка, землекарыстанне, дарожнае будаўніцтва, навядзенне парадку на прысядзібных тэрыторыях. Усё, што звязана з камфортным жыццём. Людзі хочуць жыць лепш, і гэта нармальна.

На думку дэпутата Анатоля Булаўкі, вырашэнне любой праблемы грамадзян немагчыма без цеснага і канструктыўнага ўзаемадзеяння з мясцовымі органамі ўлады, якія заўсёды ідуць насустрач, робяць усё магчымае для таго, каб праблемы вырашаліся і новыя не ўзнікалі.

— У гэтым вельмі вялікая каштоўнасць менавіта ўзаемадзеяння заканадаўчай і выканаўчай улады, — адзначыў Анатоль Анатолевіч.

Маленькія перамогі, якія мяняюць жыццё

Анатоль Булаўка ўзгадвае некалькі канкрэтных прыкладаў, калі ўмяшанне дэпутата дапамагло вырашыць праблемы, што на працягу доўгага часу не маглі зрушыцца 

з месца.

— У Ратамцы некалькі вуліц больш за два месяцы былі без вулічнага асвятлення. Людзям абяцалі, але святла не было. Прыйшлося ўмяшацца — і на працягу трох дзён праблему вырашылі. Здавалася б, дробязь, але для людзей гэта важна.

Яшчэ адзін выпадак — вуліца ў нізіне, якую пастаянна залівала вадой.

— Людзі прасілі падсыпаць дарогу. Але справа была не ў падсыпцы, а ў тым, што спачатку трэба зрабіць водаадвод. Мы гэта зрабілі, потым паклалі асфальт, і праблема знікла.

Дэпутат падкрэслівае, што важна не проста вырашаць пытанні, але і тлумачыць людзям, як усё працуе.

— Калі чалавеку тлумачаць сутнасць працэсаў, ён разумее. І часта гатовы пачакаць, калі ведае, што яго не забылі, праблему трымаюць на кантролі. Галоўнае, каб была ўпэўненасць.

«У нас няма «Верталётных грошай»

Анатоль Булаўка — член камісіі па нацыянальнай бяспецы. Яго шматгадовы вопыт ваеннай службы дазваляе глядзець на пытанні бяспекі не тэарэтычна, а знутры.

— У нас створаны ўсе прававыя асновы для забеспячэння бяспекі краіны. Мы аналізуем ваенна-палітычную абстаноўку, прагназуем яе развіццё не толькі на заўтра, але і на месяц, на год наперад. І гэта дае нам магчымасць прымаць рашэнні з пэўным запасам трываласці.

Анатоль Булаўка адзначае, што беларускае заканадаўства аператыўна рэагуе на выклікі і пагрозы.

— Наш парламент прымае змяненні ў кароткія тэрміны. Гэта дазваляе адпавядаць выклікам сучаснасці. Калі спатрэбіцца, законы будуць прыняты яшчэ хутчэй.

Парламентарый падкрэслівае, што бяспека фінансуецца не за кошт пустых грошай.

— У гэтым, напэўна, сіла нашай дзяржавы: у нас няма «верталётных грошай», як у Еўрасаюзе, дзе могуць іх друкаваць для розных патрэб. Усе нашы рашэнні ўзважаныя і забяспечаныя рэальнымі рэсурсамі.

Асаблівую ўвагу Анатоль Анатолевіч звяртае на стратэгічнае стрымліванне:

— Размяшчэнне на нашай тэрыторыі тактычнай ядзернай зброі, комплексу «Арэшнік» — гэта элементы стратэгічнага стрымлівання. Нашы апаненты разумеюць: у выпадку агрэсіі адказ будзе імгненным і знішчальным. Дзякуючы гэтаму мы жывём пад мірным небам.

Анатоль Булаўка гаворыць, што Беларусь выгадна адрозніваецца ад іншых краін ва ўменні прагназаваць падзеі.

— Звычайна кажуць, што любая краіна рыхтуецца да мінулай вайны. Мы — выключэнне, таму што вучымся на памылках іншых — каб іх не паўтарыць. Гэтым тлумачыцца павышаная ўвага кіраўніка дзяржавы да праверкі баявой гатоўнасці. Так, ёсць недахопы, але толькі моцныя могуць гаварыць пра свае недахопы адкрыта і іх ліквідаваць. Слабыя спрабуюць недахопы схаваць.

Патрыятызм — гэта штодзённая справа

На пытанне, ці змянілася для яго паняцце патрыятызму за апошнія гады, дэпутат адказвае цвёрда:

— Для мяне не змянілася нічога. Я заўсёды ганарыўся тым, што нарадзіўся ў Беларусі, жыву тут, абараняў яе бяспеку. Цяпер займаюся гэтым на іншым узроўні. У мяне дзеці, унукі — усе тут. Гэта мой дом.

Для нашага суразмоўніка патрыятызм — гэта пра канкрэтныя справы.

— Кожны дзень рабіць хоць нешта, каб краіне было лепш. І я заклікаю да гэтага сваіх выбаршчыкаў. Калі кожны на сваім месцы будзе добрасумленна выконваць свае абавязкі — у нас усё будзе добра. А калі яшчэ і ініцыятыву праяўляць — гэта ўжо вышэйшы пілатаж.

Анатоль Анатолевіч расказаў пра ўдзел у арганізацыі «Патрыёты Беларусі».

«Мая памочніца з’яўляецца кіраўніком абласной арганізацыі «Патрыёты Беларусі». Але, натуральна, гэта накладвае адбітак і на маю дзейнасць. Я непасрэдна прымаю ўдзел у іх мерапрыемствах, у тым ліку ў розных аўтапрабегах, наведваю месцы баявой славы — нават не ў сваёй выбарчай акрузе. Лічу, што гэта важна. На сённяшні дзень абсалютна дакладна: там, дзе забываюць гісторыю, гэтая гісторыя цынічна перапісваецца пад патрэбы, неабходныя палітычным элітам. І калі мы гаворым пра Еўропу, то, на жаль, не знайшлося яшчэ ў Еўропе новага Шарля дэ Голя. А тыя лідары, якія сёння ва ўладзе, яны выконваюць толькі сацыяльныя заказы вельмі вузкай, але досыць магутнай структуры, якая звязана з ваеннай вытворчасцю і банкаўскай сістэмай. Яны абсалютна не ўлічваюць інтарэсы простых грамадзян. Вось чым мы, дарэчы, вельмі выгадна адрозніваемся ад усіх іншых, — рэзюмуе парламентарый.

«Галоўнае — не быць абыякавым»

Анатоль Булаўка даў параду моладзі, якая плануе звязаць сваё жыццё з абаронай Радзімы, палітыкай ці грамадскай дзейнасцю:

— Галоўнае — не быць абыякавым. Ёсць такі выраз (Бруна Ясенскага. — Заўв. «Зв.»): «Не бойся ворагаў — у горшым выпадку яны могуць цябе забіць. Не бойся сяброў — у горшым выпадку яны могуць табе здрадзіць. Бойся раўнадушных — яны не забіваюць і не здраджваюць, але толькі з іх маўклівай згоды існуе на зямлі здрадніцтва і забойства». Таму самае страшнае — гэта абыякавасць. Менавіта з яе маўклівай згоды адбываюцца самыя жудасныя злачынствы ў свеце.

На думку дэпутата, грошы не самае галоўнае. «Самае галоўнае — тое, што ў нас у сэрцы і ў галаве. Гэта любоў да сваёй Радзімы, да родных і блізкіх. І, зыходзячы з гэтай любові, — праца ў тых кірунках, якія забяспечваюць стабільнасць і развіццё нашай краіны».

Анатоль Булаўка — дэпутат, які не баіцца гаварыць пра складанае проста. Ён перакананы, што мір і стабільнасць у краіне — вынік штодзённай працы тысяч людзей, пачынаючы ад кожнага грамадзяніна на сваім працоўным месцы і заканчваючы вышэйшым кіраўніцтвам. І менавіта такая пазіцыя — не абыякавасць, адказнасць і любоў да Радзімы — робіць Беларусь моцнай і незалежнай.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю